Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Мадам Касіо для баявітага настрою ўспомніла апошні выпуск сваіх пансіянерак, зацягнула разбэрсаныя пачуцці ў сталёвы гарсэт грамадзянскага доўгу і рушыла ў наступ:
— Не дзеля фанабэрыі і славы, а дзеля дзяцінства! Яно глядзіць вам у вочы, яно патрабуе вашай дабрадатнасці! Вы адмаўляеце ў ласцы бязвінным дзеткам, якіх Хрыстос загадаў шанаваць найперш, бо ім належыць Царства Божае! — Мадам тыцкала пальцам, абцягнутым чорнай пальчаткай, у бязвіннае дзіця, якое зацята спрабавала сцягнуць з сябе карункавы каптурык. Але бессаромны конезаводчык толькі іранічна хмыкаў ды паўтараў:
— Мадам, мая спецыяльнасць — коні. Я не разбіраюся ў жаночых клубах... Хіба што з націскам на другі склад.
Ад падобных удараў касы аб камень высякаліся іскры. Няшчасная выкладчыкава жонка туліла да сябе немаўля, нібыта хаваючыся за яго ад маланак, якімі шпурляліся багі-алімпійцы. І тут на двары адчайна завішчэла сабака, і адразу ейны віск падхапіў магутны сабачы хор.
— Стой, сабачка, стой! — лямантавала дзесьці мадэмуазэль Нінель.
— О, мая небарака Жужу! Я іду да цябе! — усклікнула пудзеліхіна гаспадыня, з мілабожным «О, мадам!..» сунула свайго дзіцёнка на рукі дырэктарцы пансіёна і выскачыла за дзверы.
У пакоі запанавала цішыня. Крыкі і сабачы брэх расталі ўдалечыні. Мадам трымала дзіцёнка перад сабой, нібыта амфару з рэдкім віном. Няёмка прызнацца, але твар мадам Касіо чамусьці не выказваў замілавання. Магарыш таксама паглядаў на мілае дзіцятка, якое паспела сцягнуць набакір свой накрухмалены каптурык і агаліць круглую макаўку, прыкрашаную адзіным завітым чубком, з нейкім складаным пачуццём.
— У-а-а-а-а-у!
Дырэктарка ледзь не выраніла дзіцёнка. Палкоўнік у адстаўцы спрытна падтрымаў крыклівага госця на яе руках. А немаўля гарлала так адчайна, з такой крыўдай на гэты недасканалы свет!
— Супакойце яго, мадам,— раздражнёна буркнуў Магарыш.— Вы ж самі казалі, што бавіцца з такімі недараслямі — ваш грамадзянскі доўг.
— Я — дырэктар пансіёна для дзявіц,— цвёрда прамовіла мадам, робячы націск на апошнім слове.— Я не маю досведу ў выхаванні немаўлятак.
— Эк гарлапаніць,— дасадліва сказаў Магарыш і паклікаў дзеншчыка. Але той, відаць, таксама збег па сабачых справах, якія нагадвалі пра сябе аддаленым брэхам і жаночым віскам.
Мадам нязграбна гушкала падкідыша.
— А-та-та... Гэта ён вас баіцца. Дзеці адчуваюць нядобрых людзей…
— Перастаньце яго трэсці, ён і змоўкне,— адрэзаў Магарыш і наставіў на немаўля два пальцы казою: — У-цю-цю-цю-цю!
Малеча збрыкнуў нагою і патрапіў забаўніку ў тоўсты нос.
Магарыш ледзь стрымаў лаянку.
— Давайце яго мне. Ён жа мужчынскага полу. Я хутчэй з ім паразумеюся. А то, далібог, вушы закладае. Хлопец, любіш коней? Хочаш на коніку пакатацца?
Дзіцёнак адчайна супраціўляўся. Капялюш дырэктаркі, упрыгожаны страусавымі пёрамі, з’ехаў набакір і нарэшце зусім зваліўся ў суправаджэнні звонкага дажджу шпілек. Мадам Касіо расчырванелася, яе валасы, заўсёды сцягнутыя ў строгі вузел, рассыпаліся залацістымі локанамі. А вочы, не абароненыя ларнетам, былі такія разгубленыя... І светлыя... Так што ніхто не пазнаў бы з першага погляду мадам Касіо. Ды і суровага палкоўніка Магарыша, які скакаў па пакоі, трымаючы на плячах тоўсценькага капрызулю, у той час як мадам бегала за гэтай жывапіснай групай, падтрымліваючы малога кавалерыста.
— А вось мы на коніку... На коніку... Першы раз бачу кабету, якая не можа даць рады дзіцёнку! У вас што, ніколі не было ўласных дзяцей? — соп Магарыш.
— Можна падумаць, у вас цэлая куча спадчыннікаў! — агрызалася мадам.— Вы ўвогуле здзічэлі са сваімі коньмі! Цішэй, не скіньце малога! Я, прынамсі, стараюся нешта даць хоць чужым дзецям. А вы?..
— А мне часам здаецца, што коні больш вартыя шкадобы і разумення, чымсьці людзі. Ай, нешта за каўнер пацякло...