Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
Калі вярнулася легкадумная маці з ускалмачанай пудзеліхай на руках, пакінуты ёю гэтак падступна дзіцёнак бесклапотна спаў на Магарышавай канапе, а паабапал яго сядзелі пан Магарыш у турэцкім халаце і мадам Касіо без капелюша, хаця з падабранымі зноў у вузел валасамі.
— Прабачце, прабачце, але на Жужу напала зграя злосных грубых дварнякоў!
Мадэмуазэль Нінель таксама прапішчэла ў сваё апраўданне:
— Я нічога, нічога не змагла зрабіць! Іх адагналі толькі вадою!
Мадам Касіо годна ўздзела капялюш, акуратна закалола яго шпількамі.
— Думаю, наш візіт скончаны.
Мадэмуазель Нінель са здзіўленнем глядзела на ружовыя плямы на шчоках мадам і гадала, ці ўдалося ейнай ваяўнічай кіраўніцы дамагчыся патрэбнага.
Пан Магарыш сур’ёзна пазіраў на маўклівую дырэктарку:
— Да сустрэчы, мадам.
Толькі шчаслівая супруга выкладчыка прыродазнаўчых навук была цалкам паглынутая сваімі праблемамі і нічога не заўважала, спрабуючы адначасова супакоіць і раззлаваную пудзеліху, і абуджанага ад салодкага сну і невымоўна гэтым пакрыўджанага сынулю.
Калі жыхар горада Б* не мог даць рады сваім клопатам, ён абмаўляў клопаты сваіх суседзяў. І такіх выпадкаў у горадзе Б* чамусьці было амаль столькі ж, колькі жыхароў. Таму канец халасцяцкага жыцця конезаводчыка Базыля Магарыша абгаворваў увесь горад.
Адны шкадавалі небараку — узяць за сябе такую мегеру! Другія дзівіліся — якім шляхам пракралася ў кавалерыйскую душу падступнае пачуццё? На гэтае пытанне маглі б, напэўна, адказаць непаўналетнія наведнікі ясляў для дзяцей працоўных кабет горада Б*, але, на жаль, яны яшчэ не ўмелі размаўляць.
Пігмаліён і Галатэя
Скульптар Пігмаліён зрабіў з мармуру прыўкрасную дзяўчыну Галатэю і закахаўся ў яе. Багі паспачувалі яго вялі-каму каханню і ажывілі статую. Галатэя зрабілася жонкай Пігмаліёна.
Старажытнагрэчаскі міф
Горад Б*, улюбёны мой горад Б*! Як часта сумую па тваіх брукаваных вулках, і нават небрукаваных, што ператвараюцца падчас дажджоў у суцэльную куламесу. Так што даводзіцца прыстойным паненкам ахвяраваць чысцінёй сваіх высокіх чаравікаў на шнуроўцы, на далікатна выгнутых абцасіках...
А паненкам належыць ступаць па кветках і аблоках! Чарговая брудная лужына надарыла мокрым кляймом модныя, у жоўта-зялёную клетачку, нагавіцы настаўніка малявання жаночай гімназіі горада Б* пана Рамуальда. О, правінцыя! Дзе твая паэзія?
Але чароўныя цёмныя вочы дачкі дырэктара сельскагаспадарчага банка горада Б* Зоф’і Шкудровіч, пышнацелай, беласкурай багіні Зоф’і, партрэт якой мусіў да ейнага васямнаццацігоддзя папоўніць галерэю сямейных партрэтаў Шкудровічаў, несумненна тояць у сабе бездань рамантыкі! Бездань жарсцяў і тонкіх адчуванняў тояць яны! Варта толькі абудзіць усе гэтыя бездані — бо, незапатрабаваным у мешчукоўскім шкудровічаўскім асяродку, суджана спаць ім доўга і безнадзейна. Каб не ён, вольны мастак...
Пан Рамуальд самазадаволена падкруціў свае тонкія вусікі, якія зазвычай тапырыліся, як у жука, і зноў патрапіў штыблетам рыхтык у велізарную лужыну. Але ад узрушэння нават не заўважыў гэтага, як не заўважыў бруднай ніягары, што зноў папаўзла па нагавіцах, як не заўважаў шалапуцтва сваіх вучаніц, як не заўважае насмешак цёмнага навакольнага люду: «Ромка-мазідла аптэкарскі па лужынах шыбуе, як з вяселля».
Бо гэта якраз і ёсць уласцівасць праўдзіва творчага чалавека — бачыць тое прыўкраснае, чаго яшчэ няма, і не заўважаць таго паскудства, што ёсць навокал. І ёсць, на жаль, гэтак адчувальна...
Як, напрыклад, жаніх прыўкраснай цемнавокай панны Зоф’і, руды таўсматы Ганька, спадчыннік мануфактурнай фабрыкі. Сядзіць гэтае ўвасабленне банальнасці на канапе, сонна прымружыўшы вочы, назірае, як пад натхнёным пэндзлем пана Рамуальда (які на самай справе сапраўды ёсць сын мясцовага аптэкара, называны ад нараджэння Ромкам) вымалёўваюцца на шэрым паркалі антычныя рысы нявесты... Але хіба ён ведае нават такое слоўца — антычныя!
Ах, як ненавідзеў пан Рамуальд сямейныя партрэты Шкудровічавага роду! Са сцен гасцёўні пазіралі пысы, што нагадвалі пра поўныя кубельцы і скарбонкі, канкрэтнае здароўе і ўстойлівую псіхіку. Няўжо белыя пальчыкі з ружовымі пазногцікамі панны Зоф’і калі-небудзь зробяцца гэтак жа падобнымі на сасіскі, знізаныя пярсцёнкамі... Не, такога нельга дапусціць! Нездарма ж панна Зоф’я хадзіла два гады таму на курсы дэкламацыі да сталічнага артыста, што застрануў у горадзе Б* з прычыны тэрміновага апусцення кішэняў. Значыць, гарыць у ейнай душы іскрынка мастацтва! Толькі распаліць яе...