Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
Так, так. Данілка служыў афіцыянтам у рэстарацыі, дзе метрдатэлем быў ягоны стрыечны дзядзька пан Квяткоўскі. І што з таго, што згаданы Квяткоўскі быў там жа ва ўсёй красе, пры чорным сурдуце, белай манішцы і лакіраваных чаравіках? Бурыга быў не дурны. Ён выдатна разумеў, што гэта — такі самы карчмар, як ён, ды яшчэ ў чужой карчме...
Да таго ж Бурыгу клікалі наведвальнікі з пашанаю — «пан», а Квяткоўскага ў яго сурдуце падзывалі паблажліва — «чалавек!».
Дзеля праўдзівасці заўважым, што дзядзька спрабаваў уладзіць Данілку некуды вучыцца і прабыў Данілка колькі часу ў сталічнай вучэльні... І не ў адной... Але навука тамтэйшая аказалася зусім непрабівальнай для правінцыйных мазгоў.
Затое ў навуцы карчомнай Данілка быў выдатнікам.
І хутка выпадковаму наведвальніку Бурыгавай карчомкі пачало дваіцца ўваччу: два карчмары, з аднолькавымі пшанічнымі вусамі на чырвоных тварах, у аднолькавых вышыванках сустракалі яго. Зблізку ўсведамлялася, што адзін з карчмароў маладзейшы і больш жвавы і ў мове яго трапляюцца дзіўнаватыя слоўцы.
— Чіво-чіво? Гарэліцы? А вось рэкамендую вінь-шампань, не жадаеце?
— Не сцялі языком, студэнт! — грукатаў бас старэйшага карчмара, і малодшы пакорліва змаўкаў і падаваў аматару гарэлкі жаданую чарку, абавязкова перакінуўшы цераз руку бялюткі ручнік.
— Просю!
І што тыя платы і роўчыкі, якімі спрабаваў бедны Бурыга падзяліць сваё жыццё...
Эх, карчомка — са шкляным богам пабачыцца, каваную свінку купіць, як Марцін мыла, набрацца, усё забыць, і што не было, успомніць, і — грайце, музыкі, спявайце, музыкі, пра таго казачэньку, што паехаў за палі-лясы і не вернецца ніколі да дзяўчыначкі-галубы...
Стаіць карчма ў горадзе Б*, стаіць — і будзе павек стаяць такой, якой збудавалі яе прапрадзеды...
Адысей і Сірэны
Сірэны — паўптушкі-паўжанчыны, якія заманьвалі сваімі чароўнымі спевамі мараходаў на смертаносныя скалы. Толькі Адысей змог беспакарана паслухаць іх спевы, бо загадаў сваім сябрам заляпіць вушы воскам, а яго самога прывязаць да мачты.
Старажытнагрэчаскі міф
Горад Б* цяжка назваць Венецыяй. Нават сіняй травеньскай ноччу, калі яго вулкі затапляе мора веснавога водару, а цёмная лістота бэзу і язміну са светлай пенай квецені і самаму беднаму ўяўленню нагадвае хвалі...
Не, ніхто і ніколі не параўноўваў горад Б* з Венецыяй! А між тым хіба дзесьці яшчэ на свеце ёсць такія галасістыя дзяўчаты, хіба дзесьці так працінае цёплае вечаровае паветра чыстая, як месяцовы прамень, песня? А зухаватыя хлопцы горада Б*, хіба не падобныя яны да венецыянскіх гандальераў, калі плывуць іх постаці ў святочных вышыванках ля прысадаў дома, дзе жыве асабліва прыгожая паненка, і лунае над імі вечная песня вясны і кахання, якая не змянілася ад часоў Саламонавых?
Так, горад Б* спяваў не менш (а цалкам магчыма, і не горш) за тую Венецыю...
Таму нікога не здзівіла, калі Апякунства народнай цвярозасці горада Б* аб’явіла аб стварэнні хора. Акрамя дабратворнага ўплыву песеннага мастацтва на тутэйшыя норавы, хор мусіў стацца крыніцай дабрачыннага збору сродкаў на падтрыманне тых жа нораваў на адпаведнай гордаму гораду Б* вышыні.
Друзлая сцэна летняга тэатра, на якой з прычыны працякання даху і правальвання пад нагамі дошак ужо гады тры не было ніякіх тэатральных імпрэзаў, з багавейлівасцю сустрэла пятнаццаць жаўронкаў горада Б*, самаадданых прыхільніц мастацтва і, вядома ж, народнай цвярозасці.
А самаадданае служэнне мастацтву (і тым больш цвярозасці) не можа не сустрэць водгуку ў шчырым недасведчаным сэрцы...
Тэлеграфнага служачага восьмага разраду Лютыся ніхто не назваў бы дасведчаным хоць у чымсьці, гэтак жа, як горад Б* не называюць Венецыяй. Нават Лютысяў бацька, тэлеграфіст са стажам, калі глядзеў на свайго нашчадка, які лена перацягваў з кута ў кут стосы паперы, а прыпухлыя, нібыта вечна заспаныя, вочы скіроўваў пры гэтым плённым працоўным працэсэ да столі, нават гэты вытрыманы, паважаны чалавек дасадліва стукаў худым кулаком па стале:
— Пакараў жа Гасподзь мяне, грэшнага, такім ёлупнем...
Бо не выяўляў Лютысь цікавасці ні да чаго карыснага, адно да калдуноў са смятанай. Скончыў ён чатыры класы рамеснай вучэльні і быў уладкаваны бацькам на ніжэйшую пасаду гарадской тэлеграфна-паштовай службы...
У летні тэатр гарадскога парку Лютысь трапіў таму, што пачаўся дождж, што ў кішэні была прыхаваная цыгарэтка і сустракацца ні з кім не хацелася. Бо ўсе сустрэчныя заўсёды нечага ад небаракі Лютыся хацелі — каб ён ветліва павітаўся, зашпіліў каўнер, распавёў, дзе быў учора апоўдні ці заўчора вечарам, і чаму ў яго такі адсутны выгляд... Не, лепш пасядзець у ціхім спакойным месцы...