Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— Добра, паедзе са мной! Уладкуем! — Муха вырвалася з кулака ўзрадаванага хлапчыны.
— Чалавекам будзе! — шчасліва плакала цётачка Марыся на базары і перад царквой у гаманлівым коле кабетаў.
А наведвальнікі Бурыгавай карчомкі шэптам паведамлялі адзін аднаму, што Данілка вучыцца ў самой Маскве, пад апекай дзядзькі, такога важнага пана, і сам будзе панам, і будзе ганарыцца ім горад Б* і асабліва гэтая карчомка... Дык вып’ем жа, спадарства, за здароўе нашых дзяцей, каб гэтак жа пашчасціла ім, як нашчадку карчмара!
І прыязджаў на летнія вакацыі ў родны горад паніч Данііл, і з кожным годам круглеў ён і мажнеў і блішчэў ягоны твар, а прабор у кучаравых валасах быў усё больш роўны і набрыялінены. Дзе там тыя вышыванкі! Сурдут, шаўковая кашуля з гальштукам, першыя вусікі, першыя цыгарэты! Хоць і каштавала тое вучэнне, вынікі былі наяве. Данілка з веданнем справы даваў бацьку парады па найлепшым ўладкаванні карчомнай справы, сам пераглядаў разліковыя паперы. Мова сталічнага навучэнца цяпер была перасыпаная элегантнымі «чиво», «как-то так-то», «опридилённо». Да мясцовых дзяўчатак ён звяртаўся не інакш, як «мамзэлі», а да былых сяброў і ўвогуле незразумела-вытанчана: «Мон амі».
— Опридилённо, мон амі,— казаў Данілка ўважлівым слухачам,— ёсць у мяне там добрыя перспектывы. Дзядзька ўладкаваў каля сябе, как-то так-то і яго месца займу...
Што то за месца, чым займаецца Данілка ў горадзе, ніхто дакладна не ведаў, нават бацькі. Сам юнак адказваў няпэўна: «Мы па гандлёва-эканамічнай частцы». Але ж горад Б* не быў ізаляваны ад гэтага «вялікага свету». Вось і дырэктар мужчынскай гімназіі пан Вярэдзіч, што некалі не спакусіўся зместам тоўстага партманета карчмара, наведаў Маскву... «А можа, Данілку там сустрэне?» — марыў Бурыга і ўяўляў, як у нейкай важнай канторы спаткае ганарлівы дырэктар шыкоўнага Данілку, і сумеецца, і як з роўным прывітаецца...
Між тым прыехаў «на пабыўку» і сам Данілка, які ў свае васямнаццаць выглядаў на добрых дваццаць пяць.
— Вы, папа, зусім прагарыце,— ракатаў малады басок сына.— Што гэта за музыкі, вобче говоря, нейкія полечкі... Вы б заказалі сабе музычную машыну. Ручку пакруціў — і грае вальсу ці раманс. Вы, папа, ведаеце, што такое вальса?
Замілаваны Бурыга паслухмяна хітаў галавой, аднак і не думаў нешта мяняць у адладжанай гаспадарцы. Ён справядліва лічыў, што карчма горада Б* можа быць толькі такой, якой упадабалі яе многія пакаленні жыхароў, з усімі яе драўлянымі лаўкамі і штофамі, з яе традыцыямі і паданнямі: пра карчомнага скрыпача Гірша, які пераіграў заезджую сусветную знакамітасць, пра п’янтоса Чарацілу, які цалаваўся з русалкай і ад таго зрабіўся задумлівы, пра красуню Ксеню, па ад’ездзе якой піва ейнага жаніха, мясцовага півавара, тры гады гарчыла...
А як урачыста ішло сямейства Бурыгаў да царквы ў нядзельны дзень! Як важна шпацыравала маленькая кругленькая цётачка Марыся паперадзе сваіх мажных высокіх мужчын! І зусім недарэчы было сутыкнуцца ля царквы з дырэктарам гімназіі, і зусім незразумелым быў яго іранічны паклон у бок абсурдучанага Данілкі, і не да месца паблажлівыя словы:
— А, малады чалавек, не забываеце, так бы мовіць, родныя пенаты? Маскоўская служба клопатная, так-так... Ну ды кожнаму сваё...
Але яшчэ больш незразумелымі былі паводзіны Данілкі, які пры сустрэчы з панам Вярэдзічам памкнуўся ўцячы і, мабыць, упершыню ў жыцці сумеўся, зачырванеўся і страціў мову.
А на другі дзень зазбіраўся «на службу».
Ну не дурань жа быў Антось Бурыга! Змог жа ён утрымаць бацькоўскую карчму і ўладкаваць яе і прыбытак добры мець. І не маглі ў яго не ўзнікнуць некаторыя сумлівы наконт таямнічай вучобы-службы сыночка...
І аднойчы зачыніў Бурыга сваю карчму, на гора мясцовым заўсёднікам, і паехаў у далёкі горад Маскву, прытрымліваючы левым локцем тоўсты партманет у глыбокай унутранай кішэні пінжака. Што здарылася з шаноўным карчмаром у тым горадзе, дакладна невядома. З асобных выказванняў звычайна гаваркой цётачкі Марысі можна скласці толькі прыблізную карціну...
Тлум і гуд Масквы, пэўна, не здзівілі патомнага карчмара. А вось тое, што па адрасе, куды ён столькі гадоў адсылаў грошы, знаходзіўся рэстаран, здзівіла, і непрыемна. Пані з аголенымі плячыма, паны ў зграбных сурдутах знікалі за дзвярыма, якія паслужліва адчыняў барадаты дзядзька ў шыкоўным мундзіры. Адчыніў ён дзверы і перад карчмаром горада Б*.
— Просю за столік.— Малады чалавек у белай кашулі і шэрай шаўковай камізэльцы, з перакінутым цераз руку ручніком вынырнуў аднекуль збоку...