Зразумела, што месца гэтае не самае прыдатнае для рамантычных спатканняў, філасофскіх разважанняў ды сяброўскай гутаркі.
Тым больш калі наведвальнікі згаданай установы п’юць шмат піва...
Аднак задні двор знакамітай Бурыгавай карчомкі ў горадзе Б* не падпадаў пад такое вызначэнне.
Хаця б таму, што такога двара як бы і не існавала.
Цікаўнага сустракаў высокі шчыльны плот, спраўляць малую патрэбу ля якога перашкаджаў акуратны глыбокі раўчук. За плотам бачыліся пышныя кусты бэзу — у адрозненне ад сухіх галінак пад вокнамі самой карчмы. Жыццё гэтай піцейнай установы падзялялася на дзве палавіны. З аднаго боку, так бы мовіць, з фасада, была непасрэдна карчма, зала, поўная наведвальнікаў, дзе гучала зухаватая музыка; сам пан Бурыга, паважны, вусаты, гучнагалосы; келіхі, штофы, разныя дубовыя сталы і лаўкі, вечны гуд ды гром.
А з другога боку... З другога боку ішло годнае сямейнае жыццё Антося Бурыгі, бо няма ў карчмара іншага дому, як карчма, і ў дзяцей яго не будзе... І ці дапамогуць тут платы, раўчукі і сабакі?..
Але пастараўся пан Бурыга, каб мяжа між двух яго жыццяў была як мага большай ды непранікальнай. І ніхто не бачыў цётачкі Марысі, заўсягдайкі царквы і кірмашу, на той палове ейнага дома, дзе пілося, лілося і спявалася. Не спяшалася яна ў якасці карчмаркі-весялухі да нецярплівых наведвальнікаў з пеннымі келіхамі, не сварылася на безграшовых аматараў гарэліцы, не падміргвала зухаватым музыкам, каб паддалі жарсці, каб заглушылі нечы тужлівы лямант аб незваротнай салодкай маладосці ды горкім сталым жыцці...
Хоць елі ды нахвальвалі наведвальнікі стравы, прыгатаваныя цётачкай Марысяй, але не была яна карчмаркай. Зумкала пчолкай на заднім двары, абгароджаным высокім плотам, гадавала свае кветнікі ды любага сыночка-званочка, кучаравенькага анёльчыка Данілку. А якім разумненькім ён рос! Ну хіба месца такому ў карчме!
І збіраў грошы Антось Бурыга, адкладваў старанна, каб не меў сынок патрэбы ў грэшным карчомным рамястве, каб выйшаў у людзі! Ды не тут, у горадзе Б*, а недзе там, дзе не карчомкі, а вялікія рэстарацыі з шырокімі люстранымі вокнамі, дзе жыве далёкі сваяк, стрыечны брат цётачкі Марысі, пан Квяткоўскі, які ходзіць у сурдуце і цыліндры, курыць тонкія, як саломіна, цыгарэткі, а на пытанні пра занятак з годнасцю адказвае: «Я, брат, чыноўнік высокага класа, служу на карысць грамадству».
А пакуль малодшы Бурыга рваў кашулькі-вышыванкі ў хмызняках, што на ўскраіне горада Б*, і ўзначальваў атрады непаўналетніх тутэйшых жыхароў у вечных хлапечых войнах ды іншых забавах, прыдумляць якія быў вялікі майстар.
Чатыры гады настаўнікі пачатковай вучэльні горада Б* перад тым, як увайсці ў клас, узносілі Госпаду малітву, каб сёння той неўтаймаваны, распешчаны карчмаронак ляжаў дома з ангінай. Але чырванашчокі Данілка вызначаўся добрым здароўем. І дацягнуў да сканчэння вучэльні.
Тады пан Антось Бурыга надзеў пінжачную пару, абсалютна новую, і капялюш, і лакіраваныя чаравікі і паклаў ва ўнутраную кішэню пінжака тоўсты-тоўсты партманет. І пайшоў да дырэктара мужчынскай гімназіі горада Б* пана Вярэдзіча. Праз тыдзень пачыналіся ўступныя іспыты ў гімназію. Бедны пан Бурыга! Бедны дырэктар — столькі праклёнаў з вуснаў патомнага карчмара вытрывае не кожны.
І па граматыцы, і па арыфметыцы, і па Законе Божым юны Данііл Бурыга атрымаў адзнакі цвёрдыя, але незадавальняючыя.
Заставалася два шляхі. Казённая рэальная вучэльня і духоўная семінарыя. На жаль, навукі прыродазнаўча-матэматычныя, якім аддавалася перавага ў вучэльні, былі найменш даступныя інтэлекту Данілкі, а быць святаром... Антось Бурыга задуменна глядзеў на жыццярадасную фізіяномію сына і мімаволі скептычна хітаў галавой.
Заставалася спадзявацца на вышэйшую справядлівасць. І яна з’явілася — у асобе згаданага напачатку дзядзькі Квяткоўскага, пры цыліндры, сурдуце і тонкай цыгарэтцы. Пан Квяткоўскі паважна пацягваў густое піва швагра, адставіўшы мезенец з вялізным залатым пярсцёнкам, і паглядваў на сціпла расчасанага на прамы прабор Данілку. Той у новай вышыванцы ціхенька сядзеў у куце і чакаў вырашэння свайго лёсу, час ад часу крадма душачы неасцярожных мух.