Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Публицистика » Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]

Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:

Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
1 ... 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125
Перейти на страницу:

А Менск далей жыве ў сваім рытме…

„Забярыце мяне замест яго!“

Ларыса Соўсь, 79 гадоў:

— Я ўвогуле на гэты марш не ішла. Я хаджу на маршы пэнсіянэраў, гэта так. У той жа дзень, 6 сьнежня, я ішла проста гуляць па сваім раёне. Некалькі гадоў таму мне зрабілі складаную апэрацыю, і мне проста трэба шмат рухацца. І я штодзённа раблю такі шпацыр па сваім раёне.

Я выйшла дзесьці каля 12, гуляла па сваіх вуліцах. Зрабіла адно кола, пайшла на другое і каля новай станцыі мэтро „Кавальская слабада“ я пабачыла людзей і спынілася паглядзець, чаго яны сабраліся. І раптам людзі сталі ўцякаць… Адна хвіліна, сэкунда, напэўна… І проста мора людзей у чорным адзеньні і з аўтаматамі. Яны беглі ў арку дому на рагу Варанянскага і Жукоўскага, даганялі маладых людзей, якія ўцякалі. І празь нейкі час я пачула стрэлы. А потым сталі выводзіць людзей з гэтай аркі да аўтобусаў.

Нармальная рэакцыя кожнага чалавека, асабліва жанчыны майго ўзросту, якая мае дзяцей, унукаў, гэта крычаць: „Што вы робіце?!“ Людзі крычалі: „Фашысты!“ Потым я бачу — вядуць чалавека, рукі за сьпіну скруцілі, у кайданках. Бачыць гэта немагчыма. Кожны чалавек адразу ўяўляе свайго сына ці ўнука на ягоным месцы. Я стала крычаць: „Забярыце мяне замест яго!“

Яны вялі іх да бусаў, і мы, жанчыны, ішлі за імі. І калі я сказала: „Бярыце мяне“ — яны не хацелі. Але іхны нейкі вялікі начальнік сказаў браць. Яны мяне схапілі і павялі да мікрааўтобуса. Ад іх моцна пахла гарэлкай. Менавіта не перагарам, а тым, што яны зараз выпілі. Гэта было чуваць.

У гэтым мікрааўтобусе была жанчына, якая выйшла з мужам гуляць, яна крычала: „Дзе мой муж, дзе мой сын?“ Выйшла гуляць і сустрэла там сына. І ў гэты момант выскачыла гэтая зграя, сталі ўсіх хапаць, і яна стала бараніць свайго сына. Яна думала, што яе з мужам схапілі. Але пасьля, калі мы ўжо прыехалі, высьветлілася, што мужа не ўзялі, а сына дваццацігадовага ўзялі.

Хто там быў, усіх хапалі без разбору, незалежна ад таго, ці ты ўдзельнічаў, крычаў — не крычаў. І яшчэ быў чалавек, які… Я гэта ўсё бачыла на свае вочы, а калі ты бачыш — гэта шок, перажыць проста немагчыма. Сядзеў чалавек, рукі за сьпінай былі зьвязаныя нейкім плястмасавым жгутом. Ён увесь час прасіў: „Разьвяжыце, мне нязручна“. Яны кажуць: „Мы ня можам, гэта можна толькі кусачкамі“. У яго была парваная куртка і вельмі вялікі сіняк фіялетавы пад вокам. Гэтае вока апухала проста на вачах.

Нас павазілі па горадзе, спыніліся і перасадзілі ў іншы, большы аўтобус. Там ужо было значна болей людзей, якіх яны недзе назьбіралі. І прывезьлі ў гэтае Кастрычніцкае РУУС. Мы спусьціліся кудысьці ў цокальны паверх. Там селі, нас сталі ўсіх апытваць. Амаль усе людзі былі з вышэйшай адукацыяй. Там быў малады доктар, ну відаць, што малады. Ён сківічна-тварны хірург. Быў яшчэ адзін лекар. Быў асьпірант кітайскай мовы, у асьпірантуры ў Кітаі вучыцца. Словам, эліта краіны. Нармальныя, адэкватныя людзі. Ніякія ня п’яніцы.

Адзін чалавек быў выпіўшы, яго пасьля прывезьлі. Я думаю, выпадкова. Ён, відаць, пабачыў, як хапаюць людзей, і нешта ў такім стане мог і сказаць. Заадно яго і захапілі таксама. Відаць было, што ён чалавек выпадковы там.

Потым бачыла аднаго мужчыну ў блакітнай куртцы, амонавец на яго паказваў пальцам: „Гэты, гэты і гэты!“ На траіх. Значыць, яны быццам супраціўляліся, а астатнія не. Дык вось у сіняй куртцы быў чалавек, які быў у вельмі кепскім стане. Людзі прасілі: „Выклічце лекара, яму кепска, у аўтобусе ён двойчы траціў прытомнасьць“. Але „хуткую“ выклікалі зусім ня хутка. Гадзіны чатыры, напэўна, ён там прасядзеў.

Яшчэ перада мной сядзеў малады хлопец, яму прастрэлілі сьцягно. Я сядзела за ім і бачыла, як увесь час капала кроў на падлогу, кропелькі крыві. І яшчэ ён казаў, што каля самага вуха яму куля прайшла, але, дзякуй Богу, не закранула.

У міліцыі, мяркуючы па ўсім, нікога ня білі. Іх прывезьлі ўжо пабітых. Мяне ніхто не чапаў, відаць, праз мой такі ўзрост. Я інвалід другой групы — яны ж усё гэта перапісвалі.

Мяне адпусьцілі, я ноч ня спала. І я ўвесь час думаю: ну як, як такое можа быць? У нармальнай краіне, Беларусі. Беларусы столькі гора перажылі ў сваёй гісторыі. Вось я вам скажу, у маёй асабіста сям’і: я з 1941 году, тры месяцы мне было, калі вайна пачалася. Маме прыйшлося са мной маленькай і братам ісьці ў вёску да сястры, уцякаць зь Менску, бо бамбілі. І там мы засталіся. Хоць там ужо былі немцы. І быў загад сабрацца ў гета. Усім габрэям, потым іх усіх зьнішчылі. А мама мая была габрэйка. Дык вось: ніводзін чалавек у вёсцы ня здрадзіў. І гэта было небясьпечна для ўсіх людзей. Вось такія беларусы. Мой тата ваяваў, быў паранены пад Сталінградам. І нягледзячы на гэта, на тое, што яго сям’я столькі перажыла ў часе вайны, калі ўжо вайна скончылася і мы ўжо жылі на Ленінградзкай у Менску, наш дом дабудоўвалі палонныя немцы, і мой тата іх падкормліваў. Я гэта добра памятаю. Іншы сказаў бы: „Гэта фашысты, яны нам столькі гора прынесьлі“, а ён разумеў, што гэта простыя людзі, гэтыя салдаты. Значыць, у беларусаў ёсьць вось такая рыса, такая дабрыня. Яна многім людзям уласьцівая, але беларусам асабліва. Таму я і думаю: ну як, як у нас цяпер могуць быць такія людзі? Няўжо ў іх ёсьць маці? Калі яны ведаюць, што іхныя дзеці ладзяць сафары на людзей, забіваюць, зьнішчаюць, нявечаць. І ім усё беспакарана.

1 ... 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)