Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Мы кожны дзень, а ня толькі ў нядзелю, павінны выходзіць на плошчы і самі, мірна і добраахвотна, як гэта рабілі палякі яшчэ ў васьмідзясятыя, заходзіць у аўтазакі. Мірна, добраахвотна, тысячамі, дзясяткамі тысяч — у аўтазакі. Іншых спосабаў перамагчы лукашызм у нас проста няма. Праз пару дзён нас бы ўжо не затрымлівалі. А яшчэ праз тыдзень усеагульнай забастоўкі і штодзённага выхаду на плошчы хаця б мільёна людзей па ўсёй краіне рэжым нашага аграфюрэра паў бы.
Калі вароты турмы ўжо адчыняліся, наглядчык, які праводзіў нас, па-добраму і шчыра сказаў нам: „Посьпехаў вам, хлопцы, і бывайце!“
„Мы не разьвітваемся, — сказаў я яму, — хутчэй за ўсё, мы яшчэ вернемся, таму што спыняцца не зьбіраемся. Бо калі мы спынімся — нам усім канец…“
У першага стрэчнага я папрасіў патэлефанаваць. Праз 15 хвілін пад’ехала мая жонка, абняла мяне, пацалавала і сказала, што я дурань. Я зь ёй згодны.
„Сядзім ціха, не вызіраем, бо ў вокны сьвецяць ліхтарамі“
Сьведка:
— Тут ня будзе адрасоў і імёнаў, у мэтах бясьпекі мы нават не абменьваліся кантактамі, але ўсе героі і лічбы рэальныя.
Мы ў гасьцях у нейкай з кватэр на „плошчы Пераменаў“. Нас 15 незнаёмцаў. За вакном чуваць, як б’ецца шкло: зьнішчаюць мэмарыял памяці Рамана. Мы сядзім ціха, не вызіраем туды, бо ў вокны сьвецяць ліхтарамі, выглядваюць цені, шукаюць, дзе ёсьць людзі. Сама „плошча“ ў ачапленьні.
Мы ціхенька размаўляем, думаем, як будзем дабірацца праз пару гадзін дадому. У гэты момант да нас далятаюць навіны, што нелюдзі ў чорным пачынаюць хадзіць па кватэрах, грукацца ў дзьверы, пагражаць уладальнікам кватэр выламаць дзьверы. Патрабуюць пашпарты з прапіскай і праводзяць незаконныя ператрусы ў кватэрах. Мы выключаем сьвятло, сядзім ціха. Вакол „плошчы“ сама меней шэсьць бусікаў зь ціхарамі.
Стук у дзьверы. Нас няма. Другі, больш настойлівы. Тузаюць ручку. Моцны грукат, магчыма, дубінкай. У іншай кватэры паводзілі сябе ня так ціха, ім давялося адчыніць дзьверы. Нам жа пашанцавала, паверылі і сышлі.
Выведка данесла, што езьдзяць на ліфтах, падымаюцца на верхнія паверхі і зноў прачэсваюць увесь дом па лесьвіцах. Думаем, як выбірацца. У гэты момант даведваемся, што на выхадзе правяраюць пашпарты. Так, вы ўсё дакладна прачыталі. Пашпарты, на ўваход і на выхад. Глядзяць прапіску; калі не супадае з адрасам дома — арыштоўваюць і адводзяць у бус. Хлопцы зь іншай кватэры паспрабавалі прыкінуцца жыхарамі. Не пракаціла, усіх забралі. Паркоўка ачэпленая, машыны аглядаюць, нават багажнік, каб там не вывозілі людзей. Нелюдзі ўсё гэтак жа прачэсваюць дом, стукаюць па лесьвіцы дубінкамі, каб мы ведалі, што яны там. Робяць другое кола і стукаюць у суседнія дзьверы.
Мэмарыял прыбраны цалкам. У нейкі момант пад’ехаў хлопец на таксі, паклаў адну кветку. Праз хвіліну яго забралі. Гісторыя паўтарылася пазьней, а 5-й раніцы, з маладой парачкай. Усклалі кветкі, хвіліна — у бус.
Гаспадары неймаверныя: накармілі, макарона па-флёцку, гарбата, кава, зладзілі начлег, раніцай смачная каша. Хачу паставіць ім 5 зорак на Airbnb, але не знайшоў іх кватэру там. Жартуем, у якія дні нам змогуць перадачкі ад сваякоў прывезьці? Ужо ўпэўненыя ў тым, што адным днём гэта ня скончыцца. Яны сьцяну ахоўвалі кругласутачна, а тут цэлыя кватэры цудоўных людзей, непарадак. Зноў жартуем, што ў нас вечарынка інтравэртаў, усе маўчаць і сядзяць у цемры.
Сяк-так выспаліся, з камфортам разьмясьціліся ўсе ў пакоі. У гэтай кватэры далей небясьпечна, дамаўляемся зь іншай, насупраць. Там ужо 20 чалавек, мы басанож і з рэчамі ў руках, каб не шумець, перабягаем туды. Нас 35. Спрабуем прыдумаць плян, нарэшце знайшлі зарадку для тэлефону! (У такіх выпадках рэкамэндую браць яе з сабой заўсёды.) Зьвязваюся з усімі, хто можа дапамагчы: прававы дэфолт, законы не працуюць, ніякіх правоў ніхто не трымаецца і ўсе бясьсільныя.
Чаты думаюць зьбіраць натоўпы, каб прыйсьці на „плошчу Пераменаў“, ідуць спэцыяльныя ўкіды пра канцэрты і іншыя рэчы, каб адцягнуць ад нас увагу. У нейкі момант ачапленьне здымаюць. Мы чакаем, мясцовыя жыхары зноў ідуць у выведку. Усё чыста, пашпартны кантроль зьняты, патрулёў няма. Дамаўляемся выходзіць усе ў 9:25 (адначасова, каб не змаглі ўсіх узяць). Навіна хутка разносіцца ўва ўсе дамы, на вуліцу выбягае ня менш за 200 чалавек. Не зрабіў фота, было не да гэтага. На вуліцы ўжо шмат машын неабыякавых людзей, з адной зь іх крычыць дзяўчына, каб мы садзіліся. Заскокваем, рэзка торгаемся зь месца і зьяжджаем. Даведваемся, што побач з намі ў нейкім падвале сядзела каля 50 чалавек, без сьвятла, без прыбіральні. Разумею, што нам яшчэ пашанцавала...
А вакол кіпіць жыцьцё, людзі едуць на працу, бо нічога ня здарылася, іхны сьвет не зьмяніўся, для іх усё гэтаксама няма вайны, зьверстваў і забойстваў. А я ў гэты момант пішу ўсім родным, што са мной усё добра. Знаходзім сябе ў сьпісах зьніклых, бо мы былі бяз сувязі.