Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
У савецкай палітыцы і прапагандзе адбывалася звычайная для іх зьява п а д м е н ы, калі ахвяры і героі памяняліся месцамі — ахвяраў зрабілі героямі, а герояў ператварылі ў ахвяры. Першых ганаравалі зоркамі, а другіх звозілі на Калыму, Варкуту, Курапаты. То была палітыка і лёгіка бальшавізму, зразуметая, аднак, праз шмат гадоў пасьля.
Сапраўды, няшчасная краіна, якая мае патрэбу ў героях, як пісаў Бэртольд Брэхт.
Мяне цікавілі подзьвігі іншага кшталту — подзьвігі духу. З часоў Iсуса Хрыста і першых хрысьціянаў дух стаў немалаважным фактарам у барацьбе за выжываньне нацый ці этнасаў, — ня меней важным за фізычную сілу, якая ў старажытнасьці вырашала ўсё. Ды і ў самой літаратуры
ўсё большую прыцягальнасьць набывалі, так бы мовіць, подзьвігі інтэлігенцкія, а ня толькі салдацкія. Апошнія былі як бы трывіяльнай справай, тым больш на вайне. Калі ж подзьвіг зьдзяйсьняе той, хто прызначаны зусім для іншае, мірнай справы, тое ўжо ёсьць штось выключнае і набывае асаблівае значэньне. Хаця практычны вынік таго часта бывае нулявы. Як нулявы быў у прагматычных адносінах подзьвіг Януша Корчака ці настаўнікаў зь югаслаўскага гораду Крагуевацу, што разам са сваімі выхаванцамі пайшлі на пагібель. Вядома ж, на вайне сьмерць ёсьць зьява заўрадная.
У Беларусі таксама былі такія настаўнікі, хоць пра іх мала ведалі, прапаганда пра іх маўчала. Бальшавікі не прызнавалі высілкаў нацыянальнага настаўніцтва ў справе школьніцтва на акупаванай тэрыторыі. Настаўнікі, якія на той час вучылі дзяцей, не давалі зьдзічэць цэламу пакаленьню, лічыліся калябарантамі, і пасьля вайны нярэдка з вучнямі апыналіся ў Пячорлагу. Беларускі настаўнік Барыс Кіт за сваё самаадданае школьніцтва сядзеў у Лукішках пры польскіх уладах, у Вілейскім цэнтрале СД — пры немцах. Каб не апынуцца ў савецкім лягеры пасьля вайны, змушаны быў эміграваць на Захад. I ўсё таму, што ў гады юнацтва прыняў поклік вучыць дзяцей дабру і справядлівасьці і не адцураўся ад беларушчыны. Вельмі гэта важная і небясьпечная справа — беларускае настаўніцтва. Калі, канешне, быць ёй верным, не ператварыцца ў «прывадны рамень» бальшавіцкай палітыкі, як гэта мы назіралі ўсе гады савецкай улады.
«Абеліск» напісаўся лёгка, як прынята казаць — на адным дыханьні. Надрукаваўся ў Менску таксама безь вялікіх стратаў. Можна было перакладаць на расейскую мову, з чым, аднак, я марудзіў. Самому дужа не хацелася, думаў знайсьці лепшага за сябе перакладчыка.
Неяк пад той час давялося пазнаёміцца з расейскім паэтам, пяхотным разьведчыкам Рыгорам Куранёвым, які надрукаваў цікавую паэму «Рака Палата» — пра баі на Полаччыне. Ён быў прыязны, кампанейскі хлопец, меў добрую жонку Галю і сынка Сашку, і я, калі бываў у Маскве, здаралася, бавіў час у яго гасьціннай сямейцы. Галя, будучы выдавецкім работнікам, узялася перакласьці гэтую невялічкую аповесьць. «Новый мир» хутка яе надрукаваў, — праўда, ужо пры новым рэдактары.
Гэтую аповесьць я прысьвяціў памяці маладога настаўніка зь Мядзельшчыны Міколы Пашкевіча. То быў выдатны настаўнік — энтузіяст беларушчыны, бясконца захоплены літаратурай. Неяк мы ехалі на Нарач у госьці да старога Міхася Лынькова, прозу якога Мікола дужа любіў. Месца ў машыне для яго не было, дык Мікола папрасіўся ў багажнік, дзе, скорчыўшыся, ехаў добрых паўсотню кілямэтраў і казаў: «Як жа я яго не пабачу, ён жа такі старэнькі…». Тады ён пабачыў Міхася Ціханавіча, а праз паўгоду нечакана і памёр — раней за свайго куміра.