Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Абучалі тры месяцы. Ну там — сувязь, кансьпірацыя, шыфры-коды і парашутная справа. Тэарэтычна, вядома. Курсанты — усе такія, як я, пераважна сувязісты. Між сабой ніякіх размоў, толькі пра вучобу. Але ўпэўнены — усе думаюць адно: толькі б дапяцца да фронту.
Раньняй вясной пачалі адбіраць, кудысь вывозіць па 2–3 чалавекі. Надышла і мая чарга. Выпала ў пары зь Лёшкам Кнышом. Хлопец такі, малады лейтэнант зь Віньніцы. Снарадзілі рацыі, шыфры, грошы па тры пачкі, запасныя батарэі. Надзелі парашуты і — у самалёт. Перад адлётам — заданьне: пранікнуць у горад Горкі, уладкавацца на вайсковы завод. I наладзіць сувязь. Яволь, гер маёр, наладзіць сувязь.
Доўга ляцелі праз ноч. Зямля ўнізе, за аблокамі ні чарта не відаць. Нарэшце каманда: шпрынген! Пайшлі — чорт ведае куды. На злом галавы. Прызямліліся ў полі, блізка лясок. З другога боку вёска.
Раней мы з напарнікам нават не пагутарылі — неяк было. Што ён думае — невядома. Але можна здагадацца. I я кажу: „Капут, Лёха! Айда ў вёску, папытаемся, дзе сельсавет і — хэндэ хох!“
Пайшлі ў вёску. Усё начыньне з сабой, толькі парашуты кінулі. Бо занадта на горбе набралася. У вёсцы спыталі ў цёткі, дзе сельсавет? Не сказала. Толькі паглядзела падазрона, спалохана. Папыталіся ў падлетка. Той кажа, што тут сельсавету няма, у другой вёсцы, кілямэтраў празь пяць. Што ж, пайшлі ў тую вёску. Па дарозе-прасёлку. А ўжо добра разьвіднела. Iдзём, на душы трывожна. Але трывожна цяпер заўсёды…
I тут ззаду фурманка. Думаем, ну падвязуць. Трое мужыкоў, адзін у вайсковым. I да нас: хто такія, вашы дакумэнты? Мы кажам: ідзём у сельсавет, там пакажам дакумэнты. Э, не — рукі ўгору! Што было рабіць? Паднялі рукі. Тыя абшукалі і аж задрыжэлі ад страху ці радасьці, — дывэрсанты! Так, дывэрсанты, кажам. Iдзём здавацца.
Прывезьлі ў раённы НКВД ужо са зьвязанымі рукамі. Дакладваюць: злавілі на дарозе. Лухта, канешне, але ім вераць, а нам не.
Ну а далей пайшло, паехала. У раён, у Горкі, адтуль у Маскву. Камэры, допыты, чэкісты. Зь Лёшкам нас разлучылі, ня хутка я яго ўбачыў. Шылі, вядома ж, адно і тое: здача ў палон, здрада радзіме, шпіянаж і дывэрсіі. Я кажу: які ж шпіянаж, мы ішлі здавацца. Ды на тое — нуль увагі. Але адчуваю, у іх там нязгода паміж сабой. Найперш — хто затрымаў? Пра тых мужыкоў на дарозе ўжо няма і гутаркі — у пратаколах фігуруюць два — маёр і падпалкоўнік. У тое, што мы ішлі здавацца, ня вераць. Затрыманы ў зоне аб’екту. Якога аб’екту, мы і ня ведалі. Кажуць: няведаньне закону не вызваляе ад адказнасьці. Такія законьнікі. Я ўжо прашуся: пашліце на фронт. Сваю віну іскуплю крывёю. Нават жыцьцём гатовы іскупіць. Ого, чаго захацеў, кажуць. Тваю віну іскупіць ня хопіць усёй крыві. Каб вы апруцянелі, думаю.
Аднойчы раптам — на машыну і ноччу ў нейкі гарадок. Высокі забор, драцяная агароджа. Але не турма быццам. Побач нейкія казармы. Тут нас зноў злучылі з Лёшкам. Прывезьлі ўсё нашае снараджэньне. Аказваецца, рыхтуецца так званая радыёгульня. Мы павінны выйсьці на сувязь зь нямецкім цэнтрам А-3. Ну, пачалі… I праўда, выйшлі на сувязь. Але здарылася няўпраўка — я забыўся адзін пароль. Прыпынілі сувязь, мяне хацелі расстраляць тут жа. За сабатаж. А я і праўда забыўся. Што, я дужа трымаў яго ў памяці ці зьбіраўся ім карыстацца? Але во дзіва: як прыпякло — успомніў. Ну, пачалі зноў… Думаў, немцы здагадаліся. Не, быццам. Увогуле яны нездагадлівы народ. На тым і гарэлі…
Трэці заход пачаўся лепш, ды і маёр Трацякоў пачаў нешта цяміць. Здагадлівы аказаўся. Пачалі перадаваць нейкую зашыфраваную лухту, быццам па выпуску танкаў, таўшчыні брані — лабавой і бакавой асобна. Немцы прымалі, нават дзякавалі за каштоўныя зьвесткі. Так доўжылася зь месяц. А пасьля загад з А-3: вярнуцца назад спосабам пераходу фронту. Ну, думаю, правал! Штось западозрылі. Значыць, канчай баль, тушы сьвечкі. Можа, цяпер пашлюць на фронт або расстраляюць. Аж не. Да нашага Трацякова падключыліся яшчэ два падпалкоўнікі і кажуць:
„Трэба пайсьці. Так патрабуюць правілы гульні. Тым болей, што ўказана месца пераходу, пароль. (Памятаю, пароль — Вільлі.) Чаго трусіш? Усё гут!“
Паслалі аднаго, Лёшка застаўся. Прывезьлі на фронт пад Дзямянскам. Ноччу падпоўз да перадку. Сьнег, калючы дрот і — ракеты смаляць у неба. Ля ўскраіны пабуранай вёскі, дзе дзьве вербіны, папоўз. У полі поўна трупаў — нашых і немцаў, а між іх — пацукі. Тыя пацукі — да мяне. Beдама ж, жывы, цёплы… Адбіваюся рукамі і нагамі. Падпоўз блізка да нямецкай траншэі, бачу, быццам каска над брустверам вытыркаецца. Ня ведаю, як быць: ці паўзьці проста туды, ці крыкнуць пароль. Усё ж крыкнуў так ціха: Вільлі! А той у мяне — гранатай. Граната ўдарылася, адскочыла і — выбух. Засыпала сьнегам, але не зачапіла. А я ў той момант — бухнуўся ў траншэю і ўсё лепячу: Вільлі, Вільлі… А немец да мяне: „Які д’ябал (дэр тойфель) Вільлі? Iх бін — Рудзі!“. Усё пераблыталі, немаведама хто — ці нашы, ці немцы. Хаця тут ужо і ў мяне ў галаве пераблыталася — хто нашы, хто ня нашы. Але не застрэлілі на нэўтралцы, і то добра.