Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Ну павезьлі ў тыл. Пароль „Вільлі“ ўсё ж падзейнічаў, ня тут, дык у гестапа. Прывезьлі ў каманду А-3, абвэршуле, значыць. Там сходу — допыты. Ды такія, што куды там нашым! Ня ведаю, як мне пашэнціла выкруціцца, не засыпацца. Чаму доўга маўчалі, не выходзілі на сувязь? — Дык жа ня вырвацца, кажу, з вытворчасьці танкаў. За прагул жа ў бальшавікоў — турма, пастанова Вярхоўнага Савету, самога Калініна. — О, яволь, гэта яны ведаюць. А чаму раптам прыпыніўся першы сэанс сувязі? — Кажу: — за горадам у парку было. Толькі раскінулі антэну, а тут аднекуль жанчына, прэ на мяне. Дык я, ведаеце, спусьціў штаны, быццам патрэба прысьпічыла. Ну, яна ў другі бок… — О, гут, правільна, спрытны агент!
Пасьля яшчэ розныя іспыты-допыты. Падаслалі правакатара з нашых жа. Усё прайшоў, далі тыдзень адпачынку ў суседнім гарадку. А празь месяц узнагародзілі, — мэдаль за заслугі. Нейкі час у шуле бы інструктарам быў, распавядаў новенькім, як трэба здабываць у бальшавікоў танкавыя сакрэты. Памятаю, глядзелі на мяне гэтак хітравата, мабыць, слаба верылі. Але я стараўся — заліваў кулі.
Улетку сорак чацьвёртага, як пачаўся наступ, зноў — парашут, рэчмяшок з толам і на аэрадром. Гэты раз трох, я — старшы. Задача — дывэрсіі на магістралях. Выкінулі ноччу, якраз на пазыцыі цяжкой артылерыі. Не пасьпелі прызямліцца, як — хэндэ хох! Аднаго забілі. Мы двое — у пляну. Але тады ўжо ў мяне быў свой (наш) пароль. — Кажу: давайце ў сьмерш! Зразумелі, адправілі ў Маскву. Болей да немцаў ужо не пасылалі, радыёгульню спынілі. Але і ад сваіх меў мала радасьці. Паўгоду сядзеў, дапытвалі, выясьнялі, ці не двайнік. Дык двайнік, кажу, хіба ж я хаваю. У Маскве той самы Трацякоў, палкоўнік ужо, з двума ордэнамі. Два падпалкоўнікі таксама ўзнагароджаныя баявым Чырвоным сьцягам — за пасьпяховую радыёгульню. А мне толькі пасьля перамогі кіданулі Айчынную другой ступені. Але і тады я ўсё працаваў на іх — езьдзіў па чыгунках і на вакзалах, у вагонах — адсочваў агентаў. I, ведаеш, аднойчы ў Менску спаткаў свайго Аляксея. Сядзіць у кутку на вакзале, дрэмле. Падышоў, сеў поруч і ня ведаю, што рабіць? Галоўнае — з кім ён цяпер, Лёха? Можа, раскрыты, законны, а можа, туляецца. Калі так, трэба арыштаваць. Але як? Крануў яго за плячо, прачнуўся, пазнаў. Але няшмат радасьці ад спатканьня, гляджу, быццам баіцца. Кажу, можа, пройдзем у горад, абмыем спатканьне? Пайшлі. Я ўсё паварочваю бліжэй да НКВД, гляджу — ён быццам ня збочвае, не туляецца. Паганае адчуваньне, ды што зробіш? Я й думаю: можа, чалавек жыцьцё наладзіў, ажаніўся, працаваць пачаў, а я яго — на здачу. Але ж як інакш? Ну прывёў у аддзел, такі тайны пункт на першым паверсе, там дзяжурны. Кажу: во прывёў. А Ляксей да мяне: гэта я прывёў, бо ты — агент абвэра. Аказваецца, і ён у гэткай жа самай ролі. Во паразумеліся! Аж брыдка стала адзін ад аднаго.
А цяпер? Цяпер ў лясгасе раблю. Дзёгаць гонім для нужд хімічнай прамысловасьці. Зарплата малая, не ўкрадзеш — не пражывеш. Але мне ўкрасці — ого! Усё пад наглядам, ненадзейны тып. А вы што — пісаць будзеце? Няўжо дазволілі?»
Так, я хацеў напісаць. Лёс гэтага чалавека мяне крануў. Толькі, вядома, пісаць усё, як было. Дакумэнтальны нарыс. Сказаў пра тое Дубавінкіну, той паведаміў у Менск. Адтуль паступіў адказ: справа пакуль не рассакрэчаная, дазваляецца скарыстаць яе толькі ўскосна. Мінімум праўдзівасьці. Пішыце літаратурную аповесьць з акцэнтам на дзейнасьць контрразьведчыкаў. Я сказаў, што для аповесьці там мала зьместу, аповесьць усё ж іншы жанр. Не чэкісцкі, а літаратурны.
На тым «чэкісцкі праэкт» і скончыўся. Дубавінкін пасьля сказаў, што я яго падвёў. Можа, і падвёў, але ня надта. Бо неўзабаве ён атрымаў падвышэньне і перабраўся служыць у Падмаскоўе. У Горадні аб ім, аднак, не бедавалі.
75. «Абеліск»
Мы здаўна прывыклі чуць, што ў жыцьці заўсёды ёсьць месца подзьвігу. Насамрэч, подзьвіг патрэбны ўсім і заўжды. Асабліва там, дзе няма міру, ідзе барацьба за волю ці справядлівасьць. Але прырода подзьвігу можа быць розная. У тым ліку і на вайне.
Літаратура сацрэалізму замусоліла подзьвіг у імя радзімы, партыі і Сталіна, абыходзячы ўсю складаную разнастайнасьць тае зьявы. Подзьвігі бессаромна і рэгулярна сачыняліся ў мэтах прапаганды, як у час вайны, так і міру. Хто ня чуў пра подзьвіг камсамолкі, што павесілі немцы за няўдалы падпал канюшні з коньмі. Прытым націск рабіўся на тое, што яна мовіла перад пакараньнем. Спярша гэта былі словы: Сталін прыйдзе, затым — партыя прыйдзе, — адпаведна прапагандоваму аспэкту часу; у тым і была сутнасьць яе подзьвігу. Грымела шмат год слава байцоўпанфілаўцаў, якія быццам бы загінулі, не пусьціўшы немцаў у Маскву. I няважна было, што гэтыя героі пасьля вайны жывыя і здаровыя павярталіся з палону, — важна было, што іхні міф сваю прапагандовую функцыю выканаў. Мне запомніўся аповед знаёмага вайскоўца ў генэральскім чыне пра славуты подзьвіг Аляксандра Матросава. Генэрал у той час ваяваў камандзірам батальёну ў брыгадзе, дзе служыў баец Матросаў, і ўся тая гісторыя раскручвалася на ягоных вачах. Яе сачынілі палітрукі дзеля апраўданьня няўдалай атакі, каб знайсьці ў ёй хоць які пазытыў. I знайшлі забітага на полі байца, які, можа, бліжэй за іншых падпоўз да бліндажу. Вось і ўсё. Астатняе было прыдумана. Прыдумка апынулася важней за звычайную салдацкую сьмерць у бясслаўным баі.