Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Тады я пасумняваўся крыху, але хутка пераканаўся ў рэдактарскай мудрасьці Барыса Iванавіча, што ўрэшце прывяла яго на высокую пасаду галоўнага рэдактара БелСЭ. Хоць мы нічога больш не зьмянілі, у тым выглядзе аповесьць пайшла ў набор. Прэтэнзіяў да яе больш не знайшлося ні ў галоўнага — Паўла Кавалёва, ні ў Галоўліце, ні ў ЦК. Што значыць мудры спрактыкаваны рэдактар! Толькі аўтар пры гэтым адчуваў сябе дурнем, ну але гэта яго прыватная справа.
У выдавецка-рэдактарскай практыцы было прынята, што выдаўцы-рэдактары ніколі не спасылаліся на цэнзуру або начальства, рабілі глыбакадумны выгляд, што літаратурнаідэйныя хібы выявілі толькі яны. Тое ставіла аўтара ў ідыёцкае становішча, калі ён ідыётам лічыў менавіта таго, хто яму прапаноўваў ідыёцкія патрабаваньні. Напрыклад, я шмат гадоў ня ведаў, што нэгатыўныя адносіны да «Мёртвым не баліць» запачаткаваў сам старшыня КДБ СССР Сямічасны, як ён абвясьціў пра тое на сакрэтнай нарадзе адразу пасьля публікацыі твору ў «Новом мире». Вядома, вырак галоўнага чэкіста краіны быў даведзены да ўсіх ніжэйшых зьвёнаў КДБ, партыйных органаў, цэнзуры, рэдакцыяў літаратурных ды іншых выданьняў. Ня ведаў пра тое толькі аўтар, які меркаваў, што гэткі вырак знайшоў разумны шараговы рэдактар, які зь ім размаўляе. Але рэдактар найперш дбаў пра свой хлеб.
Яшчэ мне давялося быць у Маскве на саракавіны сьмерці Твардоўскага. Сабраліся ў цеснай кватэрцы Iгара Саца, былі ці ня ўсе навамірцы і яшчэ некаторыя. Лакшын з адчаем гаварыў, што раскідалі іх каго куды, нібы галавешкі з вогнішча, і цяпер ім застаецца адно: курэць, не гарэць. Гаспадар — колішні сакратар Луначарскага — жыў небагата, выпіўкі не хапіла. Тады Жарэс Мядзьведзеў зьбегаў у «Бярозку», купіў за чэкі віскі, што-нішто з закусі. Выпілі, пасядзелі і разышліся. Болей з апальных навамірцаў, здаецца, нікога і ня бачыў. Лакшын хутка памёр, за ім Кандратовіч, пасьля Сац і Берзер. Вінаградаў перайшоў на «Кантынент», а дзе і чым займаецца Міша Хітроў, я й ня ведаю.
Зь несправядлівасьцю або супрацоўнічаюць, або змагаюцца, — цытаваў некалі Твардоўскі любімага ім Камю. Ён дык змагаўся, але ўсё роўна не пазьбегнуў паразы. Несправядлівасьць перамагла.
73. Прафілактыка
Якіх-небудзь рэгулярных зносінаў з замежжам на той час у мяне не было. Зрэдчас атрымліваў віншавальныя паштоўкі ад балгараў — двух Вылчавых. Ад Марыё зь Генуі пад новы год прыйшла бандэроль — прыгожая срабрыстая елачка з музыкай. Накруціш унізе шрубку, і загучыць ціхая мэлёдыя хваласьпеву ў славу Езуса — Iсуса Хрыста. Але неяк атрымаў ад яго ліст — пакамечаны, параны-перапараны канвэрт з заштэмпэляванымі маркамі. У ім кароценькі, на паўстаронку, тэкст з прывітаньнямі і паведамленьнем, што Марыё жэніцца зь менскай беларускай. Тут жа з канвэрту выпаў і другі аркуш — на жоўтай паперыне тыпу ўлёткі было надрукавана буйным шрыфтам: «Да грамадзян Беларусі!». Далей ішоў заклік згуртоўвацца, арганізоўвацца і выступаць супраць савецкай камуністычнай улады. Гэтая ўлётка мяне зьдзівіла і зьбянтэжыла — няўжо гэты італьянец такі дурань! Навошта ён мне яе шле? Ці гэта ня ён шле? Чым болей я над тым разважаў, тым усё болей прыходзіў да высновы, што гэта — правакацыя. I м спатрэбілася мая рэакцыя.
Вельмі нялёгка было мне прыняць пэўнае рашэньне, ды мусіў. Ня стаў дамагацца сустрэчы з маім «загадчыкам» Дубавінкіным, вечаровай парой пайшоў у КДБ. Даўно на дзьвярох там вісела прыгожа напісаная аб’ява «Прием посетителей круглосуточно», і я аддаў канвэрт дзяжурнаму пры ўваходзе. Калі той папытаўся, ад каго, сказаў: ад Быкава — і ўсё. Як ні дзіўна, ні назаўтра і ніколі ніякіх размоў пра тую ўлётку не было. Але па нейкіх ускосных прыкметах я зразумеў, што ўлётка сталася пэўнай мяжой маіх адносінаў з органамі. Быццам бы штосьці яны вырашылі. Празь нейкі час пазваніў Дубавінкін і папытаўся, калі я зьбіраюся паехаць у Менск. Мне тое пытаньне не спадабалася, я сказаў, што пакуль ня ведаю, ня маю там справы. Тады праз колькі дзён ён пазваніў зноў. Сказаў, што мяне хочуць бачыць у іхнім упраўленьні. «Што — прафілактыка?» — папытаўся я. Падпалкоўнік, падобна, зьбянтэжыўся, але хутка адказаў: «Не, для гутаркі. Запрашае генэрал КДБ».