Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
I тут выяўляецца незвычайны факт. Аказваецца, спалілі Хатынь і пазабівалі ўсіх яе жыхароў зусім ня немцы, а вось гэтыя паліцаі з так званага 118-га ўкраінскага паліцэйскага батальёну, як ён афіцыйна зваўся. То быў, вядома, ня надта прыемны для ўладаў факт, які парушаў вядомы пастулят пра нязрушную дружбу савецкіх народаў. Таму гэты працэс і адсунулі з цэнтру да самай польскай мяжы. Хоць таксама наўрад ці ўдала: сугучнасьць Хатыні і Катыні выклікала і ў Польшчы пэўныя нэгатыўныя асацыяцыі.
Суд адбываўся ў маленькім пакойчыку, публіку з вуліцы туды не пушчалі. Судзьдзі дапытвалі, падсудныя вяла ва ўсім прызнаваліся: было загадана, палілі, стралялі, што ж мы маглі зрабіць? Сярод паліцаяў сядзеў камандзір роты Лапуста, які пасьля вайны зрабіў у Казахстане кар’еру — быў ня раз узнагароджаны, стаў дэпутатам мясцовага савету. Некаторыя з паліцаяў пасьля вызваленьня пабылі яшчэ і на фроньце, дзе няблага ваявалі і былі ўзнагароджаны — да нямецкіх медалёў далучылі савецкія. Адзін меў прозьвішча Сахно (як у маёй аповесьці «Мёртвым не баліць»), што нямала пацешыла нас. Адамовіч нават пажартаваў з гэтага поваду: дрэнна чыталі сьледчыя Быкава, а то б даўно выкрылі Сахно. Ці, можа, шкода было — карпаратыўная салідарнасьць… Так, менавіта, думаў я, усё ў нас зь Нямеччынай перамяшалася — хто свой, хто чужы? Здаецца, двух прысудзілі да сьмяротнай кары, і Карпюк прасіў у пракурора дазволу пасядзець зь імі апошнюю ноч — паназіраць за сьмяротнікамі. Пракурор не дазволіў, а Адамовіч папікнуў: «Toe я павінны быў прасіць, ды не наважыўся». Карпюк быў задаволены, што аказаўся болей адважны. Хаця хто з нас у тым сумняваўся?
78. Прэмія. Мова
Мы жылі ў ненатуральным, звыродлівым сьвеце, калі былі адпрэчаны ня толькі хрысьціянскія запаветы, але і элемэнтарныя меркаваньні здаровага сэнсу. Сэнс зрабіўся клясавым, партыйным, пралетарскім. Нас заклікалі пісаць праўду, але далёка ня кожная праўда дазвалялася ў літаратуры, хіба тая, якая служыла ўладзе. Над рэглямэнтацыяй праўды шчыравалі партыйныя органы, ім дапамагалі пісьменьніцкія начальнікі, цэнзары, рэдактары, «закрытыя» рэцэнзэнты, якія за верную службу надзяляліся кватэрамі, пасадамі, навуковымі званьнямі, прэміямі. На дзяржаўную прэмію Беларусі былі вылучаны разам Уладзімер Караткевіч і Барыс Сачанка, дзе слынны клясык беларускай культуры быў толькі фонам, бо прэмію, вядома ж, далі Сачанку. Для таго не абышлося без энэргічнага ўмяшаньня ЦК у асобе Iвана Антановіча. Усё тое, натуральна, вяло да выраджэньня літаратуры. I калі ў ёй паяўлялася ня надта пакорнае імя ды яшчэ надзеленае пэўнымі здольнасьцямі, наверсе вырашалі, што зь ім рабіць. Выпрабаваны спосаб 30-х гадоў, мабыць, ужо апрыкрыў, запатрабаваліся гнуткія спосабы — бізуна ў спалучэньні зь пернікам. Глядзелі, які станецца больш выніковым. Пасьля шматгадовай лупцоўкі бізуном да Быкава было вырашана прымяніць пернік. Я, канешне, пра тое ня ведаў: літаратурныя начальнікі ўмелі хаваць партыйныя таямніцы. Нават тыя зь іх, што ўвогуле дабражадана ставіліся да мяне.
Недзе пад канец 70-х гадоў Камітэт па прэміях прысудзіў мне Дзяржаўную прэмію СССР за аповесьці «Абеліск» і «Дажыць да сьвітаньня». Пасьля перажытага ў літаратуры тая прэмія неяк ня надта ўзрушыла, хаця, вядома, я стаўся абнадзеены — можа, цяпер адчэпяцца? Вядома, я не разьлічваў, што ўжо цяпер мне будзе дазволена пісаць усё і так, як я захачу, ды ўсё ж… Праўда, Адамовіч з ягоным сарказмам сказаў, што цяпер сам не захочаш дражніць гусака, будзеш памяркоўней, бо прайшоў вывучку. Можа, і так. Як заўжды ў такіх выпадках, прэмія парадавала сяброў, але і прыбавіла зайздросьнікаў — таксама зь ліку сяброў. А зайздрасьць (хвароба чырвоных вачэй пакітайску) — дужа кепская рэч, якая валодае нейкай д’ябальскай сілай. У тым я добра пераканаўся за свой літаратурны век. Ды й памятаю, як у дзяцінстве мама дужа баялася суроку, кепскага вока — зусім як у Кітаі…
Уручалі прэмію ў Крамлі, пасьля там жа абмывалі — тузін сьвежых ляўрэатаў ад літаратуры і мастацтва. Галоўным гаспадаром мерапрыемства быў наш зямляк Шаура, які даволі холадна павіншаваў мяне — бы аб’явіў вымову. Але тое мяне ня дужа ўражвала — болей запомнілася добразычлівая ўвага сяброў у Маскве і Менску. Тады ж ці крыху раней адпалі некаторыя з выдавецкіх праблемаў — у Менску заплянавалі і выдалі чатырохтомны збор твораў, хаця і не ўключылі ў яго «адыёзныя» аповесьці — «Мёртвым не баліць» і «Круглянскі мост». Мусіць, каб ня надта фанабэрыўся свежасьпечаны ляўрэат.