Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Дагэтуль невядома, ці мелі члены бюро ЦК КПБ на руках тую ведамасьць, як вырашалі лёс Карпюка, бо Карпюк атрымаў яе значна пазьней. Але абмяркоўвалі ўсе пункты абвінавачваньня доўга і старанна. Пасьля галасавалі. На галасаваньне было пастаўлена дзьве прапановы: выключыць або даць страгача. За выключэньне прагаласавалі два даўнія «сябры» Аляксея — генэрал Дэбалюк і Міцкевіч. За страгача — Кузьмін і Аксёнаў. Сам Машэраў устрымаўся. То быў паратунак. Урэшце спыніліся на страгачы, які Карпюк пранасіў год і стаў зусім чысты. Перад партыяй і савецкім народам. А вельмі проста маглі б і засадзіць — за супрацоўніцтва з гестапа ды іншае. А заадно і тых, хто супрацоўнічаў з супрацоўнікам. Ужо былі такія прыклады, і адзін зь іх — драматычная гісторыя слонімскага паэта Анатоля Iверса. Застаўшыся на акупаванай тэрыторыі, ён змушаны быў па заданьні зь лесу пайсьці працаваць ў гарадзкую ўправу, ягонага таварыша ўкаранілі нават у СД. Дапрацаваліся яны там да таго, што ледзь выратаваліся ад арышту. Iверс дык выскачыў у вакно, а сям’я была арыштавана і жонка з дзецьмі загінула. Пасьля вызваленьня нейкі час усё было добра, іхнюю гісторыю ў Слоніме ведалі, іх не чапалі. Але зь цягам часу, калі партызанскія кіраўнікі, на якіх яны працавалі ў немцаў, памерлі або разьехаліся, абодвух «выкрылі». У Горадні быў суд, Iверсаў таварыш атрымаў 15 гадоў, сам Iверс быў звольнены з працы, выключаны з СП і пятнаццаць гадоў прарабіў на смалакурні ў лясгасе.
Клейн у гэтую пару яшчэ рабіў на гародніннай базе, праўда, тады ўжо не цягаў скрынкі, — як чалавека пісьменнага, яго з алоўкам у руках паставілі іх падлічваць. Toe была паслабка. Няхутка яшчэ ён перайшоў на працу ў сацыялягічны аддзел хімкамбінату.
«I высакародны чалавек можа стаць нявольнікам абставінаў, але той, хто робіцца лакеем абставінаў — не высакародны чалавек», — зазначыў калісь Леў Мікалаевіч.
71. АТК пайшоў
Пазваніў Твардоўскі і голасам, які я даўно (а можа, і ніколі) ня чуў, паведаміў, што ён сыходзіць з часопісу. Я разгубіўся і ня ведаў, што яму на тое сказаць, а ён адразу ж папытаўся, ці буду я ў такім разе друкаваць новую аповесьць у «Новом мире»? Яшчэ болей зьбянтэжаны, я штось мармытаў, а затым папытаўся, як ён параіць? Аляксандр Трыфанавіч, як мне здалося, раздражнёна адказаў, што таго раіць ня будзе, — рашайце самі. Гэта была мая апошняя размова з Твардоўскім. Болей гаварыць зь ім не давялося.
Барацьба супраць Твардоўскага і «Нового мира» вялася даўно — галоўнага рэдактара выжывалі з часопісу ўсялякімі спосабамі. Хоць маглі, канешне, зьняць «з трэскам», але, мабыць, у ЦК хацелі зрабіць тое далікатна, рукамі кіраўніцтва Саюза пісьменьнікаў на чале з Федзіным — Варанковым. Тыя, аднак, марудзілі. Начальства наладзіла рэгулярны прэсінг на самога Аляксандра Трыфанавіча, часткова празь некаторых членаў рэдкалегіі часопісу. Галоўнага рэдактара самааддана падтрымлівала рэдакцыя, ці ня ўсе намесьнікі і аддзелы. Тады з ЦК распаўсюдзілі чутку, паводле якой у выпадку добраахвотнага зыходу галоўнага ўся рэдакцыя застаецца ў ранейшым складзе, Аляксандр Трыфанавіч атрымлівае добрую ўрадавую пэнсію, крамлёўскі паёк і да 60-годзьдзя, якое неўзабаве набліжалася, — званьне Героя. Мусіць, гэта нарэшце і паўплывала на аканчальнае рашэньне Твардоўскага, які і напісаў заяву. (Забягаючы наперад, зазначу, што ніводзін пункт з абяцанага ня быў выкананы, рэдакцыю па адным разагналі, а адстаўны рэдактар, страціўшы любімую працу, хутка невылечна захварэў.)
Якраз у апошнія дні старога «Нового мира» я прыехаў у Маскву і дазнаўся, што мая аповесьць ідзе ў чарговым нумары. Паводле свайго рэдактарскага звычаю — не «дражніць гусей» загалоўкам — Твардоўскі назваў яе «Сотнікавым», што ўвогуле мне не спадабалася. (Чаму — Сотнікаў? Ужо з увагі на двух герояў трэба — Рыбак і Сотнікаў.) Але мне патлумачылі, што так лепш — паводле прозьвішча станоўчага героя. Галоўны, маўляў, меў на яго адмысловыя спадзяванкі, — мусіць, гэткія, як і аўтар.
Сазваніўшыся з Адамовічам, які той час таксама быў у Маскве, сабраліся ў рэстаране «Арагві». Прыйшлі Лакшын, Сац, Вінаградаў, Міша Хітроў. Добра пасядзелі, сумна, аднак, гамонячы. Радавацца не было чаму — «Новый мир» канаў. Ззаду заставалася яркая і самабытная старонка расейскай літаратуры, якая наўрад ці калі адновіцца. Тое, што зрабіў гэты гнаны часопіс, калісь будзе належна ацэнена. Таксама як і роля ў ім Аляксандра Твардоўскага. Але калі? Нехта выказаў сумненьне ў тым, бо літаратура — не авангарднае мастацтва, якое звычайна ацэньваецца заўтра. Літаратура важная для сёньня. Калі сёньня яна не спатрэбілася, дык наўрад ці калі спатрэбіцца ў будучым. У будучым будзе свая літаратура, свае аўтары і свае героі. Таксама як і ў палітыцы. Я сказаў пра маю апошнюю размову з Твардоўскім і яго яўнае нежаданьне, каб мая аповесьць была надрукавана пры новым рэдактары. На гэта амаль усе запярэчылі: аповесьць паявілася ў час і на сваім месцы. Вядома, лепш, калі б на месяц раней, пры Твардоўскім. Але ж хто ведаў…