Гары Потэр і патаемная зала
- Автор: Роулинг Джоан Кэтлинг
- Серия: Гары Потэр (be) #2
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Переводчик: Дзяніс Мускі
- Жанр: Детское фэнтези
Электронная книга - «Гары Потэр і патаемная зала». Краткое содержание книги:
Люцыюс Малфой застыл на імгненне, але Гары са свайго боку бачыў, як торгалася ягоная правая рука, быццам той змагаўся з жаданнем выцягнуць палачку. Замест гэтага, Малфой звярнуўшыся да свайго хатняга эльфа сказаў:
— Мы сыходзім, Добі!
Люцыюс рыўком адчыніў дзверы, а калі Добі падбег да яго, містэр Малфой моцна брыкнуў эльфа. Гары і Дамблдор чулі, як долі скуголячы бег па калідоры. Імгненне-дугое, Гары стаяў задумаўшыся. І тут у ягоную галаву прыйшла адна ідэя.
— Прафесар, — шпарка прамовіў ён, — ці я не мог бы вярнуць гэты дзённік містэру Малфою? Ну, калі ласка.
— Вядома ж, Гары, — стрымана адказаў дырэктар. — Але паспяшай. Памятай аб банкеце.
Схапіўшы дзённік, Гары выбег з кабінэта. Ён чуў, як за вуглом вішчаў ад болю Добі. Хуценька, гатовы здзівіцца, калі ягоны план спрацуе, хлопчык зняў адзін са сваіх чаравікоў, сцягнуў з нагі склізкую і брудную шкарпэтку, засунуў яе між старонкамі дзённіка і паспяшаўся па цёмным калідоры.
Гары дагнаў Малфоя і Добі на вяршыне сходаў.
— Містэр Малфой, — цяжка дыхаючы пасля бега, сказаў хлопчык. — Я сёе-тое маю для вас.
І сунуў у малфоеву руку дзённік са смярдзючай шкарпэткаю ўсярэдзіне.
— Што..?
Вырваўшы з дзённіка шкарпэтку, Люцыюс адкінуў яе ўбок, пасля чаго, перавёў вочы на Гары.
— Калі-небудзь, цябе чакае гэткі жа благі канец, як і тваіх бацькоў, — мягка заявіў ён. — Яны таксама былі тымі яшчэ назойлівымі дурнямі.
Павярнуўшыся ён загадаў эльфу.
— Хадзем, Добі. Я каму кажу, ПАЙШЛІ!
Аднак Добі стаяў і не варушыўся. У сваіх руках, як найкаштоўнейшы ў свеце скарб, ён трымаў брыдкую і склізкую гарыну шкарпэтку.
— Гаспадар даў Добі шкарпэтку, — у захапленні мармытаў ён. — Гаспадар даў яе Добі.
— Што?— пырскаючы сліной, спытаўся Малфой. — Што ты сказаў?
— Добі атрымаў шкарпэтку, — ня верачы сам сябе, прамовіў Добі. — Гаспадар выкінуў яе, а Добі злавіў і цяпер... цяпер Добі ВОЛЬНЫ.
Містэр Малфой нерухома стаяў, пазіраючы на эльфа. А потым кінуўся на Гары.
— Праз цябе, хлопча, я згубіў свайго лёкая!
— Ты ня можаш шкодзіць Гары Потэру!— спяшаючыся яму напярэймы, крыкнуў Добі.
Адчуўся гучны пляск і містэра Малфоя адкінула назад. Скокаючы праз тры прыступкі ён пакаціўся па сходах і паваліўся на ніжнім паверсе пакамячанай грудай. Малфой выпрастаўся, яго твар зрабіўся мерцвенна бледным. Мужчына выцяг з кішэні палачку. Аднак на яго шляху паўстаў Добі, пагрозліва ўздымаючы ўгору адзін са сваіх доўгіх пальцаў.
— Ты неадкладна пакінеш гэта месца, — кажучы пальцам на Малфоя, адчайна ўкрыкнуў ён. — Ты не дакранешся да Гары Потэра. Ты неадкладна выбярэшся адсюль.
Люцыюс Малфой ня меў выбару. Ён кінуў на хлопчыка і эльфа апошні, люты погляд, хістнуў плашчом і паспяшаўшыся знік з вачэй.
— Гары Потэр вызваліў Добі!— пазіраючы на хлопчыка, пранізліва усклікнуў эльф, месячнае святло з бліжэйшага акна адбівалася ад яго шарападобных вачэй. — Гары Потэр даў Добі волю!
— Гэта найменьшае, што я мог для цябе зрабіць, Добі, — усміхаючыся, прамовіў Гары. — Толькі паабяцай мне, што ты надалей ніколі не будзеш спрабаваць выратаваць мне жыццё.
Выродлевы буры твар эльфа, нечакана расплыўся ў шырокай зубастай усмешцы.
— І яшчэ адно, — сказаў хлопчык, пакуль дрыготкімі рукамі эльф нацягваў на сябе шкарпэтку. — Ты сказаў, што тое, што адбылася ў школе ня мае дачынення да Таго Чыё Імя Нельга Называць, ці памятаеш? Ну і...
— Гэта быў ключ, сэр, — пашыраючы вочы, як быццам гэта было нечым відавочным, прамовіў Добі. — Я даў вам падказку. Пакуль Цёмны Лорд не змяніў сваё імя, яго мажліва было называць, разумееце?
— Добра, — слаба згадзіўся Гары. — а цяпер я мабыць пайду. Мне трэба на банкетаванне. І мая сяброўка Герміёна пэўна ўжо ачуняла...
Добі выцягнуў рукі і абняў Гары за стан.
— Гары Потэр найвялікшы з людзей, якіх толькі ведаў Добі, — пралямантаваў ён. — Бывай, Гары Потэр!
Зноўку адчуўся гучны пляск і Добі знік.
*
Гары быў на шмат якіх хогвартскіх банкетаваннях, але гэта ані не было падобным на астатнія. Усе прысутныя за сталом сядзелі ў піжамах, а само свята доўжылася ўсю ноч. Гары не мог зразумець, што яму больш было да спадобы. Ці то Герміёна, якая кінулася да яго з крыкам:
— Ты знайшоў разгадку! Ты ўсё разгадаў!
А мабыць гэта быў Джасцін, які падняўшыся з хафлпафскага стала, падыйшоў і паціснуў яму руку, шчыра просячы прабачэння за тое, што мог яго падазраваць. Ці то, магчыма гэта быў Хагрыд, які аб’явіўся а палове на чацьвёртую і так шчыра прыняўся ляпаць іх з Ронам па плячах, што тыя паваліліся носам у талеркі з печывам. А можа гэта былі заробленыя ім ды Ронам чатырыста балаў, пасля якіх Грыфіндор другі год запар выйграў Кубак Дамоў. Ці гэта быў момант, калі падняўшыся з-за стала прафесарка МакГонагал да ўсеагульнага задавальнення навучэнцаў, аб’явіла, што ў гэтым годзе іспыты адмяняюцца.