Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
— Куды б яго тут? — азіраючы бліндаж, запытаў Ванін. — Во давай на шмуткі. Садзіся, фрыц! Біттэ!
Перабіраючы па сцяне рукамі, немец разы два скокнуў на адной назе і цяжка плюхнуўся задам на шмуткі-коўдры. Затым ён нізка ўгнуў голаў у зімовай казыркастай шапцы і схаваў ад нас твар. Пулька зноў выскачыла перад ім і злосна-страхавіта вурчэла, не могучы чагось супакоіцца.
Ванін валюхаста пераступаў мокрымі ботамі, у якіх чвякнула гразь, і сказаў Цвяткову:
— Перавязаць трэба.
Цвяткоў, не скрануўшыся з месца, працяў яго злосным позіркам.
— А што я — нямецкі фельчар?
У гэты час знадворку, ледзьве не сарваўшы палатку, улез шумны, камлюкаваты Піліпенка.
— Ну, дэ ваш фрыц? Давай ёму расход зробымо?
Санінструктар моўчкі стаяў з незадаволена-зацятым выразам на чыстым, прыгожым, нейкім дзяўчачым твары. Параненая нага немцава моцна крывавіла, на зямлі ля яе ўжо з’явілася і шырэла невялічкая цёмная пляма.
— Сяржант Цвяткоў, перавяжыце немца! — загадаў Ванін тонам, які адразу выключаў усе размовы.
Піліпенка шчыра здзівіўся:
— Кого? Німця? Да вы шчо, жартуете?
Ванін, аднак, маўчаў, не зводзячы вачэй з інструктара, і той урэшце ўзяўся за сумку. Расшпіліўшы яе, ён дастаў рэшту бінту, якім перавязваў мяне.
— Во, пры сведках… — змрочна папярэдзіў ён. — Я быў супраць.
Піліпенка плюнуў і незадаволена затупацеў ля выхаду.
— Я б ёго пэрэвязав! Хай бы здох, падлюка! Як наші от іх здыхаюць…
Ванін між тым тузануў немца, які, здавалася, задрамаў, але зараз жа з нейкай нервовай гатоўнасцю ўскінуў вузкі худаваты і белы твар. I раптам вочы яго пагрозліва звузелі, рот перасмыкнуўся ў няпэўнай грымасе. Я не паспеў згледзець, што там здарылася, як Цвяткоў узмахнуў над галавой бінтом і адскочыў назад, моцна штурхануўшы Піліпенку. Абое яны стукнуліся аб сцяну зямлянкі, зачапіўшы Ваніна, які, аднак, нават не зрушыў з месца.
— От гад!
— Дай ёму, падле!
Не дужа зграбна Піліпенка ўскочыў на ногі, некуды матлянуўся Цвяткоў. Плошка на сцяне ледзьве не захліпнулася, агняны яе язычок роспачна заматляўся ў кардоннай баначцы. Апантана залямантаваў Пулька. Аднак немец не збіраўся ні біцца, ні ўцякаць, здаровай нагой ён бараніўся ад сабакі. Я бачыў яго перакошаны ўсё той жа грымасай твар і сцятыя кулакі, ён упёрся спіной у сцяну, трымаючы напагатове абутую ў бот нагу.
— Сука! — крыкнуў Цвяткоў ужо з маім аўтаматам у руках.
— Тыркні ты ёму! Шо з ім важдатыся! — крычаў Піліпенка.
— Спакойна! — сказаў Ванін і стаў паміж імі і немцам. Звыклым рухам рукі ён паправіў на сабе тоненькую планшэтку. — Спакойна, фрыц. Хочаш здохнуць — нічога не выйдзе. Цвяткоў, бяры бінт!
Рашуча сігануўшы, Ванін наваліўся на немца, згроб яго, перавярнуў і прыціснуў тварам уніз. Немец задрыгаў нагой у боце, пракапаў земляную баразну ў доле і сціх.
— Перавязвай!
— Я? — амаль спалохана здзівіўся Цвяткоў.
— Ты, а хто ж! — ускіпеў Ванін, ашчаперваючы немца.
З прыкметнай нерашучасцю падступіўшыся да яго, Цвяткоў здзёр з параненай немцавай нагі скрываўленую суконную шкарпэтку і таропка абматаў лытку бінтом.
— Ось так! — сказаў Ванін, устаючы на ногі.
Немец ваўкавата і моўчкі сеў, забіўшыся далей у кут.
У бліндажы не мог супакоіцца Піліпенка.
— Шчо вам утэмяшылася ёго перэвязуваты? Бінта тількі папсувалы, а свайму Івану не хопіць! Тыркнуць ёго, і ўсэ! — махаў ён рукой.
Ванін, не паднімаючы позірку, сказаў:
— Вы б менш балбаталі, старшына!
— А шчо, нэ правда? Пэрэвязуваты ёго! Можа, шчэ тушонкай корміты будэтэ?
На момант затрымаўшы на старшыне клапотны позірк, Ванін уздыхнуў.
— Мы за ім ледзь не да станцыі беглі. Ён у мяне ўвесь парабелум разрадзіў. А вы — тыркнуць. Заўтра ў полк адправім.
— Нэ бачылы ў палку такэй гныды, — бурчаў трохі паспакайнелы Піліпенка.
Цвяткоў, штось затаіўшы ў сабе, маўчаў. Малодшы лейтэнант падняў з-пад ног стаптаную шапку.
— Ладна. Пільнуйце, я пайшоў.
Ён тры раз чвякнуў ботамі і вылез з бліндажа. За ім выбегла Пулька. Пасля выйшаў Піліпенка, які ўсё бурчаў на немца. Але не паспеў ён змоўкнуць у траншэі, як сюды ўлезла аж трое параненых, якія шукалі санінструктара.
У бліндажы стала цесна і холадна, сесці не было дзе. Цвяткоў па-начальніцку прыкрыкваў на байцоў — то не там сталі, то не так павярнуліся. Я не мог сабе знайсці месца і, праклінаючы новую для сябе долю параненага, накінуў волкі яшчэ шынель і вылез у траншэю.