Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
...Але ж куды, куды завяла мяне мая памяць, пагоня за маім радком. Ён так і не нарадзіўся. I зараз вялікае пытанне, ці выбрыду я адсюль, ці выблытаюся. Я губляюся, усюды адны толькі правалы і разрывы, жадаецца шмат чаго, сягаю ў думках немаведама куды, і ў тых думках усё здаецца магчымым. А на справе... Я ж шукаў адзін толькі свой радок. I не знайшоў яго, больш таго, я збіўся, згубіў ужо і думку. Пра што яна была, аб чым мне хацелася сказаць? Канечне, аб памяці, аб множнасці яе, аб тым, што адбываецца з нашай памяццю, калі мы пачынаем варушыць яе, калі мы падрываем яе зарадам сумлення. I як стойка і вынаходліва процістаіць яна гэтаму зараду, абараняецца, лямантуе: не было, не было, не было. У свой час гэтае «было не было» ўразіла мяне самога. I вось як гэта адбывалася, як мне запомнілася і прыгадваецца сёння.
Я вярнуўся ў дзяцінства і не пазнаў яго. Спачатку мо трохі і знарок сцягваў гэтае пазнаванне, даваў час воку звыкнуцца з тым, што некалі пакінуў. Усё ніяк сам не верыў, што я сапраўды вярнуўся. I сёння не здольны адказаць сабе, што перашкаджала той веры. Мо я тады прадчуваў ужо, чым абернецца ў маім жыцці гэтае вяртанне, і хацеў адхрысціцца ад яго: цур мяне. Але ў тое сваё першае наведванне родных мясцін я так нікому і не адкрыўся, не прызнаўся, што я тутэйшы, вырас на тутэйшых росах, пад вартаю вячыстых дубоў на беразе рэчкі, і той будынак, у якім сёння месціцца школа,— мая хата, мой дзетдом. Яму, праўда, я сказаў пра наша сваяцтва. Прыйшоў ноччу, калі вёска спала, пад акно свайго былога пакоя ці палаты, як мы ў свой час называлі пакоі. Дакрануўся да цёплага бярвення і, як у вока нейкае, зазірнуў у акно. Зазірнуў і адхіснуўся, бы зрабіў нешта нядобрае, адчуў, з глыбі якой мінуўшчыны пазірае на мяне гэтае акно, паспеў ухапіць яшчэ і працягласць гэтай мінуўшчыны, якая расчыненымі насцеж дзвярыма ўпадала, хавалася ў змроку гулкага і доўгага калідора, дзе мы колісь гулялі ў хованкі. Дрэнна замацаванае зялёнае ўначы шкло пазнала мяне і цененька адгукнулася мне. Штосьці адгукнулася і ўва мне. Але што іменна, не стаў адгадваць і, пэўна, калі б жадаў, няздольны б быў адгадаць, такое мноства галасоў, гукаў і ценяў абрынулася на мяне. Я, пэўна, сам спалохаўся іх, спалохаўся мінулага, змаладушнічаў, і дарэмна. Перажыў бы ўсё нанава той ноччу і адкінуў бы, пазбавіўся, вылечыўся б. А так толькі ўзмацніў хваробу, што носіць такое мудрагелістае імя — настальгія, мо нават і не ўзмацніў, а тут, каля акна сваёй хаты. заразіўся ёю. Імкліва кінуўся прэч. Бег па бярозавай алеі, і бярозы заступалі мне дарогу, ствалы іх уначы былі дзівосна белыя, і стаялі бярозы таксама дзівосна нерухома, з паніклымі ў бязветранасці веццем і лісцем, варушыліся толькі цені, якія адкідвалі яны. У тую ж ноч я сабраўся і паехаў, даўшы сабе слова ніколі больш не вяртацца туды. Але прайшло колькі часу, надышло зноў лета, і я зноў апынуўся каля сваёй рэчкі, сваёй хаты, пад тым самым дубам, пад якім у мінулым годзе ставіў палатку. I тут здарылася дзіва дзіўнае, нават не адно, а цэлая чарада. Цяжка нават і прыдумаць, пра якое раней пачаць расказваць. Ці то ідучы, падпарадкоўваючыся сваёй няўрымслівай памяці, нырнуць, кінуцца зноў у далёкае мінулае, як у мора, авось выплыву, ці пачаць паслядоўна, па парадку ўсё. Толькі парадак гэты таксама няўстойлівы, хаця, наогул, на маю думку, без хаосу, без смецця, друзу няма і ніякага парадку. Падмурак заўсёды куды больш трывалы, калі ён адліты і складзены не з аднаго толькі бетону і цэлай цэглы, а з адкідаў той самай цэглы, камення, здавалася б, непатрэбшчыны. I я не хачу вязаць сабе рукі прадвызначанасцю, усімі тымі будаўнічымі падсобнымі прычындаламі, якія мо і дапамогуць мне ў маім будаўніцтве, але ж і зводзяць мяне як будаўніка на нішто, таму што я добра ведаю іх вераломства і ўладу, трохі ведаю і сябе. Я пазбаўлюся сваёй волі, калі падпарадкуюся ім, не я, яны будуць нада мною. Я не вольны буду ўхіліцца, адвярнуць убок, адысці ці пераскочыць іх. Я буду пад імі, яны задушаць мяне, я нават і не прыкмечу, як гэта адбудзецца, ніхто не прыкмеціць, таму што знешне гэта на самай справе непрыкметна. Усё выкрыецца толькі потым, калі прыйдзе час азірнуцца і падвесці вынікі. А іх няма.