Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Саромеешся і слова сказаць мне.
— Апусціўся ты, Якуб,— не стаў віляць Мар'ян.
— Апусціўся,— не аспрэчыў яго і Якуб.— Хлеб жавы прывыклі есці чысценькі. А што за гэтым хлебам. А... Апусціўся, таму прыйшоў да цябе, пакуль сорам яшчэ маю... Бяры, Мар'ян, пячатку. Во яна, прымай.— I Якуб выцягнуў з кішэні калгасную пячатку, хукнуў на яе, ляпнуў на цырату і адхапіў руку, бы апёкся. Уздыхнуў з палёгкаю, сеў прама, выпрастаў ногі.
— Гэта што яшчэ за новасці...— Мар'ян не ведаў, што і падумаць.
— Гэта не новасці. Ты, Мар'ян, усё ж як-ніяк чалавек ваенны і з наганам.
— Ды няма ў мяне ніякага нагана. Здаў я пісталет.
— Ну вось, бачыш, быў пісталет. А я ўсе гэтыя гады толькі з пугаю. Ні нагана, ні пісталета ніколі не меў.
I было падобна, што Якуб шкадаваў, наракаў на лёс, які не даў яму ні нагана, ні пісталета, хітрыкаваў, але і горыч чулася ў яго голасе, бы, здаецца, ён і апраўдваўся адначасова, прасіў літасці, і дакараў у нечым Мар'яна. Толькі вось аб чым, Мар'ян не цяміў, дзе ж, калі ён насаліў Салілу. А Якуб працягваў:
— Пра мяне ты не думай. Я пайду сторажам. Мяне ўсё роўна вось-вось прагоняць... У старажы падамся. Чалавекам буду. У старажы падамся, адасплюся. Чалавекам стану. Ты гэтага не зразумееш, Мар'ян, адасплюся.
— Ідзі праспіся,— зазлаваў Мар'ян.
— Не, Мар'яне, не. Я не п'яны. Я норму сваю ведаю. I жонка ведае. Ты думаеш, перабраў бы я, выпусціла б яна мяне з хаты? Пад замок бы, штаны б адабрала, арыштавала і штаны. Ты маю жонку не ведаеш, Мар'ян, золата яна ў мяне.— I Якуб яшчэ доўга гаварыў пра жонку, а скончыў нечакана і ўмольна: — Давай згоду на старшынства. Аслабані мяне, Мар'ян, хочаш, на коленцы перад табою стану.
I Якуб бухнуўся пасярод хаты на коленцы. Мар'ян збялеў, азірнуўся на дочак, што стаіліся на печы. Добра яшчэ, што Стэфы ў хаце не было, карову якраз даіла. I так моташна зрабілася яму на душы, брыдка, што ён не разважаючы кінуўся да буфета, узяў паўлітроўку, наліў, выпіў і толькі тады зірнуў, успомніў пра Якуба. Той усё яшчэ стаяў на каленях.
— Ды ўстань жа ты, сукін кот,— закрычаў ён, як некалі крычаў на дзетдомаўцаў.— Ты ж старшыня калгаса. Падымайся, сволач...
— Вось што не, то не, Мар'ян. Не сволач.— Якуб падняўся, схапіў з лавы фуражку.— Совесць не ўсю яшчэ згубіў, таму і прасіў цябе аслабаніць мяне. Сам прыйшоў ці выгналі, розніца ёсць. Пагалоска не тая, дзеці ў мяне... Больш назаляць табе, прасіць цябе не буду. I гордасць яшчэ ў мяне... Толькі ты не поймеш, не поймеш.