Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Ноч апускалася над вёскаю, і, нягледзячы на камарэчу, расчыняліся ў хатах вокны, каб было чутно, што там, за вокнамі, адбываецца ўначы.
Мне трэба адзін толькі радок, адзін-адзіны, першы, пачатковы. I тады я напішу гэты раздзел, а мо і ўсю кніжку. Яна ж гучыць, звініць ужо, я адчуваю яе ў сабе. I звон гэты, падобна, развітальны. Так стоена і крыху сумна вызвоньвае лета свае астатнія дзянькі перад адыходам у восень: палавіна кніжкі і нават гэтай часткі ўжо даўно на паперы. Але ў раздзеле, які прыкаваў цяпер мяне да стала, няма пачатковага радка. Я сеў за стол, спадзеючыся, што ён выспее, адальецца падобна гэтым: «Музыка гналась за ним по белым коридорам», «Велик был год и страшен год по рождеству Христовом, 1918, от начала ж революции второй». Але нічога падобнага ў маёй распаленай і распыленай памяці. Падобнага не вонкава. Вонкава — гэта не надта цяжка. Адчаканіць адну фразу не шмат працы. Надараецца ж, што ўся кніжка спрэс з такіх літых, чаканных фраз, і яе, здаецца, можна не чытаць, а спяваць. Мне ж трэба адзін толькі радок, за якім бы я сам, збялеўшы, пабег следам. I было б мне жудасна і жахліва ад той пагоні, як у тым 1918 годзе. Я азіраўся б на яго і верыў яму, майму радку, што стаіць на пачатку аркуша паперы, як бажніца ў красным куце, не мітусіўся б так і не нудзіўся, як мітушуся і нуджуся між чатырох сцен свайго пакоя, быццам у камеры.
Што ці хто, бог ці чорт асудзіў мяне на такія пакуты. Тры месяцы я чакаў нараджэння свайго радка. Ён не нарадзіўся. Тыдзень я шукаю яго ў адзіноце за пісьмовым сталом сярод белага безгалосся паперы. I не знаходжу. Як лісткі адкіднога календара, адлятаюць лісты гэтай паперы, бязгучнасцю даводзячы мяне да вар'яцтва. Навошта ж, навошта мне гэта, за якое злачынства я так пакараны. Я сам той злодзей ці хтосьці з маіх блізкіх, віну якіх я павінен збыць, здабываючы хлеб свой надзённы... Хлеб мой надзённы... Але я не згодны на тую плату, якую аддаю за яго. Не згодны! На кавалак хлеба і масла да яго можна зарабіць куды больш лёгка, не марнуючы так сябе. Я пішу гэтую кніжку ўжо столькі часу, колькі пражыў на свеце, ды плюс сюды яшчэ той час, што яна адымае ў мяне цяпер, ды да іх яшчэ плюс хуткія вам, доўгія мне гады тых, пра каго пішу, час майго пакутлівага гультайства, калі я не пішу, калі я не за пісьмовым сталом, а ў сяброўскай бяседзе, сам-насам са сваімі героямі, з усім белым светам, сярод бяссоннай ночы, што сцягваецца, як век, якую ты не здольны ашукаць, ад якой нікуды не схаваешся. Ночы, у якой ты творца, хоць і напаўвар'ят, таму што ўсё тое, што адбываецца з табой, толькі вар'яцтвам, нічым больш і не назавеш. Звар'яцелы, утрапёны, ты пішаш памяццю і ў памяці, жыццём, што адыходзіць у начны змрок, адчуваннем і прадбачаннем, свядомасцю, якія не належаць ужо табе. А дзеля чаго, дзеля каго, каму? Світанак сатрэ і змые ўсё, што напісана табой. Уся твая кніжка, лепшыя радкі яе растануць пад першым промнем сонца. Добра, калі застанецца хоць адзін начны радок, а больш — шчымлівае адчуванне горычы і знясіленасці. Ці ж апраўдваецца гэтым спазнанае вамі ўначы вар'яцтва і ўтрапёнасць, ці варты яны яго. Зямлю капаць, здабываць вугаль занятак куды больш прыбытковы. Па крайняй меры, тут вам гарантавана, што вы не з'едзеце з глузду, не зломіце сабе карак. А калі і прыбаліць трохі галава, то мо толькі раніцай, пасля выхаднога, і яе лёгка паправіць. Я ведаю гэта, таму што капаў зямлю, шукаў медзь і золата, здабываў і вугаль. I на ўсіх, хто сёння піша, глядзеў вашымі вачыма, адчуваў сябе, як кажуць, соллю зямлі. I адчуванне гэтае было салодкім, хаця шмат хто з тых, з кім я разам рабіў, гаварылі, што праца іх — катарга. Мо з-за маладосці я не паспеў адчуць той катаргі. А калі ж перамяніў лапату на пяро, зусім узнёсся: якое лёгкае і не маркае гэтае пяро і ані не потнае. Чаму ніхто не спыніў мяне, не навёў на розум, чаму я добраахвотна ўлез у гэтае балота. Канечне, наўрад каго я паслухаўся б, наўрад ці дапамагла б мне добрая парада. Тым, хто праганяў, спыняў мяне, я не верыў. Не верыў нікому з тых, хто спазнаў і дасягнуў, таму перасцерагаў. Яны толькі распальвалі мяне: няма і не мае быць нічога ад бога, усё толькі ад мяне. I чым больш давалі мне выстайкі, чым больш трымалі мяне, тым больш дапамагалі мне набываць упартасці і злосці. Я ішоў да таго адзінага, што трэба было мне, дзеля чаго з'явіўся на свет.
Дзе ж ён, гэты мой адзіны радок, каму прадаць душу, якое ж паскудства зрабіць, каб ён знайшоў мяне. Пяць — дзесяць слоў, і іх няма ў мяне, няма слоў простых і ясных: «Музыка гналась за ннм по белым корндорам...» Здані, прывіды слоў, абрыўкі, шматкі думак гоняцца за мной па гарадскім асфальце і вясковых сцежках. Я бачу іх, спрабую ўхапіць іх, але толькі ранюся імі. Паранены і прыгнечаны чужымі думкамі, словамі, што не належаць мне, пакутую ад чужога і таксама толькі прывіднага мне болю. Вам не запіхвалі ў дзяцінстве той церухі, што застаецца ў руцэ, калі расцерці ягаду шыпшыны, насенне шыышыны? Тады вы, канечне, не ведаеце, што гэта такое. На насенні шыпшыны мноства маленькіх-маленькіх, нябачных воку варсінак. Трапляючы пад сарочку, яны ўпіваюцца ў тканіну, ліпнуць да цела, пазбавіцца ад іх амаль немагчыма ўжо, таму што, згодна нашай чалавечай натуры, трэба хаця б бачыць, ад чаго мы імкнёмся пазбавіцца. А тут перад вамі такая непрыкметнасць і неадчувальнасць, нішто. I гэтае нішто, звонку ўпхнутае вам, будзе раздзіраць ваша цела нябачнымі кіпцюрыкамі, раз'ядаць яго. Вы пракленяце дзень і час і таго жартаўніка, які, гуляючы, напіхаў іх вам. I што б вы ні рабілі, у якой бы вадзе ні мыліся, як бы ні трэслі сваю сарочку — усё дарэмна, у той дзень вы ўжо не пазбавіцеся ад пакут. Цела ваша ўсё роўна будзе свярбець і чухацца, як ад каросты, яно атручана. Варта вам толькі будзе зірнуць на куст шыпшыны, як вы пачуеце сверб і пачняце раздзіраць сваё цела. I міне шмат дзён, сатлее сарочка, а вам усё яшчэ будзе свярбець. А магчыма, здарыцца і так, што сверб той не адстане ад вас, вы пранесяце яго праз усё жыццё. I ў жыцці вашым будзе мноства такой непрыкметнасці і неадчувалыіасці, што давялося вам зведаць на самай справе і непрыкметнасці і неадчувальнасці ўяўнай, што вынікае ад вашага супраціўлення ці жадання бачыць і адчуваць усё так, як некалі было, ці крыху інакш, як тое было, і гэтае супраціўленне ці жаданне, адмаўленне і прага яго сточаць, здратуюць не толькі цела, але і душу. Жыццё ўсё ж прывіднае і падманлівае, прывідныя і падманлівыя нашы самыя відавочныя, здавалася б, уяўленні аб ім.