Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Гэта я да чаго? Што ўсё залежыць ад нас. Усё залежыць ад цябе. Можна сказаць і нічога не зрабіць, чакаць, што хтосьці штосьці зробіць — і рэвалюцыю, і новае жыцьцё. А можна самому зрабіць кавалачак перамен. Вось хлопцы ўзялі і зрабілі».
19 лютага 2014
Радыё Свабода
Учора ў крэатыўнай прасторы «Цэх» на сустрэчы са Сьвятланай Алексіевіч з нагоды прэзэнтацыі яе кнігі «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека» ў перакладзе на беларускую мову сабралася багата людзей. Паразмаўляць зь пісьменьніцай прыйшлі тыя, хто не патрапіў на нядаўнюю сустрэчу зь ёю падчас кніжнага кірмашу ў Менску.
Выданьне кнігі «Час second-hand», якая выйшла ў выдавецтве «Логвінаў» і прадаецца цяпер за 89 тысяч рублёў (кошт на кнігу па-расейску ад выдавецтва «Время» складае да 25 эўра) — першы за доўгі час выпадак, калі творы сусьветна вядомай беларускай пісьменьніцы друкаваліся на радзіме. Апошнім разам у канцы 90-х, у невялікім менскім выдавецтве выйшла яе «Чарнобыльская малітва». Цяпер жа выйшла кніга, якая завяршае нізку «Галасы ўтопіі».
Алексіевіч мяркуе далей пісаць пра нешта іншае: каханьне, старасьць:
«Сёньня мяне ўжо цікавіць чалавек увогуле, іншыя тэмы. Паглядзіце, вось людзі дзякуючы мэдыцыне атрымалі плюс 30–40 гадоў жыцьця, але ніхто ня ведае, што зь ім рабіць. Асабліва ў Беларусі. Адна старая немка мне неяк сказала: старасьць — гэта таксама вельмі цікава».
Вялікую ўвагу на сустрэчы прыцягнуў да сябе хударлявы дзед, які задаваў пытаньні відавочна ня проста так... А потым узяў і заявіў: «А дзе асабіста Вы былі, калі героі, пра якіх Вы пішаце, пісалі даносы?»
Што не магло ня выклікаць сьмеху і нават абурэньня ў зале. Дзед неўзабаве сышоў. Але засталіся ўдумлівыя, дапытлівыя людзі, якія хацелі пачуць адказы на розныя пытаньні. Некаторыя выклікалі раздражненьне ў самой пісьменьніцы праз тое, што пра тое самае пытаюцца занадта часта, іншыя — праз хіхіканьне ў зале. Як, напрыклад, прадказальнае пытаньне пра беларускую мову. Але ніводнае пытаньне не засталося без адказу. Тым больш цікава слухаць Сьвятлану Алексіевіч, якая, адказваючы на нейкае вонкава простае пытаньне, закранае экзістэнцыйныя глыбінныя, а ня проста часовыя зьявы.
Пісьменьніца выказалася пра нянавісьць, свабоду і Майдан.
Алексіевіч: Такое адчуваньне, што жыцьцё рухаецца па нейкім тым самым коле, быццам мы ня ведаем гісторыі. А калі б мы ведалі гісторыю, дык, можа быць, некалі ў нас ня так бы гарэлі вочы, мы паводзілі б сябе больш разумна. І, можа быць, ведаючы чалавека больш, мы б нейкія рэчы маглі раней прадказаць. Вартаваць у сабе чалавека вельмі важна, вельмі лёгка сасьлізнуць: канфармізм, нянавісьць. Гэтыя рэчы вельмі лёгка робяцца. Тым больш у нашай культуры. Нас толькі і вучылі культуры гвалту: спачатку прыйшлі людзі з рэвалюцыі, потым прыйшлі з вайны, з Чарнобылю, з Афгану. Вось ён — галоўны досьвед нашага жыцьця. І таму я ніколі не зьдзіўляюся нянавісьці. Я разумею, што гэта пачуцьцё слабога чалавека, які нічога не зразумеў і ня хоча разумець.
А нянавісьць — ніколі ня выйсьце. І вось пятая кніга падвяла для мяне пэўны падрахунак і абсалютна нечакана вывела мяне да тэмы рэстаўрацыі. Яшчэ пяць гадоў таму, здавалася б, у паветры гэтым ня пахла. Хаця тое, што ў нас адбываецца, гэта наогул «спынены час»: капіталізм, сацыялізм, імпэратарства — усё разам. І раптам у Расеі запахла рэстаўрацыяй, і хутка мы гэта ў сябе адчуем. І як гэтаму супрацьстаяць? Мы ня вельмі гатовыя да гэтага... Я думаю, Кіеў не напалохае гэтых рэстаўратараў...
Так што сёньня вельмі складаны час. Камунізм сышоў, застаўся чалавек, які ня ведае, як жыць. Гэтыя ўсе нашы рамантычныя ўяўленьні пра жыцьцё, яны такія кухонныя, тусовачныя. Нават вымаўляючы слова «свабода», мы дрэнна разумеем, што гэта такое. Таму што калі б чалавек верыў, што нашы прыйдуць — і будзе свабода, ён бы не пісаў мне «будзем такіх, як ты, ставіць да сьценкі». Гэта не свабода. Значыць ні на тым баку барыкад, ні на гэтым пра свабоду ніхто ня мае ўяўленьня. Каштоўнасьць жыцьця — капейкі. Вы разумееце, што гэта самае страшнае? Вось нават калі я гляджу на Кіеў (я ж напалову ўкраінка)... як я захоплена ўспрымала ўсё спачатку! І як цяпер, калі бачу многія рэчы, мне страшна. Мае сябры адтуль пішуць — ім таксама страшна. Таму што няма свабодных людзей. Усе гавораць пра свабоду. А свабодных людзей няма. І вось тое, што павінна рабіць літаратура, і тое, у імя чаго я напісала ўсе гэтыя пяць кніг: гэта пра тое, што свабода не на вуліцы, а ўнутры. Вось дзе адбываецца, як кажа Дастаеўскі, барацьба дабра і зла. У душы — на гэтай тэрыторыі адбываецца самае галоўнае. Няма чаго бегчы на вуліцу, таму што, калі душа пустая, ты пабяжыш туды з сякерай.