Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Чаму гэтая размова магла і не адбыцца?
Максімюк: Я ведаю адказ, але я проста хацеў бы, каб у нашай размове прагучалі адказы і на зусім відавочныя пытаньні...
Алексіевіч: Калі Вы чыталі мае кнігі, дык Вы ведаеце, што там зусім іншае стаўленьне. Я стаўлюся да гэтага сьвету як гуманітарый...
Максімюк: А я стаўлю такія відавочныя пытаньні якраз таму, што ведаю, якія камэнтары ў Беларусі зьбіраюць Вашы інтэрвію... Людзі цяпер, калі можна так сказаць, чапляюцца за кожнае ваша слова...
Алексіевіч: Ну дык вось чаму мне і ня вельмі хацелася з Вамі размаўляць. Не таму, што я дрэнна стаўлюся да Радыё Свабода, хоць яно ўжо крыху стала такім гета — туды ходзяць асаблівыя людзі, асаблівы адбор такіх агрэсіўных людзей... А таму, што я ведаю, што ўсё роўна нешта знойдуць... Наша культура і наш час — настолькі табуіраваныя, што замест сур’ёзнага аналізу, абмеркаваньня, цьвярозага стаўленьня да сябе і сапраўды сур’ёзных размоваў, якія маглі б адбывацца хоць бы ў нашым коле — зараз зноў пачнецца гутарка пра тое, што яна не гаворыць па-беларуску і што яна ня вельмі любіць беларусаў. Рэч ня ў тым, люблю я беларусаў або не. Я хачу, каб мы думалі. Час цяпер вельмі складаны. Ад таго, што мы тут адзін аднаго б’ём па галаве, да ўлады прыходзяць зусім іншыя людзі, і наша Беларусь засталася тры кілямэтры ззаду замест таго, каб выкарыстаць тыя шанцы, якія былі ў яе ў пачатку перабудовы. І мы, менавіта з-за такой агрэсіўнасьці часткі нашага грамадзтва, страцілі той час і тую магчымасьць.
Максімюк: Я не магу Вам абяцаць, што рэакцыя на гэтую нашу размову будзе неагрэсіўная. Але я маю надзею, што сам я гавару з Вамі не агрэсіўна...
Алексіевіч: Так, не перажывайце. Я пагадзілася на размову з Вамі таму, што гэта якраз Вы папрасілі...
Пра савецкае і беларускае
Максімюк: У расейскай Вікіпэдыі пішуць, што Вы — савецкая і беларуская пісьменьніца. Вы прымаеце без засьцярогі абодва гэтыя эпітэты? Савецкая пісьменьніца — гэта гучыць горда? А як зь беларускай?
Алексіевіч: Ну, чаму горда? Гэта быў час, у якім я пражыла большую частку свайго жыцьця. І я ў сваіх «чырвоных утопіях», скажам так, стала энцыкляпэдыстам савецкага часу — гэтых 100 гадоў, таму што савецкі, «чырвоны чалавек» ня скончыўся з канцом савецкай сыстэмы, а жыве і ў наш час... Я апісвала гэты час. Я была часткай гэтага часу. Я не магу сказаць пра кагосьці «савок» або «гома савецікус», бо я была такім самым «гома савецікусам», як і тыя людзі, зь якімі я жыла. Навошта адмаўляцца ад свайго часу, ад пражытага жыцьця? Трэба зразумець, што гэта было і чаму гэта зьнікла, і як гэта зьнікала. Вось у чым справа. Так што эпітэт «савецкі» зусім мяне не прыніжае.
А беларуская пісьменьніца? Я жыву ў Беларусі і я лічу сябе беларускай пісьменьніцай. Адначасова я не магу адмовіцца ад расейскай культуры, проста я апынулася ў такім часе, дзе ўсё гэта было зьмешана, дзе ўсё гэта было як бы ў адным сплаве. І гэта немагчыма так агрэсіўна разьдзяліць. 90% Беларусі размаўляе на расейскай мове. І што вы з гэтым зробіце, нават калі на кожным скрыжаваньні вы будзеце крычаць, што трэба любіць родную мову? Каб любіць родную мову, трэба было па-іншаму пражыць апошнія 200 гадоў. Гэтай магчымасьці ў нашага народу не было. Але гэта ня значыць, што я не павінна яго любіць і паважаць. Проста гэты наш час існуе ў такім раскладзе. У гэтым трэба існаваць і палітыкам, і нам, гуманітарнай эліце. Трэба гэта зразумець. Мне падабаецца, як вы гаворыце па- беларуску, мне падабаецца мова шмат якіх маладых людзей... А вось вывучаная беларуская мова, на якой гаворыць частка людзей, гэта не зусім беларуская мова. Ды важна, што людзі хочуць на ёй гаварыць, і слава Богу. Але народ гаворыць або на трасянцы, або па-расейску.
Пра Станкевіча і Федарэнку
Максімюк: Калі гаворым пра любоў да беларускай мовы, у мяне такое пытаньне: наколькі для Вас істотнае тое, што ў Беларусі ствараецца на беларускай мове — то бок перш за ўсё беларуская літаратура, пераклады, песьні бардаў? Для Вас важна, каб беларуская мова не памерла для нацыянальнай культуры? Ці, можа, яе сьмерць — ужо непазьбежны працэс, а значыць, ня варта моцна і натужвацца?
Алексіевіч: Магчыма, я да гэтага падыходжу крыху інакш. Мне цікавы ўзровень, на якім зроблена нейкая рэч. Разумееце, любіць нешта бяздарнае або сярэдняе проста ад патрыятызму я не лічу абавязковым. Я люблю тое, што мяне адкрывае, я люблю сапраўдныя рэчы... Напрыклад, «Любіць ноч — права пацукоў» Юрыя Станкевіча. Я помню, што калі гэта прачытала, я ахнула. Я ўбачыла добра зробленую рэч. Для мяне важны ўзровень, а ня тое, на якой гэта мове... Які сэнс у чымсьці, што перакладзенае на іншую мову нагадвае дзіцячы садзік.