Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
«Гэтая кніга больш за ўсё пра тое, як мы жылі, і як гэта жыцьцё скончылася, і мы апынуліся ў разгубленасьці. У нас у Беларусі час наагул спыніўся...
Гэтая кніга вызваляе нас ад чорна-белага сьвету. Раптам мы бачым, што сацыялізм — больш складаная зьява. Чалавек, які застаўся пасьля сацыялізму — ён і ахвяра, і кат адначасова. Гэтая кніга прымушае нас думаць пра гэты сьвет, і як цяжка людзям у гэтым сьвеце перарабіцца самім».
Потым было шмат пытаньняў — і пра літаратуру, і пра тое, як зьмяніць жыцьцё, пра мэнтальнасьць беларусаў, і наагул, філязофскіх пытаньняў. На думку Сьвятланы Алексіевіч:
«Самая галоўная бітва адбываецца не на барыкадах, не на Плошчы, не на Майдане. Самая галоўная бітва адбываецца, калі чалавек вырашае, ідзе ён на Майдан ці не ідзе, выдае ён кнігу ці не выдае, выганяе ён студэнта, які быў на Плошчы ці не, студэнт вырашае, іду я на Плошчу ці не. Дабро і зло змагаюцца ўнутры чалавека. Вось там самая галоўная барацьба».
Спрадвечнае пытаньне: чаму Алексіевіч не размаўляе і ня піша па- беларуску?
«Вы ведаеце, тое, што я рабіла — вось гэтую вялікую працу — гэта была энцыкляпэдыя ўтопіі, гісторыя ўтопіі. А «ўтопія» размаўляла на расейскай мове. Калі б я напісала толькі пра беларусаў — гэта была б няпраўда. Тады была сапраўды велізарная краіна, ахопленая велізарнай ідэяй. Таму я пра гэта пішу. Усё ж нядаўна мы былі агульнай велізарнай краінай».
На пытаньне, ці лічыць Сьвятлана Алексіевіч беларускую нацыю выміраючай, пісьменьніца адказала так:
«Калі мяне не зусім дакладна перадала нямецкая журналістка, было вельмі шмат спрэчак, маўляў, Алексіевіч супраць беларускай мовы. Не, я ня супраць беларускай мовы. Я сказала проста, што 200 гадоў ёй не давалі разьвівацца, і гэта адбіваецца сёньня. Гаворка ішла толькі пра гэта. Што 200 гадоў нам не далі жыць як паўнавартаснай нацыі, зьнішчыўшы эліту. Размаўлялі ў асноўным па-расейску. Гаворка ішла толькі пра гэта. Я ня думаю, што беларусы — выміраючая нацыя. Ні ў якім разе!»
Кнігі Сьвятланы Алексіевіч выдадзеныя ў 30 краінах сьвету, найбольш папулярнымі яны сталі ў Швэцыі, Нямеччыне, Францыі. Сама яна больш за 10 гадоў жыла за мяжой і правяла сотні сустрэч з чытачамі. Што больш за ўсё цікавіць замежнікаў, якія пытаньні яны задаюць на сустрэчах?
«Скажыце, чаму вось бясконцыя пакуты, прыніжэньні не канвэртуюцца ў свабоду, годнасьць? Ну чаму людзі, што перамаглі ў такой страшнай вайне, потым ідуць у стойла? Адзінае, што яны бачаць — што праблема нашмат шырэйшая, больш шматгранная, чым яны сабе ўяўлялі: што Пуцін — дыктатар, Лукашэнка — дыктатар. Не. Як яны кажуць: мы разумеем з кнігі, што гэтыя тыпажы — замова грамадзтва, гэта акумуляванае жаданьне грамадзтва. Значыць, грамадзтва знаходзіцца на такой стадыі разьвіцьця. Яны пытаюцца, чаму гэтыя пакуты не канвэртуюцца ў свабоду. Вось чаму?!»
Што да прагнозаў на будучыню, пісьменьніца іх ня робіць. Але надзею на будучыню ў прысутных яна паспрабавала ўсяліць. Сказала, што верыць у эфэкт травы, якая ўсё ж праб’ецца:
«Тым, хто старэйшы, я хацела б сказаць: ня трэба адчайвацца. Усё ж галоўнае мы зрабілі: камунізм пераможаны. А маладым людзям я хацела б сказаць: рыхтуйцеся да будучыні, яна ўсё адно прыйдзе. Будзе эўрапейская будучыня. Але рыхтуйце сябе — гэты час вельмі жорсткі...
Час любой формы таталітарызму ўсё ж канчаецца. Ужо нельга зрабіць Паўночную Карэю ў цэнтры Эўропы. Усе такія рэчы канчаюцца».
18 лютага 2014
Іна Студзінская, Менск
18 лютага ў крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» адбудзецца прэзэнтацыя беларускай вэрсіі новай кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека» з удзелам аўтаркі.
Прэзэнтацыю ладзіць кнігарня «ЛогвінаЎ», паведаміў арт-дырэктар кнігарні Павал Касьцюкевіч:
«Сьвятлана Алексіевіч — самадастатковая пэрсона, фармат яе выступу звычайна сольны. На імпрэзу запрошаныя перакладчыкі Валер Стралко і Ціхан Чарнякевіч».
Кніга выйшла ў выдавецтве «ЛогвінаЎ» у бібліятэцы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў «Кнігарня пісьменьніка». Некалькі дзён таму, на прэзэнтацыі гэтага твору на ХХІ Менскай міжнароднай выставе- кірмашы, Сьвятлана Алексіевіч падзякавала за выданьне свайго твору па-беларуску:
«Выдавецтва «ЛогвінаЎ» і Барыс Пятровіч зь Беларускім саюзам пісьменьнікаў — малайцы. Вось прыклад таго, што ўсё залежыць ад чалавека. Таму што яны маглі таксама сказаць: «Лепш ня зьвязвацца з гэтай Алексіевіч. Лепш ня мець непрыемнасьцяў...» Не, яны бяруць і выдаюць маю кнігу. Дарэчы, вельмі добра яе выдаюць...