Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе

Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды — XXI стагодзьдзе» выйшла кніга «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Пад адной вокладкай сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
1 ... 99 100 101 102 103 104 105 106 107 ... 189
Перейти на страницу:

Час расчараваньня

Максімюк: А як бы Вы параўналі стаўленьне ўлады да пісьменьніка цяпер і, скажам, 25 гадоў таму, калі яшчэ існавала савецкая сыстэма?

Алексіевіч: Я павінна прызнаць, што ў савецкую эпоху — як ні дзіўна гэта будзе гучаць — мы жылі ў больш эўрапейскім часе. Таму што існавалі нейкія стандарты. Падпадаў Брэжнеў або Машэраў пад гэтыя стандарты ці не — але гэтыя стандарты існавалі. І быў акрэсьлены ўзровень патрабаваньняў да эліты. Я тут не кажу пра савецкую літаратуру, але ўсё ж размова тады ішла пра «чалавека на выраст». А цяпер людзей пакінулі самім сабе, цяпер няма ніякіх аб’яднальных ідэй, акрамя таго, каб выжыць. Трэба прызнаць, што грамадзтва дэградуе. Адзінае, на што можна паспадзявацца, дык на жывую сілу ў людзях. Яны ўсё ж езьдзяць з тымі клятчастымі сумкамі па ўсім сьвеце ўжо 20 гадоў, яны бачаць, як жывуць іншыя, яны чамусьці вучацца. У кожным разе, калі зойдзеш у дом нават сярэдне заможнага чалавека, дык убачыш, што ўжо няма тых катухоў і маленькіх пакойчыкаў, а ёсьць вялікая вітальня, якую ён бачыў у Польшчы або Чэхіі. Гэта ўжо крыху іншае жыцьцё. Іншыя кветкі растуць у агародчыку. То бок само жыцьцё неяк рухаецца. І надзея толькі на гэта. А грамадзтва, у прынцыпе, рассыпалася.

Максімюк: Дык вось я хачу запытацца ў Вас пра сучаснае жыцьцё і грамадзтва. Я толькі што прачытаў Ваш «Час second-hand». У гэтай кніжцы расчараваньне жыцьцём у вашых герояў, якое наступіла пасьля падзеньня камунізму, калі можна так сказаць, заглушае ўсе іншыя эмоцыі. Француская перакладчыца Вашай кнігі якраз слова «расчараваньне» вынесла ў загаловак францускага выданьня, якое называецца «Канец чырвонага чалавека, або Час расчараваньня». З чым у першую чаргу зьвязанае гэтае расчараваньне — толькі з тым, што 25 гадоў таму вашы героі былі маладыя, а маладосьць — яна і ў таталітарнай сыстэме маладосьць, то бок найлепшы час у жыцьці чалавека? Ці, можа, ёсьць іншыя, менш асабістыя прычыны для гэтага татальнага расчараваньня жыцьцём у часе, які вы называеце «second-hand»?

Алексіевіч: Я думаю, што зводзіць усё да біялёгіі — гэта занадта спрошчаны погляд на людзей і на час, у якім мы апынуліся. Калі прыйшоў гарбачоўскі час, усе людзі рванулі — яны рванулі да нейкага справядлівага, сумленнага жыцьця. Гэта была, безумоўна, ілюзія. Мы тады былі наіўныя, праўда? І тое, што атрымалася, нікому не падабаецца — тое, як усё падзелена; тое, хто сёньня пры ўладзе; тое, якая цяпер улада; тое, што калі ў цябе ёсьць грошы, дык ты чалавек; а калі няма грошай, дык пайшоў ты пад стол і маўчы... Калі ў цябе ёсьць грошы, ты можаш жыць у запаведным лесе і ставіць сваё жытло, дзе толькі захочаш... А калі ты прыбліжаны да галоўнага, дык ты ўвогуле можаш рабіць што заўгодна. І, вядома, ёсьць расчараваньне ўсім, што, як кажуць, атрымалася яшчэ горшым, чым было. Не заўсёды можна з гэтым пагадзіцца, але людзям не падабаецца сёньняшняе жыцьцё. Ну, ня несьлі ж яны плякаты ў 90-тыя гады з падтрымкай Абрамовіча або з надпісам «Лукашэнку да ўлады». Ніхто ж гэтага не хацеў. Вось з чым зьвязана расчараваньне. Пры чым тут маладосьць? Маладосьць — гэта цалкам асобная рэч. А рэч у тым, што ў нас зноў атрымалася ня тое, чаго мы хацелі. Нельга нікога акрамя сябе вінаваціць у гэтым. Мы не былі да гэтага падрыхтаваныя, ні эліта, ні народ, якога мы, праўду кажучы, ня ведалі. Мы сядзелі на кухні і прыдумвалі сабе нешта. Так што вось аб чым людзі шкадуюць — аб тым, што ты сёньня яшчэ болей ніхто, чым пры савецкай уладзе. І гэта праўда.

Я, напрыклад, нядаўна езьдзіла па вёсках, была ў сям’і выдатных настаўнікаў, у якіх выдатныя дзеці. І яны ня могуць вучыць гэтых дзяўчатак. А ў савецкі час мае бацькі, настаўнікі, вывучылі траіх дзяцей, траім дзецям далі вышэйшую адукацыю. Сёньня гэта ўжо немагчыма.

Пісьменьніцкая доля

Максімюк: У сувязі з гэтым я хачу Вам паставіць больш асабістае пытаньне. Вас, Сьвятлану Алексіевіч, найбольш вядомую ў сьвеце пісьменьніцу зь Беларусі, жыцьцё ў цяперашнім часе таксама расчаравала? Калі так, дык чым?

Алексіевіч: Безумоўна, мяне расчаравала тое, што атрымалася — як і ўсіх нас. Я думаю, што ўсе, хто жыве непасрэдна тут, нейкага зачараваньня і надзеі на «эфэкт травы», то бок на тое, што вырастуць новыя пакаленьні, ня маюць. Новыя пакаленьні растуць, але яны даволі сэрвільныя. І гэта мне нейкага вялікага аптымізму не дадае.

1 ... 99 100 101 102 103 104 105 106 107 ... 189
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)