Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 98 99 100 101 102 103 104 105 106 ... 268
Перейти на страницу:

— Ну, гэта… Як яе…

— Рудакі, — падказаў Грыневіч.

— Не, вёскі не бачылі. Во тут унізе рэчка. Але неглыбокая. Перайсці можна. А далей узгорак, а на ўзгорку капаюць, — прыцішана, з прыкметнай шапялявасцю ад таго што ў яго выбіты спераду зуб, гаварыў Шапа.

Мы паглядзелі ў змрок, паслухалі. Аднак усюды было ціха — ні стрэлаў, ні ракет, адно па мокрых палатках дробна лапацеў дождж. Побач чулася зморанае дыханне Шапы. Тады Ананьеў аднекуль з-пад накідкі выцягнуў карту.

— Ану, захіні…

Ён прысеў у доле спіной да лагчыны, абхінуўся палаткай да яго схіліўся Грыневіч. Паверх іхніх галоў я накінуў яшчэ палу сваёй трохкуткі, і Ананьеў бліснуў слабаю плямкай з ліхтарыка. Праз шчыліну ля іх пляча мне сталі відаць іх рукі і краёчак карты. Карта была старая, страпаная, надрукаваная адной чорнай фарбай. Сапучы ад нязручнасці, камандзір роты пачаў разбірацца ў яе блытаных крывульках.

— Тут, здаецца, дарога? Ага?

— Якая дарога — то гарызанталь, — глухавата папраўляў яго нампаліт. — Во, глядіце, Рудакі. А далей на схіле павінна быць дарога. Во яна!

— Да? А гэта што? Ну-ка прачытай. А то язык зламаеш…

— Гэта рака. Во: «Флюс Све-тли-ца». Рака Святліца. Так, мусіць. Да яе мы яшчэ не дайшлі.

— Значыць, мы тут? Ага?

— Мабыць, так. Пагорак, дарога. Ну а мы — прыблізна от тут…

Ананьеў павёў светлым пятаком далей, вялікім пальцам выраўняў зморшчыны на паперы.

— Тады, мусіць, насупраць вышыня 117,0? Так?

— Мабыць, так.

— Нішто сабе ўзгорачак, ядрона вош! Гэ! — раптам узрадавана гукнуў камандзір роты. — Ды за ім жа станцыя?

— Ну, — пацвердзіў Грыневіч.

Сапраўды, на згібе аркуша прабягала тоўстая лінія чыгункі з характэрным кубікам станцыі на краі. Ад яе да вышыні было зусім блізка, і я падумаў тады, што гэтае станцыі нам не мінуць. Тут ужо як ні хітруй, а да станцыі выйдзеш, і пачнецца калатнеча — не дай бог. Не так даўно, у лютым, адна такая маленькая станцыя каштавала палку ледзьве не трох тыдняў баёў і васьмі брацкіх магіл.

У Ананьева, аднак, гэта выклікала зусім іншую рэакцыю.

— Ось яно што! А то надоечы Сырамятнікаў: «Станцыя, станцыя!» А я не ўцямлю, дзе гэтая станцыя! — падабрэла казаў ён. — Ось бы захапіць!

— Яшчэ што! — буркнуў Грыневіч.

Старшы лейтэнант выключыў ліхтарык. Яны абое ўсталі. Раптам Грыневіч трывожна ўскінуў голаў: стала чуваць, як нехта бег па дарозе знізу. Ананьеў таропка сунуў за пазуху карту і ступіў тры крокі наперад, я зняў з пляча аўтамат. Неўзабаве зусім побач з цемры вынікла постаць байца. Убачыўшы сваіх, ён з бегу перайшоў на цяжкі таропкі крок.

— Ты, Крывашыяў? — ціха гукнуў Ананьеў. Крывашыяў яшчэ зводдаль усхваляваным шэптам загаманіў:

— Таварыш старшы лейтэнант, трэба ўдарыць! Капаюць на гары, аховы з гэтага боку няма ніякай. Мы іх голымі рукамі, як куранят, возьмем. Ванін кажа: толькі хутчэй!

Ён выпаліў усё гэта, ажыўлена тыцкаючы ў цемру рукой, з такім шчаслівым выглядам, нібы тое, што яны там убачылі, было для ўсіх найвялікшаю радасцю. I як ні дзіўна, гэтае пачуццё рызыковае ўзнёсласці ўраз перадалося камандзіру роты — той адразу напружыўся, напяўся і крутануўся да нампаліта.

— Ударым!

— Можа, спачатку разведаць? — без жаднага ўздыму сказаў Грыневіч, старожка ўзіраючыся ў ноч.

— Тожа скажаш: разведаць! Напалохаеш толькі. А то — пакуль ціха…

— Ага, пакуль ахранення не выставілі, — падхапіў Крывашыяў.

— А ракеты нічога не свецяць: снег з дажджом забівае.

Мы падпаўзлі да самай траншэі — відаць, як зямлю выкідваюць, — ад узбуджанасці дрыготкім голасам даводзіў дазорны.

Ананьеў, здаецца, не слухаў: яго самога ўжо ахапіла відавочнае нецярпенне — як заўжды, прадчуванне баявой удачы выцясняла з свядомасці ўсе іншыя меркаванні.

Грыневіч, аднак, па-ранейшаму заставаўся стрыманы і нерухома стаяў збоч, уцяўшы голаў у плечы. Нібы ўслухоўваючыся ў бязладныя парывы ветру, ён з паўзамі зазначыў:

— А суседзі? Трэці батальён вунь дзе. I з другім разрыў у два кіламетры.

— Падцягнуцца ўначы твае суседзі. Не дзе дзенуцца…

Грыневіч памаўчаў.

— Ну, хай — падцягнуцца. А патронаў у нас хопіць? Дапусцім, саб’ем. А ўтрымаем?

Сапраўды, патронаў магло не хапіць, іх у нас было надта ж небагата, і гэта з відавочнаю абгрунтаванасцю пляжыла такі зманлівы намер ротнага. Ананьеў на секунду застыў, нешта прыкінуў, і мне здалося — зараз загадае разгортваць узводы ў абарону. I сапраўды, ён павярнуўся тварам у тыл, паслухаў, зноў зірнуў у бок нябачнае вышыні і, з канчатковасцю прынятага рашэння, махнуў кулаком.

— А, была — не была!.. Рубанём — пабачым! Васюкоў, дуй за ротай!

1 ... 98 99 100 101 102 103 104 105 106 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)