Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
— Што там здарылася?
— Ды вунь дурань адзін Пульку ў ваду загнаў, — стрымана сказаў Ванін. Нампаліт страсянуў наліплы на плячах снег і пайшоў побач.
— А наогул — нашто вам сабака?
— Як гэта нашто? — не зразумеў Ванін.
— Каб хоць сабака, а то…
— А то шчанюк карослівы… — скончыў за лейтэнанта Ананьеў.
— Вот іменна. На месцы камандзіра роты я б загадаў прыстрэліць, і ўсё.
— Хай жыве, — са змрочнай рашучасцю абвясціў Ананьеў. — Ці баішся: нас перажыве?
Перш чым адказаць, Грыневіч зноў памаўчаў.
— Нас гэта не датычыць. А вось брэша зусім недарэчы.
— Калі на Піліпенкавых, дык дарэчы, — нязгодна падхапіў ротны. — Камандзір узвода не камандуе, дык хоць Пулька…
Я ішоў ззаду за ўсімі і згледзеў, як Піліпенка, варухнуўшы каскай, неяк крыўдліва насцярожыўся пад мокрай палаткай.
— Усэ вам Пылыпэнка! Шо, я буду гнаты кожнага? Бачытэ, яка дарога! — сказаў старшына, і твар яго зморшчыўся амаль у пакутніцкім выразе. Ананьеў рэзка азірнуўся.
— Пры чым тут дарога! Камандзір размазня!
— Камандзір…
— Ага, камандзір! Бо камандаваць трэба! — выпаліў ротны.
Усе непрыемна змоўклі: як заўжды ў такіх выпадках, злосць старшага лейтэнанта чапляла не толькі вінаватага, але і тых, хто быў побач. Здавалася, пасля Піліпенкі Ананьеў возьмецца за наступнага, і кожны адчуваў сябе гэтым наступным. Па схіле рота выходзіла на пагорак, вецер памацнеў; мокры снег з дробным дажджом сек па плячах і касках. Мы хуткім крокам абміналі калону.
— Недзе паблізу немцы, — пасля гнятлівае паўзы паспакайнелым голасам сказаў камроты. — Падцягніце людзей. Падвоіць назіральнікаў па баках. Назначце слухачоў. Піліпенка, вам змяніць галаўны дазор!
Старшына, адтапырваючы полы палаткі, здзіўлена развёў рукамі.
— Так моі ж од півдня ішлы… Шчэ ёго час не выйшаў, — павярнуўся ён да Ваніна.
— Што — ёго! — павысіў голас Ананьеў. — Я табе загадваю. Ці не зразумела?
Камандзір роты злаваў, але я думаў, што прычынай тае злосці наўрад ці быў Піліпенка. Старшы лейтэнант нерваваўся ўвесь надвячорак, з таго самага часу, як роту аўтаматчыкаў вылучылі з палкавога рэзерву і павярнулі ўбок, каб заткнуць нейкую прарэху на фланзе. Батальёны пайшлі па бальшаку, а мы ўлезлі ў гразь на прасёлку, перайшлі балота, вымаклі, намарыліся ды яшчэ, у дадатак, засталіся без фурманкі з такім-сякім ротным майном, мяшком сухароў і патронамі. Праўда, ПНШ абяцаў, як пад’едуць тылы, паслаць фурманку следам за ротай, але, мусіць, здарылася няўпраўка, фурманка нас не дагнала, і мы, апроч таго што згаладнелі, маглі яшчэ і застацца без боепрыпасаў.
Піліпенка бурчаў:
— Кого я назначу? Попрыставалы усі.
— А мне напляваць! — строга абарваў яго Ананьеў. — Хоць сам ідзі, калі назначыць не маеш каго.
— Ну і піду, — змрочна гааабяцаў Піліпенка.
— Толькі без «ну»…
Старшына памарудзіў і адстаў на крок, апынуўшыся са мной побач. Выгляд яго зрабіўся зусім пакутніцкі, як заўжды, калі ён атрымліваў вымову ад начальства, што ўвогуле здаралася нярэдка. Справа ў тым, што Піліпенка служыў у дывізійнай АХЧ і толькі перад наступленнем за нейкую правінку быў пераведзены ў роту аўтаматчыкаў. Яго паставілі камандзірам узвода, але ўзводны з яго, здаецца, атрымаўся ніякі, і ён часта камандаваў недарэчы, а галоўнае — зусім не мог змаўчаць перад начальствам, калі тое, як яму здавалася, рабіла што-небудзь няправільна ці несправядліва.
Як заўжды, даўшы выказацца камандзіру роты, у спрэчку ўступіў яго намеснік.
— Як гэта вы дзіўна разважаеце… — азіраючыся, сказаў Грыневіч, — У вас жа ўзвод.
— Якый цэ взвод? Двадцяць чоловік та й ті не ідуць, а валакуцця.
— Быццам адны вашы так валакуцца… — папракнуў Ванін.
— Так у тэбэ скількы? Трыццаць два. А у мэнэ двадцяць тры.
— Мае ноч у ахраненні былі.
— А мае копалы.
Увогуле, слухаць гэта было не дужа прыемна, але спрачаліся ўзводныя не першы раз, і Ананьеў глядзеў на тое не строга. Праўда, ён заўжды быў на баку Ваніна, які, зрэшты, і сам мог абараніць сябе, толькі часам у малодшага лейтэнанта не хапала на тое ўпартасці. Піліпенка ж мог спрачацца бясконца.
— Ладна, — ні да кога не звяртаючыся, сказаў Ванін. — Я сам змяню. Толькі трэба б і совесць мець.
Ненастойлівы, быццам між іншым выказаны папрок малодшага лейтэнанта, аднак, зачапіў Піліпенку.
— А што я для сэбэ выгадую? Вы глянтэ, які в мэнэ ваякі. Та й бісова дорога…