Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
— Стой! Рота, стой! Назад! У траншэю назад!
Тады я нібы ачнуўся ад гарачай задухі, зразумеў, што жывы, і пачаў марудна ўставаць на ногі. Плячо пякотка мярцвела, рука аблівалася чымсьці гарачым, з рукава хуценька і часта закапала ў мокры дол.
5
Я чуў, як камандзір роты некага паклікаў, той неўзабаве падбег да мяне, падняў з долу аўтамат, паправіў на галаве каску. У гэты час я ўжо ўстаў і зрабіў са два крокі. Ногі мае былі цэлыя. Рану на плячы я сціснуў здаровай рукой, але з Рукава ўсё капала — штораз то болей. Баец падхапіў мяне пад паху здаровай рукі. — Пастой, Васюкоў, перавязаць трэба. Чуў я, здаецца, толькі адным вухам і па голасе пазнаў яго — то быў Лутохін з узвода Піліпенкі. Але я не хацеў тут спыняцца, — непадалёк усё яшчэ трашчалі аўтаматы, і ўгары ва ўсіх кірунках дзігалі кулі, Ананьеў прапаў недзе, мусіць, з узводам Ваніна пабег далей, на другі схіл вышыні. Частка роты, аднак, асела тут, у траншэі, я трохі чуў галасы і ішоў туды. Лутохін зважліва падтрымліваў мяне. Вецер насіў у паветры мокрыя сняжынкі.
Мы саскочылі ў гразкую траншэю, у якой ужо гаспадарылі аўтаматчыкі, трое ці болей з іх выкідвалі прэч забітага немца, але, мусіць, не дабралі сілы і ніяк не маглі ўзваліць яго здаравеннае цела на бруствер. Тады адзін вылез з траншэі, і з яго дапамогай байцы як-колечы ўзвалаклі забітага наверх. Цягнуць яго далей у іх не было ахвоты.
— Хай пруцянее. Усё ад куль укрыцце.
Баец прысеў над забітым і пачаў дзелавіта абмацваць яго кішэні, іншыя гідліва выцерлі аб шынялі далоні і далі прайсці нам. Нехта, пазнаўшы мяне, пацікавіўся:
— Што, накалолі, Васюкоў?
— Накалолі, — замест мяне адказаў Лутохін. — Не бачылі, дзе Цвяткоў?
— А хто яго… Пад гарой, мусіць.
— Ззаду, ведама, чаго яму тут быць?
Лутохін клапатліва зняў з мяне рэшткі пашкуматанай выбухам палаткі, неяк адчапіў лямкі рэчавага мяшка, таксама пасечанага асколкамі. Хістаючыся, я прайшоў яшчэ некалькі крокаў па свежавыкапанай траншэі і на паваротцы сутыкнуўся з старшыной Піліпенкам. Шорхаючы аб вохкія сцены палаткай і аддаючы каманды, той шыбаваў па траншэі. Згледзеўшы мяне, закрычаў:
— Ты куды? Ану, гэць на місцэ! — і спахапіўся: — Цэ хто?
— Гэта я, — стараючыся заставацца спакойным, сказаў я. — Дзе Цвяткоў, не бачылі?
— Васюкоў? — здзівіўся старшына. — А дэ ж камандзір роты?
— Там, — кіўнуў я ў бок, дзе ўсё яшчэ патрэсквалі чэргі.
— Тэбэ параніло? Ага? А цэ хто? Лутохін? — пазнаў Піліпенка. — Вас тэ ж параніло?
— Ён памагае, — сказаў я.
— Ніякіх памагатых! — адрэзаў Піліпенка. — Па ўставу забаронэно. Шагам марш, Лутохін. Далажыць камандзіру аддзялення.
Глядзі ты, якая строгасць, раздражнёна падумаў я. Перад камандзірам роты ён маўклівы няўклюда, а тут — такая непрыступнасць! Піліпенка, аднак, узяў у байца мой аўтамат, і Лутохін паныла паплёўся па траншэі да свайго аддзялення.
— Пішлы. Цвіткоў бліндаж асвоюе, — сказаў Піліпенка. — Такый гарный бліндаж…
Старшына павярнуўся і, па-ранейшаму дзеручы палаткай сцены траншэі, вузкаватай для яго шырокага цела, напорыста рушыў кудысьці ў змрок.
Мы прайшлі, мабыць, метраў дзвесце. Траншэя, віляючы ў бакі, цягнулася па ўсёй вышыні — ад схілу да схілу. Месцамі яна была зусім мелкай — да пояса і нават да калень, у дне валяліся кінутыя немцамі рыдлёўкі, утаптаныя ў гразь палаткі. Там і сям аўтаматчыкі з узвода Піліпенкі таропка дзяўблі яе тыльную сцяну — уразалі стралковыя ячэйкі. Скіраваныя ў другі бок, нямецкія цяпер былі без патрэбы. Піліпенка па-начальніцку пакрыкваў:
— Швыдэнька, парубкі! Удараць міны — траншэя мамачкай будэ.
Ён ужо рыхтаваўся да абароны. Вядома, немцы маглі ўдарыць, але на тым фланзе ў Ваніна яшчэ ішла перастрэлка. Ці не варта было б памагчы? Праўда, камандзір роты, здаецца, аб тым не загадваў, а Піліпенка без загаду не меў завядзёнкі залішне выпінацца наперад.
Цвяткова мы знайшлі ля ўвахода ў бліндаж, які ён завешваў палаткай.
Піліпенка гукнуў:
— Цвіткоў!
— Ну…
— Ось параніты.
— Хто? — затыкаючы ўгары канцы палаткі, абыякава запытаў Цвяткоў. Я азваўся. На санінструктара маё раненне, аднак, не зрабіла ніякага ўражання.
— Чакай. Зараз закончу — паглядзім.
— Багато ранэных? — запытаў старшына.
— Ерунда, тры чалавекі, Не лічачы Крывашыява.
— А што Крывашыяў?
— Гатоў — што? Перавязаў — толькі бінты папсаваў.
— Крывашыяў? — чагось не мог даўмецца Піліпенка.
— Ну. Чаго здзівіўся? Хіба ён ад куль заварожаны.