Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
Было яшчэ што-колечы бачна, снег на траве не таяў. Схіл усё падымаўся ўгору, мусіць, недалёка была вяршыня, але прыцемкі ўсё ж хавалі яе. Вецер па-ранейшаму нёс рэдкае ахлоп’е снегу, дажджу не было, хоць ад таго не стала сушэй.
Урэшце Ванін, які бег крышку ўбаку і наперадзе ад нас з ротным, у цішыні шчоўкнуў затворам аўтамата. Ананьеў дастаў з-за накідкі свой «вальтэр». Я таксама зручней перахапіў ППШ — падсвядомае адчуванне сведчыла: неўзабаве пачнецца.
Пэўна, ужо ўся рота як-колечы разышлася ў няроўны блытаны ланцуг. Праўда, той яе фланг нябачна знікаў у прыцемку, а на гэтым аўтаматчыкі зноў збіліся ў густаваты для атакі шэраг. Схіл між тым патроху выроўніваўся, бегчы стала лягчэй, але наперадзе ў шэрым заснежаным паўзмроку ўгадвалася новая круцізна, і там жа нешта чарнела — хмыззё або зноў ворыва. Магчыма, аднак, там былі немцы. Каб у такі час не аказацца за спіной у Ананьева, я трошкі аббег яго і пайшоў амаль поруч. Ён адразу заўважыў тое і раптам крута падаўся бліжэй.
— Гранаты ёсць?
У кішэнях у мяне заўсёды былі дзве «лімонкі», якія я бярог на крайні выпадак. Цяпер я мусіў дастаць адну, і камандзір роты амаль выхапіў яе з маіх рук.
Тады ўпершыню спераду данёсся чужы, трывожлівы гук. Было падобна, быццам нехта пастукаў дрэвам па дрэве — можа, насаджваў на чаранок рыдлёўку або збіваў з яе гразь. Ананьеў на секунду спыніўся, але зноў шырока засігаў па мокрай, аснежанай траве.
Так мы падбеглі да самай крутой мясціны і, хапаючыся за галлё нейкіх кусцікаў, бокам, каб не паслізнуцца, нязграбна палезлі ўгору, нехта ўсё ж паслізнуўся, упаў, але тут жа вёртка падхапіўся. Ванін, тонкі і спрытны ў сваёй ватоўцы, некалькі разоў узмахнуўшы рукамі, хуценька ўзбег на пагорак. Мы з Ананьевым трохі запазніліся і адсталі ад узводнага крокаў на дзесяць. Я стараўся як мог, але ледзьве паспяваў за камроты: у баі той таксама паказваў проста дзіўную для яго няўклюднага цела рухавасць.
На самай броўцы я, на няшчасце, таксама паслізнуўся і ўпаў. Добра, аўтамат быў на шыі і не загрымеў уначы, каска таксама затрымалася на галаве, а то б быць бядзе. Ананьеў ужо выскачыў на роўнае, папраўляючы каску, я таксама вытыркнуўся з-пад абрыву і тут жа прысеў, адчуўшы няладнае.
Наперадзе не болей чым у дваццаці кроках была траншэя.
Пэўна, мы натрапілі на яе самы фланговы канец. Раскапаная зямля выразна чарнела ў шаравата-заснежаным доле. Мяркуючы па невысокім, шырока раскіданым брустверы, траншэя была яшчэ мелкая, толькі пачатая. Чорная яе крывуліна кінулася ў вочы з першага ж позірку. Там, у ёй, варухнулася нешта жывое. Жывое гэта раптам прыпыніла свій рух і замерла. У наступнае імгненне стала зразумела, што гэта — немец і што ён ужо ўбачыў нас, але не мяне і, мабыць, не Ананьева, а некага, хто ўжо апынуўся побач з траншэяй. Немец, прыгорблены, з рыдлёўкай зямлі ў руках, змярцвеў на імгненне, затым глуха ўскрыкнуў. У той жа час да яго цераз бруствер спружыніста матлянуўся хтось з нашых (я не адразу зразумеў, што гэта Ванін), коратка ткнуў немца, і той хіснуўся на спіну, знік у траншэі. Ванін прапаў разам з ім, некалькі пакутліва доўгіх імгненняў не было відаць яго, аж потым у баку за брустверам слізганула ў змроку прыгнутая постаць з малаю пехацінскай лапаткай у руках.
Мы з Ананьевым шырокімі скачкамі кінуліся да траншэі. Але мы яшчэ не паспелі дабегчы да яе, як зводдаль хлёстка шчоўкнула ў цішы, і прыцьмелую высь над полем з шыпучым трэскам прарэзаў агняны хвост асвятляльнай ракеты. Яна распусцілася крышачку ў баку ад вышыні, неба навокал шырока запалілася сцюдзёным, ліхаманкава дрыготкім святлом. Аслепленыя яе прарэзліваю яркасцю, мы ўсё ж згледзелі, як у загінастай зяпе траншэі сям-там знерухомелі постаці немцаў. I тады недзе побач з пругкім пранозлівым трэскам ударыў аўтамат.
Мільготкае святло зверху трывожна хіснулася ўніз, мноства выгінастых даўжэзных ценяў шаснула па зямлі ўбок. Стараючыся не згубіць Ананьева, я следам за ім сунуўся ў траншэю. Пад ногі трапілася нешта незразумела мяккае, з гідлівасцю і страхам я сігануў далей, штурхнуўся ў прыцемках аб камандзіра роты. Ананьеў стрэліў. Прысеў, ды раптам дужа тузануўся правым бокам угору — кінуў гранату. Не чакаючы выбуху, я памкнуўся наперад, але камроты дужым рыўком за палатку асадзіў мяне ўніз, у цеснату траншэі. Недзе побач ля самае галавы паветра прапарола чарга: я гэта адчуў нейкай надзвычай абвостранай часцінкай пачуцця, якая, мабыць, адна і кіравала ў баі. У той жа час зусім блізка за брустверам люта грымнула, зямля, пыл і трацілавы смурод горача пыхнулі ў твар.