Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
Угінаючы голаў ад ветру, Грыневіч азірнуўся на старшыну.
— Ну і што ж: баявая абстаноўка. А ў прысязе як сказана: стойка пераносіць усе цягаты і лішэнні ваеннай жызні.
— Та чулы, — буркнуў Піліпенка.
— Ось і кепска, што чулі, а байцам не ўнушаеце.
На тое Піліпенка не адказаў. Мы прыпыніліся, бо камандзір роты, адвярнуўшыся ад ветру, з трафейнай цыгарэтай у зубах, пачаў шукаць па кішэнях запальніцу. Вецер апантана рваў полы ягонай накідкі, пад якой у старшага лейтэнанта быў кароткі шынэлак, падпяразаны абвіслай камсастаўскай дзягай з трафейным «вальтэрам» у кабуры. Іншага рыхтунка — партупей, сумак, компасаў — Ананьеў не прызнаваў і хадзіў ва ўсім салдацкім, вылучаючыся хіба што пагонамі з адною палоскай без зорак ды даўгалыгім ростам. Мы пачакалі, пакуль ён, заціснуўшы між калень палку, прыкурыў пад палою накідкі.
— Што мараль чытаць, — холадна сказаў камроты. — Сам не ўломак. Адставакі ёсць?
— Няма, — трошкі паспешлівей, чым звычайна, адказаў Піліпенка.
З-пад капюшюна накідкі Ананьеў падазрона скасавурыўся на яго.
— Правяраў?
— Ну… — насцярожана адказаў старшына, і ўсім стала зразумела, што не правяраў.
Камандзір роты хуценька акінуў позіркам байцоў, што, хлюпаючы абуткам, праходзілі міма.
— Дзе Чумак?
— Тут був, здаецца…
— Був? А цяпер дзе?
Піліпенка дужа пакутна хмурыўся, надзімаўся, і мне міжволі стала шкада старшыну. Як-ніяк з усіх камандзіраў у роце ён быў самы старэйшы, паводзіў сябе стрымана, з нейкаю нават годнасцю, але Ананьеў чамусьці не зважаў на тое і спаганяў са старшыны, мабыць, болей, чым з іншых. Ідучы побач, я напружана ўзіраўся ў постаці ягоных аўтаматчыкаў. Аднак дарма. Чумака, як на тое ліха, нідзе не было, і Ананьеў з прыкрасцю тыцнуў палкай у гразь.
— Ось так і палучаецца! Знайсці і далажыць! — са злосцю загадаў ён і вылаяўся.
Піліпенка моўчкі павярнуўся і валюхаста зашлёпаў па гразі. Ананьеў крыкнуў:
— Адставіць! Вядзі ўзвод! — і штурхануў мяне ў плячо: — Васюкоў — бягом! I заадно глянь падводу.
2
Распырскваючы снегавую слоту, я пабег краем дарогі ўніз. Засцерагацца макрэдзі не мела сэнсу: і так на мне ўсё было мокрае да пояса і нават болей — не ратавала і старая, куцая нямецкая трохкутка з абкладзенымі бляхай петлямі. Насустрач зморана брылі аўтаматчыкі — знаёмыя, што ўцалелі ад зімовых баёў, і навічкі, якія за тыдзень да наступлення прыбылі ў роту. Я ведаў далёка не кожнага. Мяне ж тут ведалі, мабыць, усе: як-ніяк я быў у іх на віду, заўжды з камандзірам роты, — хоць у калоне, на прывале або ў ланцугу. Пры Ананьеве яны, вядома, паводзілі сябе стрымана, а цяпер, убачыўшы мяне аднаго, далі волю сваёй гарэзнай цікаўнасці.
— Што, Васюкоў, немцы?
— Куды бяжыш? Можа, заначуем, ага?
— Ардынарац, ком перакурым!
Я нікому не адказваў, толькі ўзіраўся ў іх нястройныя рады, стараючыся ўбачыць Чумака. Але яго нідзе не было, і я бег усё далей па схіле пагорка ўніз.
Ардынарцам да Ананьева я трапіў нечакана ў той самы дзень, як прыбыў у роту. Не ведаю, чым я прыглянуўся яму, але калі толькі нас пачалі размяркоўваць па ўзводах, Ананьеў прайшоўся ля строю прыціхлых, у каляных шынялях навічкоў і, спыніўшыся ля мяне, загадаў: «Пайдзеш ардынарцам. Паняў?» — «Паняў», — сказаў я, хоць у той час амаль нічога не разумеў у гэтай нечаканай для мяне пасадзе. Пасля, аднак, прывучыўся: хітрага ў ёй было нямнога. Часам толькі было неспакойна, часам боязна, асабліва пад агнём, калі ўсе ляжалі, уціснуўшы галовы ў ямкі, а Ананьеў пасылаў мяне ў які-небудзь узвод, ці да кулямётчыкаў, або з данясеннем да камандзіра батальёна ці проста паглядзець, хто займае лясок, або паклікаць старшыну роты. Але ён і сам не дужа бярогся і бегаў не менш за мяне, часам разам са мной. Рызыкавалі мы з ім нароўні, так што ў гэтай справе былі, мабыць, квіты.
За Чумаком я таксама бегаў не ўпершыню — гэты Чумак быў проста насланнё наша. Праз яго Піліпенка ледзь не кожнага дня атрымліваў наганяй ад начальства — то ён згубіцца, то стане не ў свой узвод на пастраенні, то не паспее ў час паабедаць, бо не мае лыжкі, або пад агнём вылезе на самае ўбойнае месца — ідзі тады заганяй яго ва ўкрыцце. Лапаткі, вядома, у яго не вадзілася. На маршы ж ён адставаў ужо мо дзесяты раз.
Прабягаючы міма аўтаматчыкаў, я ўсё ўзіраўся ў іх цьмяныя, аблепленыя снегам постаці, аднак байцоў усё менела, і нарэшце на дарозе не засталося нікога. З прыцьмелага неба па-ранейшаму парушыла дробным дажджом і снегам. Я спыніўся, паслухаў: не, здаецца, яшчэ нехта брыў ззаду. Тады я памалу прайшоў насустрач, і сапраўды праз хвіліну з прыцемак паказаліся двое: Чумак, які, падаткнуўшы пад дзягу полы шыняля, ледзьве валокся па гразі, і наш замыкаючы — сяржант Цвяткоў. Відаць, Чумак і яму ўжо даўся ў знакі, бо Цвяткоў зморана, не хаваючы свае прыкрасці, дакараў байца: