Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 96 97 98 99 100 101 102 103 104 ... 268
Перейти на страницу:

— Усё вам трудна, да? Толькі ля кухні, мабыць, не трудна, так? Ану, шырай шаг!

Я саступіў убок, і Цвяткоў, пазнаўшы мяне, узрадаваўся:

— Ты не за гэтым?

— Ну а за кім жа?

— Ужо абрыдла штурхаць! Як бязногі… — паскардзіўся сяржант.

Я разумеў яго, але такія ўжо былі абавязкі замыкаючага ў калоне, каб штурхаць тых, хто адставаў. Звычайна гэта рабіў старшына, які цяпер, на бяду, недзе прапаў разам з падводай.

— Што, падводы няма?

— У тым-та і справа, — уздыхнуў Цвяткоў. — Што рабіць з ім?

Сапраўды, што было рабіць з гэтым Чумаком, які яўна выбіўся з сілы і далёка ўжо адстаў ад роты? Не несці ж яго на руках! I тут, нібы адчуўшы ўсю безвыходнасць нашага становішча, Чумак заклапочана азірнуўся.

— Хай бы вы ішлі. Я ўжо сам як-небудзь.

— Ага! — сказаў Цвяткоў. — Мы хай бы ішлі, так? А ты — у кусты. Знаем такіх!

— Яй-богу не! Я паціхеньку. Мне б толькі вадзіцы глынуць. Няма ў пляшачцы, га?

— Няма, — сказаў я.

Чумак недаверліва агледзеўся — нізенькі, крываногі, у абвіслым мокрым шынэлку, з апалым рэчмяшком на спіне — і зусім ужо жаласна папрасіў:

— А, мусіць, у сяржанта е. Дай, будзь ласкаў!

— То не вада, — сказаў Цвяткоў. — То гарэлка.

Чумак змоўчаў, у немалай натузе выцягваў з гразі ногі, па-качынаму валюхаючы з боку на бок. I раптам з нечаканай для яго рашучасцю папрасіў:

— А дай гарэлкі!

— Яшчэ што прыдумаеш!

Цвяткоў шырока сігануў цераз лужыну, бліснуўшы з-пад палаткі меднай камсастаўскаю спражкай, якую ён акуратна кожнага дня націраў спецыяльна для таго прыдбанай фланелькай. Таксама кожнага дня ён знаходзіў магчымасць падшыць свежы каўнерык, выдраіць боты. I наогул сваім знешнім выглядам гэты сяржант хутчэй нагадваў якога-небудзь дбайнага штабнога пісара, чым санінструктара роты аўтаматчыкаў, якім ён быў.

Трохі заклапочаны ягонай няўступчывасцю, я на хвіліну завагаўся. Было шкада прысталага небараку, але ў мяне не было ўпэўненасці, што будзе карысць, калі даць яму выпіць. I ўсё ж нешта трэба было рабіць з Чумаком.

— Ладна, — сказаў я прымірэнча. — Дай. Можа, падужае…

— Што — дай? Мая гэта хіба? Старшынова пляшка, — крыўдліва азваўся Цвяткоў.

— Глядзі, які чэсны! — сказаў я. — Абыдзецца твой старшына. Не апошняя, мабыць.

— А можа, і апошняя. Калі ўжо яе прывозілі? У суботу?

— Аднак жа збярог. Дык падзяліся.

Цвяткоў зусім ужо надзьмуўся і адышоў ад нас далей.

— Чаму ж ты не падзелішся? Дык, мабыць, сваё выпіў, так? А ў вас там і гарэлачка, і дадатковы паёк…

— Успомніў! Хіба я атрымліваю той паёк?

— Хапае і табе.

Ось жа зануда, падумаў я, раптам амаль збянтэжаны гэтым яго папрокам. Для старшыны або камандзіра роты ён бы знайшоў выпіўку пад зямлёй, а небараку Чумаку шкадаваў глытка.

Напаткаўшы ў змроку доўгую снегавую лужыну, мы разышліся па абодва яе бакі, і, калі зноў сышліся ў канцы, Цвяткоў адшпіліў ад дзягі трафейную абшытую лямцам пляшку.

— На. Толькі глыток — не болей…

— Не, не…

Чумак задраў голаў — у пляшцы ціхенька булькнула, і Цвяткоў тут жа схапіўся за яе. Але раней, чым ён паспеў адабраць, булькнула яшчэ раз.

— Я ж сказаў: глыток! — амаль закрычаў санінструктар. — А то — дарваўся!..

Я маўчаў — што ўжо там адзін толькі глыток? I Чумак, мабыць, заўважыў гэта маё маўклівае заступніцтва.

— От дзякуй, — сцішана сказаў ён, выціраючы рукавом падбародак і амаль не заўважаючы Цвяткова. — Дзякуй табе, таварыш ардынарац.

— А мне за што? — сказаў я. — Яму дзякуй.

Чумак змоўчаў. Цвяткоў пачаў прышпільваць пляшку, ды нешта запоркаўся там з баранчыкам на дзязе. Мы зноў спыніліся. Ніколькі ўжо не тулячыся ад снегавой макрэдзі, што ляпіла ў твар, Чумак падступіў да мяне.

— У вас кірзоўкі, ага?

— Кірзоўкі. А што? — Чумак валюхаста пераступіў на дарозе.

— Ды гэта… У мяне, во — нішто боты! Нямецкія, праўда. Калі што, дык гэта… Няхай вам будуць.

Я зірнуў на яго аблепленыя гразёю, мокрыя, звычайныя трафейныя салдацкія боты з нізенькімі халявамі і яшчэ не зусім зразумеў сэнс яго слоў, як Цвяткоў побач іранічна хмыкнуў.

— Хахмач! Хіба на фронце ўгадаеш! Вось заўтра ляпне, і — абодва дагары капытамі…

— Дык я кажу…

— Тожа ты скажаш! — пагардліва абарваў яго санінструктар. — Маўчы лепш.

1 ... 96 97 98 99 100 101 102 103 104 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)