Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
— Упярод! — крыкнуў Ананьеў. — Гранатамі — агонь!
Сквозь на вышыні горсткім трэскатам зайшліся аўтаматы, у паветры знаёма дзігалі чэргі. Хто і адкуль страляў, было не разабраць. Грымнулі адзін, два разам, тры і чатыры выбухі, — мусіць, гэта нашы пачалі біць гранатамі. Ананьеў прыўзняўся ў мелкаватай яшчэ, па грудзі, траншэі, азірнуўся і зноў закрычаў:
— Упярод, такой тваёй матары! Наша бярэ! Упярод!
Натыкаючыся на павароты траншэі, чапляючы плячыма сцены, мы некалькі дзесяткаў метраў беглі яе хадамі. Нехта тупацеў папераду, не зразумець было — свой ці немец. Але вось зблізку ў траншэі стрэлілі — з цемры амаль ва ўпор востра бліснула чырвоным агнём. Ананьеў пругка ўтнуўся, нібы права-ліўся: я аж спалохаўся за яго і цераз голаў камроты наўздагад стрыкнуў туды з аўтамата. На шчасце, ён тут жа ўскочыў, і якраз у час. Нешта вялікае матлянулася непадалёк цераз бруствер, ротны торапка ткнуў у той бок пісталетам. Я, аднак, не чуў яго стрэлу — сам дрыготкімі ад хвалявання рукамі ўскінуў па-над брустверам аўтамат і даў наўздагон траскотную, мусіць, занадта доўгую чаргу. Затым яшчэ нехта скочыў з траншэі ў поле, нехта другі на бягу перамахнуў бруствер. У змроку і там і тут бліскалі чырвоныя і белыя пыхаўкі стрэлаў. Кулі нізалі паветра ва ўсіх напрамках, ваўсю ішоў бой, але падобна было — немцы ўцякалі.
Тады мы спынілі свой сляпы бег у траншэі, каленямі скочылі на мяккія глыжы бруствера. Перш чым пусціцца далей, я азірнуўся: уздоўж траншэі за намі, прыгнуўшыся, бегла двое. З кароткіх супынак яны дзігалі чэргамі міма нашых галоў у паўзмрок, дзе наўкось ад траншэі з усіх ног ратаваўся хтось у даўгаполым расхрыстаным шынялі. Мне ён быў бліжэй. Ускочыўшы, я таропка і кораценька стрэліў. Той упаў на калена, і тут жа з-пад яго рук востра бліснула ў наш бок. Ананьеў выкінуў наперад руку з пісталетам, аднак стрэлу не атрымалася: мусіць, штось сталася з яго «вальтэрам». Камроты апантана закрычаў мне: «Васюкоў, бі!», а сам, угнуўшыся, аберуч схапіўся за зброю. Прыпыніўшыся, я зноў тыркнуў кароценькай чаргой, ды, мабыць, міма: немец крутануўся, ускочыў і імкліва пусціўся ў паўзмрок. Ананьеў разлютавана лаяўся. Скрозь пырскат чэрг я выразна чуў гэтую яго лаянку, аднак у мяне таксама заела аўтамат — стрэлаў не было.
Я кляў сябе за той промах, але затвор толькі дарма лязгаў: мусіць — апаражнеў дыск. (I трэба ж здарыцца такому ў самы крытычны момант!) Прыпаўшы на калена, я выхапіў дыск з аўтамата і сунуў за пазуху. Я не паспеў яшчэ перазарадзіць, як Ананьеў рынуўся наперад проста на немца. Тады і я ўскочыў. Адной рукой я стараўся расшпіліць сумку з магазінамі і не спускаў позірку з ротнага. Той нешта крычаў. Немец яшчэ раз грымнуў таропкім вінтовачным стрэлам, аднак прамахнуўся і, прыгнуўшыся, кінуўся ў цемру. Вінтоўка яго чамусь засталася на доле. Ананьеў тут жа падхапіў яе і, шырока размахнуўшыся, шпурнуў немцу пад ногі. Немец спатыкнуўся, ледзьве не паляцеў тварам у гразь, але ўтрымаўся і азірнуўся. Мабыць, убачыўшы аднаго даганятага, ён раптам зрабіў выпад насустрач, гатовы кінуцца на камандзіра роты.
Але тут паспеў я.
Вобмацкам запхнуўшы ў аўтамат новы дыск, я ва ўпор даў па ім доўгую агняную ў цемры чаргу. Немец прутка выгнуўся і разам асеў. Я ўзрадавана кінуўся далей, але тут жа выразна сцяміў, што паспяшаўся. Мы зарваліся. Паблізу у прыцемках мільганула некалькі постацей, адначасна ў трох кроках ад мяне штось імкліва ляпнула вобзем. Я не ўбачыў, што гэта было, я адчуў толькі ўдар, тут жа ў твар пляснула гразёй, і тады я зразумеў: граната! Яна падскочыла і матлянулася дзесь пад самыя мае ногі. З незвычайнай выразнасцю, як гэта бывае толькі за імгненне да пагібелі, я адчуў: канец. Спалох штурхануў мяне ад гэтага месца, ды так апантана, што ногі не ўтрымалі гэтага выратоўчага штуршка, і я цераз голаў пакаціўся па мокрай зямлі.
Выбуху я чамусь не пачуў, — адчуў толькі, як люта дзеранула на спіне палатку і нібы зубілам звонка дзёўбнула ў каску, адно вуха адразу аглухла, шчака здранцвела, на нейкі час я перастаў адчуваць сябе і, калі падбег Ананьеў, як дурань, не мог зразумець, што здарылася і што яму ад мяне трэба. Пакуль я няўцямна курчыўся на зямлі, камроты тузаў мяне за палатку, затым нешта пракрычаў у твар — я адчуў толькі яго зморанае гарачае дыханне. Тут жа сам паспрабаваў узгрэбціся на калені і застагнаў ад пякучага болю ў плячы.
Ананьеў ускочыў, некуды пабег у цемру, затым зноў апынуўся побач, камусь замахаў рукой. I раптам, нібы вынырнуўшы з-пад вады, я пачуў яго незразумела чужы і дужа далёкі голас: