Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
— Ладна, — сказаў я. — Пабачым. Давайце даганяць.
Мы хутка пайшлі па дарозе. Увогуле Цвяткоў казаў праўду. Толькі кожны раз, калі заходзіла аб тым гаворка, рабілася не па сабе. Хто раней, хто пазней — не адгадаеш, але няварта і кпіць з гэтага дзядзькі, які па прастаце душэўнай памкнуўся за дабро адплаціць дабром, вядома, у межах свае не надта вялікай салдацкай магчымасці.
Чумак заклыпаў трошкі хутчэй. З усяе нашай гамонкі ён, мусіць, мала што зразумеў і нібы апраўдваўся на хаду:
— Не, я ж не тое, каб… Калі што, дык… Харошыя ж боты.
3
Толькі ён сказаў гэта, як угары ярка пыхнула: неба над пагоркам дрыготка асвяцілася вялізнаю агнянай плямай. На некалькі секунд у паветры замітусіўся рой мільготкіх сняжынак, пляма паніжэла, хісткае святло атуліла край неба, пагарэла трохі, пасля неяк хутка прыцьмела і згасла. Мы прыпыніліся.
— Ого! — у думках ці, можа, уголас сказаў я, адразу разумеючы, што гэта для нас азначае.
— Напароліся! — паныла пацвердзіў Цвяткоў.
Я тут жа спахапіўся, згадаўшы, што павінен быць там, наперадзе, ля камандзіра роты, і, пакінуўшы двух ззаду, апантана пабег па дарозе. Ракета была не дужа блізкая, пры такой непагадзі наўрад ці яна здолела б асвятліць калону, але, пэўна, немцы ўсё ж нешта згледзелі. Значыць, трэба неўзабаве чакаць стрэлаў. Звычайна ў такіх выпадках страляніна клала канец трывожнай невядомасці і пачынала знясільваючую агнявую барацьбу, што ўвогуле на вайне было чымсь дужа звычайным, хоць і кожны раз новым. Але стрэлаў у гэты раз нешта не было, і пэўна таму Ананьеў не спыняў роту, якую я неўзабаве дагнаў у прыцемках.
Праз хвілін пяць усё ў тым жа месцы засвяціла зноў — на святлявым мільготкім фоне адбілася некалькі ценяў аўтаматчыкаў на дарозе. Бліжэй да галавы калоны яны, відаць, самі, не чакаючы каманды, спыняліся, усе з маўклівай трывогай пазіралі наперад, дзе былі камандзіры.
Матляючы мокрымі крыламі сваёй трохкуткі, я дабег да пачатку калоны і крыху прыцішыў крок. Воддаль ад байцоў на краі дарогі змрочнымі сілуэтамі маячылі Ананьеў, Грыневіч, камандзіры ўзводаў — малодшы лейтэнант Ванін і старшына Піліпенка. Усе насцярожана ўзіраліся ў змрок.
— Гэта не дазор… — занепакоена сказаў Ананьеў.
— Дазор бліжэй быў, — пацвердзіў Грыневіч. Яны памаўчалі, услухоўваючыся, і Ананьеў з прыкрасцю вылаяўся.
— Якога ж хрэна тады ён маўчыць? Мо сігналы праваронілі?
— Не. За сігналамі я сам сачыў, — упэўнена аб’явіў Ванін і звыкла паварушыў тугімі плячыма пад мокрай ватоўкай.
— Разгільдзяі! — нерваваўся камроты. — Сядзяць і маўчаць! Гэта ж трэба, ядрона вош. Ану, бяры чалавека і дуй сам, — загадаў старшы лейтэнант Ваніну. Той хуценька павярнуўся да строю.
— Крывашыяў!
— Я.
— За мной!
Трошкі ўгнуўшыся, яны прачвякалі па слэчы падэшвамі і зніклі ў шэрых прыцемках.
— Піліпенка, сачы за дарогай. А то, калі што — душу вытрасу. Паняў? — пагрозлівым шэптам аб’явіў Ананьеў.
— Паняв. Шчо тут нэ паняты, — тонам задарма пакрыўджанага адказаў Піліпенка. — Тількі як побачыш: ні бісового батька нэ выдна.
— Без адгаворак мне!
Нейкі час мы ўсе маўчалі, напружваючы слых. Углядацца пад вецер было дужа кепска, снегам хутка заляпляла твар, увесь час карцела ўгнуць голаў і адвярнуцца. Злубянелыя палаткі страшэнна шархацелі ў цемры. У мокрых ботах пачалі мерзнуць ногі. Раптам у тым баку, куды ішла дарога, зноў засвяціла ракета, праўда, на гэты раз намнога далей, і Ананьеў напаўголаса вылаяўся.
— Ану, пайшлі!
Ён імкліва рушыў у змрок, за ім адразу падаўся Грыневіч, трохі запазніўшыся — я. На хаду ўжо я зняў з-за спіны аўтамат і накінуў яго на плячо паверх палаткі. Піліпенка застаўся з ротай.
Хуткім крокам мы ўтрох пашыбавалі сярод дарогі. Па некрутым пагорку дарога кіравала ўніз. Чым далей мы адыходзілі ад роты, тым рабілася ўсё болей ніякавата, усведамленне адарванасці ад сваіх усё мацней ахоплівала нас у гэтай цемрадзі. Я ўжо думаў, што мы павінны спыніцца, як насустрач з прыцемак з’явілася невялічкая постаць у аблепленым снегам бушлаце. Не аклікаючы, мы пазналі аўтаматчыка Шапу з дазору. Ананьеў замарудзіў крок, Шапа падбег і спыніўся насупраць. Ён ледзьве перадыхваў.
— Ну? — не ўтрымаў камроты.
— Немцы, таварыш старшы лейтэнант.
— О, навіна! Дзе Ванін?
— Ён там, — паказаў Шапа ў цемру— Сочаць. Немцы за логам на ўзгорку капаюць.
— Што капаюць?
— А ліха іх ведае. Абарону, мусіць.
— На ўзгорку?
— Ну.
— А вёска далёка?
— Якая вёска?