Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
І Гірш ведаў сваю ўладу над людзьмі. І была Гіршава скрыпка голасам горада Б*, ягоным духам і ягоным сумленнем...
«Эх, каб гэтаму музыку ў свой час падвучыцца! Каб нехта апекаваўся ім, даў музычную адукацыю, вывеў у свет»,— бедавалі вучоныя людзі, якія зрэдзь траплялі ў карчомку, дзе іграў Гірш.
Але вучоныя людзі на тое і вучоныя, каб гаварыць пра тое, чаго не было, і тое цудоўнае, чаго не будзе.
Ніхто не помніць сёння Гірша і ягоную скрыпку... Але кожны ўладальнік музычнай энцыклапедыі можа пры жаданні разгарнуць яе на літары «п» і прачытаць пра выдатнага скрыпача Мікалая Паліванава, які нарадзіўся ў горадзе Санкт-Пецярбурзе, вучыўся ў вядомага педагога Макарыні, іграў у аркестры Марыінскага тэатра, пасля пачаў ездзіць з сольнымі канцэртамі, атрымаў у Парыжы «Гран-пры», у Мантэвідэа — «Залатую ліру», у Лондане — медаль св. Антонія, а ў Італіі — права даць канцэрт на скрыпцы, што належала Нікало Паганіні,— а такое права атрымлівае толькі лепшы скрыпач свету...
Мікалай Паліванаў па дарозе ў Варшаву спыніўся ў горадзе Б*. Якія прычыны змусілі ўлюбёнца сталічнай публікі пераначаваць у люксавым нумары двухпавярховага фарбаванага жоўтай крэйдавай фарбай гатэля горада Б*, гатэля з гучнай назвай «Эсперасьён», мы ўжо не даведаемся ніколі. Але губернатар горада Б* меў гонар прыняць у сябе выбітнага госця. Той, на жаль, не палічыў вартым гучання сваёй скрыпкі правінцыйны свецкі салон. І губернатар — няўжо можна дапусціць, што з нейкай нядобрай задумай? — расказаў заезджаму светачу пра старога габрэя Гірша і пра ягоную скрыпку. Спадар Паліванаў пакрывіў вусны, у чым можна было ўгледзець і пагарду, і насмешку, і недавер... Але і некаторую зацятасць.
Так Гірш сустрэўся з Мікалаем Паліванавым. Зала губернатарскага дома была паўнюткай, а пад вокнамі залы тоўпіўся ўвесь горад Б* — заўсёднікі Бурыгавай карчомкі, мешчукі і гімназісты, бабы-гандляркі і звонкагалосыя дзеўкі з мануфактуры па вырабе габеленаў... Горад Б* паставіў свой голас супраць голасу чужынскага, выпеставанага, купленага акадэмічнымі ўрокамі...
І вось праз шырокія вокны губернатарскага дома паліліся гукі Гіршавай скрыпкі, і расцвіў блакітнымі кветкамі бэз, хоць на дварэ канчаўся жнівень, і месяц апусціўся проста на дах, як звычайны паветраны шарык, і пакалыхваўся ў рытм музыцы...
А там, у зале, сотні вачэй былі скіраваныя на спадара Паліванава, ловячы найменшы зрух яго рысаў. І я не скажу, што гэтыя пагляды было прыемна і лёгка трываць. Але Паліванаў прывык вытрымліваць людскія пагляды, добрыя і нядобрыя, зайздросныя і раўнадушныя... Гледачы не заўважылі, як загарэўся ў ім святарны, адвечны агонь артыста, агонь, які прымушае быць лепшым, першым, непаўторным або памерці... Агонь гэты сканцэнтраваўся ў пальцах Паліванава, і яны, яшчэ знешне нерухомыя, гарэлі і праглі дотыку струнаў і смычка...
— Прынясіце маю скрыпку,— хрыпла сказаў Паліванаў, стараючыся не глядзець на Гірша, які стаяў з апушчаным смычком, і лысіна ягоная блішчэла ад поту, а рот усміхаўся ўсмешкай пераможцы.
Паліванаў стаўся вельмі сур’ёзным. Усмешка больш не крывіла ягоных вуснаў. Ён быў напяты і засяроджаны, і прысутныя, яшчэ не пачуўшы яго ігры, таксама зрабіліся сур’ёзнымі і напружанымі, бо адчулі, што будзе прышэсце цуду.
Не ведаю, як іграў спадар Паліванаў на сцэнах Парыжа і Лондана, але ўпэўнена, што ніколі не іграў ён так, як іграў у маленькім горадзе Б* па дарозе ў Варшаву. Вецер, магутны паўночны вецер уварваўся ў залу губернатарскага дома, і ўскудлаціў прылізаныя прычоскі мужчын і какетлівыя кудзеркі дам, і холадам працяў сэрцы слухачоў на вуліцы. А пасля гэты вецер — Бог ведае як! — зрабіўся вогненнай віхурай, і абпаліў засяроджаныя думкі, і прымусіў сэрцы біцца часта, як у злоўленай птушкі... І калі здавалася, што вось-вось ад гэтага агню, ад гэтага напалу выбухнуць напятыя пачуцці ў вар’яцкую вакханалію, вогненная віхура ператварылася ў іскрысты феерверк, у россып кветак, жывых і штучных, канфеці і серпанцін, і спявалася ў кожнай душы: «Добра жыць! Цудоўны Божы свет! Не трэба адчайвацца і злавацца — усё будзе добра!»
Але каб Мастацтва не скончылася на гэтай стракатай ноце, феерверк ператварыўся ў струмень жывой крыніцы — пяшчотны і вечны, празрыстую кроў зямлі... Піяна... піянісіма... І апошні ўзлёт смычка адправіў душы слухачоў у такія вышыні, дзе яны яшчэ ні разу не былі і пра якія будуць успамінаць — з тугой і надзеяй — да канца жыцця...
Буйныя кроплі поту сцякалі па вытанчаным твары сталічнага скрыпача. Паліванаў адчуваў прыемную спустошанасць чалавека, які аддаў усе сілы, усё, што мог, і нават крыху болей, каб выканаць сваю справу, і цяпер не меў чым папракнуць сябе.