Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)
- Автор: Пацюпа Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)». Краткое содержание книги:
Паасобныя тэарэтыкі, такія, як Халшэўнікаў, спрабавалі зьвесьці ролю рытмавае канстанты, а зь ёю міжволі і цэзуры ледзь не да нуля, упор робячы толькі на роўнаскладовасьць. Іх тэарэтызаваньне стварала замкнёныя віртуальныя сусьветы, ня маючы нічога супольнага ні з колішняю, ні зь цяперашняю вершавальнаю практыкаю. Новы крок да зразуменьня прыроды сылябічнага вершу зрабіў беларускі літаратуразнаўца А. Яскевіч. Сылябічныя вершы, паводле А. Яскевіча, чытаюцца рэчытатывам ня ў складалічыльным, а ў такталічыльным рытме, дзе кожнае слова, апрача службовых, стаіць пад моцным націскам. На жаль, у сваіх высновах аўтар ня рушыў далей. Ці не таму, што адмовіўся прызнаць першаснасьць радковага рытму, беручы ў якасьці падставовых рытмы складалічыльны і такталічыльны (што, дарэчы, далёка ня тое самае). Іншымі словамі — узяў рацыю А. Квяткоўскага, але не прыняў Л. Цімафеева.
Падсумоўваючы шматгадовую спрэчку аб сылябіцы, можна вылучыць наступныя пазыцыі: Г. Шэнгелі, В. Жырмунскі, М. Гарэцкі, А. Квяткоўскі, Л. Цімафееў, П. Беркаў і А. Яскевіч прызнаюць у сылябічным вершы танічны прынцып; Б. Тамашэўскі, І. Яромін, У. Халшэўнікаў, А. Панчанка, І. Гутараў і В. Рагойша адмаўляюць яго. У прыватнасьці, паводле Б. Тамашэўскага ўсе склады ў сылябічным вершы прамаўляюцца як ненацісьненыя, паводле І. Яроміна — усе склады прамаўляюцца як націсьненыя, П. Беркаў за апорныя акцэнты бярэ рытмавую канстанту кляўзулы і цэзуры, А. Яскевіч пашырае націскі на ўсе значальныя словы. І ўсё ж ніводнае з гэтых правілаў ня можа разгадаць дэкляраваны М. Гарэцкім парадак націскаў ды завесьці «матор» сылябічнага вершу.
Калі б гэтак званы беларускі «сылябічны» верш грунтаваўся толькі на роўнаскладовасьці, ці, дакладней, складалічэньні, то ён наагул ня змог бы існаваць, бо супярэчыў бы жывому маўленьню, дзе націскі адыгрываюць далёка не апошнюю ролю. Прыкладна так вершазнаўцы і разважалі, мала задумваючыся, чаму ж гэты верш трываў ладны час. У разважаньнях утваралася зачараванае кола: верш быў складалічыльны і таму заняпаў; верш заняпаў, бо быў складалічыльны. Ні ў той, ні ў другой палове зьмеркаваньня няма праўды. Надта ўжо зацягнуўся гэты заняпад, заняўшы чатыры стагодзьдзі паміж Францішкамі — Скарынам і Багушэвічам. А ў творчасьці Янкі Купалы ён пераможна запачаткаваў пятае стагодзьдзе.
На жаль, сучаснае літаратуразнаўства (у тым ліку слаўнае сваёю «дакладнасьцю» вершазнаўства) разьвіваецца ў глыбокім вакуўме — з прычыны нейкае фатальнае няздатнасьці скарыстоўваць даньні лінгвістыкі дзеля ўласных мэтаў. Тым часам мовазнаўства даўно падтачыла падваліны традыцыйна-банальных уяўленьняў пра верш. Прыкладам, такі славуты паліглёт і тэарэтык мовы, як Я. Паліванаў, пісаў: «Чысты выпадак сылябічнага вершаваньня… — без дамешку акцэнтуацыйнага моманту — мы мала ў якіх мовах знойдзем: у прыватнасьці, у японскай і рукюскай, а таксама, зь іншага боку, і ў народнай паэзіі эрзя-мардоўскага дыялекту». Я. Паліванаў не праводзіў рэзкае граніцы паміж «сылябічным» вершаваньнем палякаў ды французаў з аднаго боку і «сыляба-танічным» расейцаў ды немцаў зь іншага, адпаведна тарнуючы да іх куды карэктнейшыя тэрміны: сылябічна-танічнае і танічна-сылябічнае.
Каштоўныя для паэтыкі і пакуль што малаўсьведамленыя вынікі даюць дасьледаваньні сучаснае беларускае лінгвісткі Т. Паплаўскай:
Практычная немень у беларускай мове рэдукцыі ў агульнапрынятым разуменьні слова сягае складалічыльнае базавае рытмавае структуры беларускае мовы, тым часам як дынаміка бязнаціскавага вакалізму ў расейскай мове лучыцца з выражаным такталічыльным рытмам. Адначасна беларуская рытміка адпавядае рытміцы літоўскае мовы, мы можам, зважаючы на даведзенасьць усходнебалтыйскага субстрату для асноўнага арэалу беларускае мовы, разглядаць тую як яе спадкі. Варта зважаць і на такі факт, што літоўская мова належыць да чыста тонавых, якою была і праславянская. Сярод сучасных славянскіх моў тонавыя характарыстыкі захавалі сэрбска-харвацкая і славенская. Рэшта ў той ці іншай меры іх страціла. Беларуская мова, аднак, страціўшы тонавыя характарыстыкі, захавала зьвязаную зь імі рытмавую структуру, да чаго мог у пэўнай ступені спрычыніцца другасны балцкі субстрат, замацаваўшы даўную рытмавую тэндэнцыю.