Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Усё гэта Мар'ян убачыў, адчуў у сваіх аднавяскоўцаў адразу ж пасля таго, як вярнуўся з арміі, усяленскія нейкія сум і абыякавасць, снуласць усяленскую. Кінуўся будзіць, але ніхто прачынацца не хацеў: ты гавары, гавары, а мы паслухаем. I ён прыціх і пачуў цішыню — яна як бы абрынулася на яго. Ціха-ціха раптам зрабілася ў вёсцы. Сабакі і тыя, здаецца, перасталі брахаць, драмалі, старэлі, пазалазіўшы ў драўляныя будкі, звяліся, зніклі і сябры, і ворагі, адзіны застаўся клопат: наесціся, пераварыць тую ежу і зноў наесціся. Мар'ян доўга не разумеў, што гэта такое, адкуль, чаму, не разумеў, пакуль сам не зведаў адзіноцтва і непрыкаянасць.
На граніцы ён праслужыў трохі больш як тры гады. Нельга думаць, што служба тая вельмі ўжо надакучыла яму. Увайшоў ужо ў армейскі рытм і распарадак жыцця, усё па гадзінніку, усё па ўставу. I сам ён пераўвасобіўся ўжо, здаецца, у гадзіннік і ўстаў. Пасля дзетдомаўскай вольніцы і тлуму гэта быў курорт, а не жыццё, хоць і служыў ён на граніцы, быў нампалітам на заставе. Пакідаў вёску трывожачыся, але і спадзеючыся на нешта прываблівае і геройскае, як сутыкнецца там з шпіёнамі і парушальнікамі граніцы. Але за тры гады жывога шпіёна на свае вочы яму так і не давялося ўбачыць, у гэтых адносінах яго аднавяскоўцам пашанцавала куды больш. На каго б добрага, а на кантрабандыстаў і шпіёнаў яны на сваім вяку наглядзеліся. I ён, Мар'ян, памятае іх толькі з дзяцінства, калі жыў у сваёй вёсцы. А тут, як назло, халера іх прыбрала ці самі яны звяліся. I ён не без прыкрасці не раз думаў: і не будзе пра што яму расказаць, не павераць яму ў вёсцы, што служыў ён на граніцы, а не валэндаўся дзе-небудзь па краіне, не ездзіў куды-небудзь у заработкі. I больш за ўсё зводзілі і дапякалі яму не парушальнікі граніцы, а бацькі салдат, якімі ён камандаваў. Поўныя любасці бацькі былі горш за шпіёнаў, пралазілі туды, куды ніякаму шпіёну і не снілася пралезці, тэрарызавалі атрад, камендатуру і нават заставу, хаця ўсюды забаронная зона, без пропуска і кроку ступіць нельга. Але бацькі абыходзілі ўсе рагаткі, ляцелі, ехалі, плылі, паўзлі, цягнулі кантрабанду: сумкі, сеткі, клункі, чамаданы, напакаваныя ежай. Ежу — дзецям, а іх камандзірам — гарэлку, каньяк, віскі. Як выхадны дзень — дык хоць са свету збягай, агаляй граніцу, падымай рукі і крычы: «Здаюся». I што больш за ўсё ўражвала Мар'яна, гэта нейкі зрух, які адбыўся ў жыцці і сумленні людзей, зрух, які ён праглядзеў, жывучы ў вёсцы. Раней, у час яго маладосці, у даваенныя ды і ў першыя пасляваенныя гады, у армію ішлі, каб наесціся там уволю. Загадзя прадчувалі смак гэтага «наесціся ўволю». Цяпер жа армейскі харч у параўнанні з тым далёкім часам куды лепшы, а на граніцы, па традыцыі ўжо, ён заўсёды быў добры. Але з «гражданкі» ў армію да салдат лінула столькі прадуктаў, што жахліва рабілася. I галоўнае, змагацца з гэтым патокам было немагчыма. Літаральна атрымлівалася: ты бацькоў з іх кілбасамі выправоджваеш праз дзверы, а яны да цябе з каньяком праз акно. I знаходзіліся, што бралі той каньяк за спатканне бацькоў са сваімі сынамі і чакалі выхаднога дня. Каб не гэтыя выхадныя, то жылося б Мар'яну на граніцы куды з дабром.
Перад вачыма і ўвушшу ўвесь час было мора, амаль заўсёды неспакойнае і трывожнае, бела-шэры дзевяты вал якога няўмольна і безупынна налягаў на бурштынава-жоўты бераг. Грывастая хваля нараджалася дзесь далёка за краем далягляду, на чужой зямлі, з чужых вод, набатна грукочучы, імчала ў бязмежнасць, несучы на хрыбціне смецце і бруд, адкіды чужога жыцця, разбівалася аб прычалы і молы, сыкаючы гадам, шмыгала па пяску і ў пясок, белапенна ўцякала, стукаючы лобам, падразала ўжо другую, стрэчную хвалю, смеціла ёй вочы садраным у спешцы пяском, падхопленымі на бягу хваёвымі шышкамі, гліцаю. I ў тым грукаце, тлуме, кіпенні было так хораша слухаць сябе. Нішто вонкавае не ўрывалася, не засмучала і не бянтэжыла душу: толькі строгае мора, свінцовае неба і хвоі, якія нібыта адляталі ў тое неба, аголеныя амаль да самых макавак, адвярнуліся ад мора, ад якога заўсёды сыходзіў вецер. Зямля, суша была таксама суровай і строгай, як і мора. Як і мора, перашэптваліся і шумелі дзюны. Як ні дзіўна, дзюны, бясплодна голыя, змярцвела пустыя, нагадвалі яму аб Палессі, аб тым, што ён пакінуў. Там, на Палессі, яго Палессі, нягледзячы на тое, што вёску з усіх бакоў акружалі балоты і багна, мелася і шмат бясплоднага белага пяску. Але памяць паядноўвала пяскі Балтыкі з пяскамі Палесся не толькі таму, што паміж імі было вось такое відавочнае падабенства. Дзюны Балтыкі спявалі, і песні іх нагадвалі сакатанне конікаў на сенажаці, калі трава ўся пакошана і састагавана. I гэтая песня конікаў-пясчынак была яму вельмі роднаю і блізкаю. Яна звязвала стагоддзі, брала пачатак у вечнасці і адыходзіла ў вечнасць, далёкую-далёкую будучыню, і таму, здавалася, дзень сённяшні доўжыўся бясконца. I ён, Мар'ян, жыў у тым дні, яго ўласнае існаванне таксама, здавалася, будзе бясконцым. Яму было прыемна ўсведамляць гэтую сваю працягласць і адначасова імгненнасць, тое, што ён знаходзіцца адразу і напачатку, і ў бязмежнасці, на краі, на самым краёчку сваёй зямлі, тут і далёка адсюль, у сваім Палессі. Жыццё не аднамернае, хоць і ўсюды, здаецца, аднолькавае. Хлеб свой надзённы селянін здабывае тут не менш цяжка, як і на яго роднай зямлі, мо яшчэ больш цяжка.