Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 ... 228
Перейти на страницу:

— Гэта за тое, што сволач я, спасіба ён мне гаворыць,— звяртаючыся да Мар'яна, сказаў Якуб. I быў ён,здаецца, яшчэ не п’яны, мо нават яшчэ цверазейшы, чым на вуліцы. Але цвярозасць гэтая была нейкая нядобрая, ліхаманкавая, што прыходзіць да чалавека, калі ён увесьва ўладзе нейкай адной надакучлівай думкі, і думка гэтая жахлівая, і штосьці ўжо незямное бачыцца яму, і ён як абуджае сябе, гаворыць пра сябе, як яго і няма. Нібы з небыцця гучаў і голас Якуба:

— За тое, што я сволач, столькі я, Мар'яне, гэтых спасіба атрымаў, а што добрага ні зраблю, усе плююць у вочы. Выцірацца не паспяваю. Мо і мне плюнуць на дабро, калі я, сволач, больш патрэбны на свеце. Украду — апраўдаюць. У кожнага на языку да цябе: з чаго гэта ты такі чэсны і сумленны, ці паспеў, накраўся ўжо...

— Хопіць, Якуб,— паспрабаваў спыніць старшыню Мар'ян.

— Ты мне глотку не затыкай. Гарэлка ёсць, я яе гарэлкай лепш залью, а праўду ўсю да капейкі выкажу.Толькі і ты, Мар'ян, усю праўду скажы, хочу я паслухаць тваёй праўды, праведнік, за што ты мяне міратворцам абазваў. Хопіць тваёй белай праўды на наша з Сідарам чорнае жыццё. Налівай, Сідар, і гавары, бачу, свярбіць у цябе язык.

— Свярбіць, свярбіць, Якуб, ды што сказаць мне. Ты начальнік, Мар'ян начальнік, а я не — то і дурань, хоць і ўсе мы Знаўцы, адно кодла. Кодлам нам і трымацца трэба.— Місцюк замоўк, і ўсе яны памаўчалі, выпілі, але трошку, каб асвяжыцца толькі пасля ўсяго, што пачулі адзін ад аднаго. Паслухалі хату, як яна дыхае дыханнем дзяцей Місцюка, прытоенасцю жонкі яго, што схавалася ад мужчынскай гаворкі на печ, паслухалі ноч за акном, як задувае яна ветрам ад ракі. I Місцюк зноў загаварыў, пачаў выказваць недаказанае яшчэ там, калі ўсе трое ў згодзе і спайцы бурылі помнік, прыкопвалі яго: — ...Што нам улада. Уладзе выгадна, каб мы па адным, каб мы адзін на аднаго з сякераю, усё жыццё нас страўлівалі. А што нам дзяліць? Сонца, святло, зямлю. Усё гэта і без таго наша і чужое. Адзін аднаго нам пільнавацца трэба. Пан нас дзяліў на чыстых і нячыстых. Сталін на беднякоў і кулакоў, новы бацька яшчэ неяк па-новаму прыдумае, як нас падзяліць. А мы ўсе Знаўцы. I бацька наш адзін. Што нам дзяліцца...

— Ты толькі за гэтым і зазываў нас да сябе? — перабіў Сідара Мар'ян.

— I за гэтым, Мар'ян. I грэх у мяне перад табою.— Сідар хацеў, вытрымліваючы хвіліну і ноч, што звяла іх трох, павініцца перад Мар'янам. Расказаць, як усё было, як цесць пад пісталетам прымушаў яго весці немцаў да лагера партызан. I мо б расказаў, хапіла б духу і смеласці. Даўно ж усё было, і за даўнасцю непадсудна. I не толькі за даўнасцю. Што ён — прадаў каго ці выдаў, сам цудам жывы застаўся. I ён пачаў ужо быў расказваць, як тут падпялася, злезла з печы жонка. Не спала, слухала ўсю іх п'яную балбатню, зноў адвяла ад яго бяду. Без слоў заснавала, замітусілася перад вачыма, і гэтага яе снавання было дастаткова, каб яму апамятацца і адумацца. I Сідар расказаў Мар'яну пра тое, што Мар'ян ведаў і сам, пра што мог яму расказаць кожны ў вёсцы, як расстрэльвалі немцы дзядзьку яго, брата Івана Знаўца, Міхаіла.

— Бацьку твайго не дасталі дома. А Міхаіл, на сваю бяду, быў у хаце. I ўжо што білі яго, што перылі ў хаце. Выгналі на двор, на мароз, а ў яго ні носа, ні вачэй, усё заплыло. I сарочка сподняя ўся ў крыві, рудая і чырвоная. Выйшаў ён, стаў пасярэдзіне двара, немцы аўтаматамі, прыкладамі: пойдзеш, павядзеш? Не, гаворыць, усё, прыйшоў. I ні кроку больш. Тут яго і паклалі. Паклалі — і адкуль ні вазьміся бацька твой. Як у хляве дзе сядзеў, таксама не апрануты. Я, гаворыць, павяду, я сам, я выведу, дарогу ведаю. Ведаю дарогу, дайце толькі абапнуцца,што-небудзь накінуць на сябе. Гэта яму дазволілі, дазволілі. Але ў хату аднаго не пусцілі, разам з немцамі туды зайшоў. I разам выйшаў з імі, але ўжо апрануты. Кажушок і бекеша такая смушкавая былі на ім...

— Добра помніш бекешу,— паспешліва перапытаў Сідара Мар'ян. I нездарма перапытаў. Гэтую бекешу бацька яго надзяваў, калі пакідаў хату. Для работы ж на двары ў яго былі шапка і фуражка, а калі ішоў на той бок, пераходзіў праз граніцу ці ад'язджаў куды — надзяваў толькі бекешу.

I Сідар яшчэ раз пацвердзіў, што быў Мар'янаў бацька ў той дзень пры бекешы. З радасцю пацвердзіў:

— Зняў ён тую бекешу на хвілінку, пакланіўся хаце і сказаў немцам: «Ну, пайшлі, хлопчыкі». А вось па брата свайго, што ляжаў пасярод двара і кроў яшчэ з яго цякла, так і не зірнуў. Пакланіўся хаце, бекешу амаль на вушы насунуў і немцам: «Ну, пайшлі, хлопчыкі».

Гэтыя апошнія словы бацькі Сідар пераказаў Мар'яну так радасна, што Мар'ян не вытрымаў:

— Ты чаму радуешся? — гнеўна спытаў ён Місцюка. Той зніякавеў, таму што сапраўды радаваўся. У тым, што Іван Знавец усё ж павёў немцаў да партызанскага лагера, ён як бы ўраўніваўся з ім, ураўніваўся і з Мар'янам. Не ён жа, Сідар, павёў, а Знавец, заўсёды красны Знавец. Мар'ян ацвярэзіў яго, і Сідар пачаў апраўдвацца:

1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)