Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Але якраз гэтай цемры, невідушчасці ён і не хацеў прызнаваць ні тады, ні цяпер. Так не бывае. Так не бывае. З ім такога не будзе. I Мар'ян, наўрад ці ўсведамляючы сам, што робіць, выпусціў з рук сцябло ірысу, палез за пазуху, каб дастаць яблык. Палез адразу абедзвюма рукамі, хаця ўправіўся б адной. Але ніякага розуму. Рукі блыталіся і перашкаджалі адна другой. Мокрая ад поту, вады і жахаў сарочка прыліпла да цела, не пускала рукі, як перасцерагала іх. Ён разадраў сарочку, калі ўжо быў увесь, з галоўкаю, у цемры, у багне, паласнуў яе, што было моцы, да пупа, адчуў, як яна вільготна распаўзаецца, адліпае ад грудзей, вызваляючы яблык. І яблык адпадае, выслізгваецца з яго рук, пераходзіць у рукі некага іншага, каму ён, яблык, зусім не трэба. Ён злавіў яго і вынырнуў разам з ім, хаця зрабіць гэта было да неверагоднасці цяжка, куды больш цяжка, чымсьці проста так вынырнуць без яблыка, таму што ён раптоўна пацяжэў, свінцовая гіра, а не яблык, ён ірваўся з яго аслізлых непаслухмяных пальцаў, вылузваўся з іх, не даваўся яму, прагнуў зноў туды, у багну. Яго прасілі там, клікалі яблык і Мар'яна. Ён пачуў хор галасоў, што выгукнула багна, галасы тыя ўпрошвалі яго не супраціўляцца, таму што там, у багне, не вельмі ўжо і кепска. Усё як на зямлі, толькі лепш, крыху больш блакітнага і зялёнага. Толькі здаецца, што дрыгва чорная, каб зразумець, якая яна на самай справе, трэба зліцца з ёю, прыняць яе. I яблыкі там таксама ёсць, але не хапае аднаго, вось гэтага, які ў яго ў руках, спасаўкі. I гэтая ж спасаўка не такая ўжо і смачная, яна ж зялёная, зялёная, зеляпушная. А тут яблыкі спелыя, спелыя, спялюсенькія.
— Няпраўда, няпраўда, ашукваеце,— загаласіў Мар'ян.— Яблык мой спелы, спелы, спялюткі.— I надкусіў свой яблык, перапэцканы цінаю, у жаберы, балотнай жыжцы. I такі ён быў смачны, што з таго часу Мар'ян не наважваецца есці яблыкі і па сённяшні дзень, каб не перабіць смак той, лічы, смяротнай спасаўкі.
— Ты што ж гэта, унучак, інакшага і месцейка не знайшоў, дзе яблык есці? — Дзедка рассунуў кіёчкам траву, стаяў каля куста лазы непадалёку ад яго.— I чаго ты галосіш, крычыш, як рэжуць цябе?
— Я не галашу, я адзін толькі раз крыкнуў,— пакрыўдзіўся Мар'ян і пачаў малаціць рукамі і нагамі, спрабуючы вырвацца з абдымкаў багны. I зноў ледзь не з галоўкаю схаваўся ў багне.
— Барані цябе бог, барані цябе бог, не шаволься,— дзедка ўпаў ніц каля куста лазы, працягнуў Мар'яну свій кіёчак.— Ды кінь яблык, кінь, табе гавару.
— Не кіну, не магу,— сказаў Мар'ян. I гэта была не ўпартасць. Ён сапраўды не здольны быў кінуць яблык, адмовіцца ад яго.
— Тады вазьмі яго ў зубы. Вазьмі яго ў зубы, і будзем ратавацца... Стары ды малы, абодва дурныя. Я таксама не кінуў бы. Не шаволься без прычыны, не круціся, што муха ў мёдзе. Бярыся за кіёк і памалу падцягвайся.
Мар'ян паслухаўся дзеда, прыкусіў яблык зубамі, увапхнуў яго крыху не цалкам у рот. Дзедка нават здзівіўся і здзіўленнем сваім падбадзёрыў унука.
— Ну ратасты, ну ратасты, не ў Знаўцову пароду. Хапайся за кіёк. I ціхенька, ціхенька, пакрысе, па валаску падцягвайся.
Мар'ян ухапіўся і пачаў падцягвацца. Хор галасоў, што ўпрошвалі яго не супраціўляцца багне, калі надышоў дзедка, трохі прыглух, але ўсё яшчэ гучаў. Цяпер жа паступова пачаў змаўкаць, затухаць і зусім патух, адчапіўся ад яго, застаўся адзін толькі ласкавы галасок дзедкі:
— Не спяшайся, не спяшайся, на абед мы паспеем, і бярозавай кашкі ўсмак паспытаеш ты.