Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Але бярозавай кашкі ён тады так і не паспытаў, хаця, папраўдзе, дык і не супраць быў. Хацелася адчуць, што не салодкая гэтая кашка, што ён жывы і яму баліць. Бярозка нідзе не трапілася на вока маці. Яна як нешта адчула, выйшла сустракаць іх з дзедкам. Убачыла, да чаго ж яны ўрабіліся ў торф і твань, пляснула рукамі, схапілася за сэрца.
— Не за тое хапаешся, дачухна,— усміхнуўся дзедка.— За дубчык трэба, ды дубчыкам, дубчыкам.
I маці Мар'янава памкнулася ўжо ўзяць у рукі тое, што падказваў ёй дзед.
— Не трэба дубчыка, мамо, не зводзь дубка, ламі бярозку,— спыніў яе Мар'ян. Маці пачала азірацца, дзе тая бярозка, каб прылашчыць сына дубчыкам бярозавым. Але бярозы тут не раслі. I яна, цяжка дыхаючы, асунулася на зямлю.
— Нашае, нашае пароды,— супакойваў яе дзедка.— Гэта ж з таго свету, цягнуў. На каго б іншага, дык ён бы мяне за сабою ўцёг. А гэтаму як загадаў па валаску, так ён па валаску і выходзіў. Нічога, нічога, гэта на карысць,будзе наперад ведаць, што ў бядзе не варта мітусіцца, крычаць і рукамі разводзіць...
Цяпер, здаецца, няма адкуль чакаць той бяды. I Мар'ян не ведаў ні мітусні, ні тлуму, жыў спакойна, згодна вайсковаму раскладу. Але іменна цяпер апанавала яго адчуванне, нібыта ён зноў трапіў у багну і тая багна зацягвае і зацягвае яго ў нешта такое, што рухаецца не наперад, а, наадварот, назад. Так здараецца, калі ўсхопіцца віхор, на роўным месцы і з нічога, здаецца, скруціцца ў тугі жмак вецер, згорнецца ў кальцо і кругамі, кругамі пачне закручваць каля цябе, ты пасярэдзіне яго. Ты кропка, тычка ці печ, каля якой ці ад якой ён ідзе ў скокі. I ўсё, што ўкруга цябе, падхопліваецца ім і шугае, ляціць у неба, імкліва, нястрымна, а ты з запарушанымі вачыма застаешся на месцы. Больш таго, той кручаны віхор, смерч убівае цябе ў зямлю, ні нагі, ні рукі не падняць, так абціснуты яны ветрам. Вецер уздымае, ірве з-пад ног пясок, зямлю, на якой ты стаіш, і ўгару яе, угару, а ты ўніз, як у багну, уцягвае цябе зямля і выцягвае, як выцягвае корань у дрэва. I што рабіць, перачакаць, пакуль супакоіцца вецер, схаваць вочы і твар, закрыць іх далонямі, каб не секла пяском, не біла смеццем, і не варушыцца, каб смерч не падхапіў і не панёс, як тое ж смецце, панёс і кінуў, адкінуў, адшпурнуў, як нікчэмнасць, непатрэбнасць. Ці, наадварот, выцягваць сябе па валаску з гэтай вялізнай жыццёвай лейкі, ямы. Але ці магчыма выцягнуцца самому з яе. Няма ж ні дзедкі з яго кіёчкам, ні яблыка ў руцэ, смак якога ты прагнеш адчуць, які насыціць цябе смагаю жыць... Яблык спакусы, канечне, ёсць, іх шмат, вялікае мноства іх цяпер, не тое што ў першыя пасляваенныя гады, калі ты быў рады не толькі яблыку, а і агрызку яго. Сады вакол квітнеюць, пладаносяць. Каб, як некалі Трубецкі, прапанаваў ён сёння закладваць новыя сады, палічылі б, што ці то з глузду з'ехаў, ці з таго свету з'явіўся. Сёння трэба выходзіць да людзей з нечым іншым ці абыходзіцца, быць задаволеным тым, што маеш, што робіш. Яму ж гэтага здавалася мала. Служба не паглынала яго цалкам, ён адчуваў, што здольны на нешта большае, і імкнуўся да большага. I мелася дыханне, і сілы былі. Арміі ён патрэбны быў толькі ад і да, увогуле ўвесь: ад адбою да пад'ёму, ад пад'ёму да адбою. Але ў тым і справа, што армія толькі спажывала яго. Адбірала спажыўнае ў ім, што здольная была пераварыць, выкарыстаць, адсякала ўсё іншае, дзе, па праўдзе кажучы, ён толькі і пачынаўся. Расходаваць сябе, усцешваць мроямі, марнымі надзеямі: «а раптам ды так здарыцца», не па яго было натуры і характары. У кожнай справе яго больш за ўсё цікавіў вынік. Такога прыкметнага адчувальнага выніку Мар'ян у тым, чым займаўся, не знаходзіў, але меў шмат вольнага часу. Не зусім вольнага, зразумела, час быў заняты мітуснёй, беганінай, загадамі, камандамі, але галаву, мазгі не затлуміш, не заб'еш адной толькі знешняй уяўнасцю справы. Ашукаць кожнага, маючы такі-сякі спрыт, не так ужо і складана, вось як сябе падмануць, хаця, пэўна, з цягам часу можна дасягнуць поспехаў і тут. Толькі, дасягнуўшы тых поспехаў, ці застанешся ты сам сабою. Адно-другое такое ашуканства, і ты ўжо сам не ведаеш, куды пакаціўся. Не трэба вялікіх намаганняў, каб угаварыць сябе на брыду, дый, з другога боку, ці ж брыда гэта — распіць з чалавекам пляшку віна, што ён, радзіму ці гонар свой прадае. Распілі, пагаварылі, разышліся і мо больш ніколі пе сустрэнуцца. Так яно і адбывалася — сустракаліся, распівалі, бацькі ад'язджалі, а да чаго гэтая, здаецца, дробязь даводзіла далей, Мар'ян бачыў.
Вучэбка, вучэнні, камандзір, нампаліт, ён, Мар'ян, салдаты. Пад'ём, фіззарадка, сталоўка, пастраенне. Загад, хто чым займаецца.
Але перад гэтым загадам каманда афіцэра:
— Мае людзі, да мяне! — Дзесяць салдат ступілі са строя да капітана.