Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 90 91 92 93 94 95 96 97 98 ... 268
Перейти на страницу:

Навокал усё ціха. Але зводдаль усё ж даносяцца гукі. Іх не адразу і зразумееш нават. Не то крыкі, не то тупат мноства ног. Коні ці людзі? Але стрэлаў няма. Бахае недзе артылерыя. Толькі гэта ў іншым баку і далёка. А гэты перапалох дзесьці за сялом. Праз кіламетр-два.

Разліваючы з кацялка ваду, у двор уваходзіць Энгель. Значыць, усё ж чалавек, думаю я. Маё ўяўленне аб немцах трохі пахіснута. Я ўжо згодны думаць, што сярод іх бываюць розныя. I так сабе. I нішто. I сволачы. Зрэшты, як і ў нас. I, мусіць, як і ўсюды. Людзі ёсць людзі. У агульнай масе сваёй не благія і не добрыя — розныя. Ён працягвае мне кацялок. Я прыўзнімаюся. Адной рукой сціскаю яго за бок. У галаве шалёная хісткая карусель.

I тут за спіной — цяжкі змораны тупат. Нешта здарылася, але я не зважаю. П’ю. Хоць бы выбух — раней, чым памерці, я ўсё ж нап’юся. Але раздаецца нямецкая лаянка. Шалёны ўдар ботам выбівае ў мяне кацялок. З бразгатам той коціцца па падворку. Другі ўдар, у вуха, атрымлівае Энгель. У двары шалее яфрэйтар. Захлынаючыся словамі, ён лаецца.

Гняўліва-крыўдная хмара засцілае маю свядомасць. Я хачу піць. Але, здаецца, ужо не нап’ешся. Энгель вінавата лыпае падслепаватымі вачыма. Яфрэйтар нешта крычыць, размахваючы перад ім кулаком. Акулярык бярэцца за скрынку. Сэрца маё рвецца з грудзей: я адчуваю — зараз нешта адбудзецца.

Неўзабаве яны ўсе хапаюцца за рамяні скрынак. Яфрэйтар, лаючыся, трухае да хлеўчыка за сваім кацялком. Акулярык адну скрынку ўзвальвае на спіну, другую — прадаўгаватую і меншую — бярэ за почапку. Самай вялікай нагружаецца Энгель. Таропка чапляе на сябе амаль кубовую зялёную яфрэйтар. Але на снезе застаецца яшчэ дзве. Яфрэйтар запыхана азіраецца на нас. I тады — о, цуд і подласць! — з прызбы падхопліваецца Сахно. Я нават не разумею, куды? Мабыць, не разумеюць гэта і немцы. А ён без адзінага слова хапае скрынку, другую і абедзве ўскідвае за рамяні на сваё правае, здаровае плячо. Яфрэйтар збянтэжана разяўляе рот, а пасля з сілай ляпае па гэтым яго ўгнутым ад рамня плячы. — Гут, капітан! I рагоча.

А я выдыхаю ўсё, што ў мяне было ў лёгкіх, і пераводжу позірк угору. Я не здзіўляюся і не абураюся. Мае пачуцці ўжо мала што ўспрымаюць. Я ўжо ўсё перажыў. Я толькі гляджу ў неба.

Там прарэзалася і блішчыць маленькая адзінокая зорка. Яна, мабыць, якраз над Кіраваградам, у які я не дайшоў. Як не дайшлі многія. Цікава, колькі тысяч жыхароў у тым горадзе? Ці атрымаецца хоць па адным на забітага? Было б здорава хоць на хвілінку зірнуць на яго вуліцы. Напэўна, калі-небудзь там будуць цвісці кветкі, зелянець таполі і акацыі. I хадзіць хлопцы з дзяўчатамі. Людзі будуць глядзець кіно, піць піва і есці марожанае. Зорка ў небе гойдаецца і расколваецца на дзве і тры. Смугой зацягвае позірк. Гэта мароз. Ён, здаецца, мяне дабівае. Мабыць, хутка мяне не стане. А той будзе жыць. Будзе. Ён пераадолеў ужо свой шок. I я думаю: недарма кажуць, што вайна любіць кемлівасць. Хто раней здагадаецца, той і пераможа. Ён здагадаўся ў час. Там ён быў узорны штабіст. Тут будзе ўзорны палонны.

Усё іншае даходзіць да мяне нібы з другога свету. Немцы ямчэй ладзяць на сябе скрынкі. Затым таропка закурваюць і выходзяць у варотцы. Я ўсё гэта чую. Але я бачу толькі тую дробненькую зорачку ў зеленаватым блакіце. Яна мільгае, скача, пераліваецца водбліскамі, рассыпаецца на дзве, чатыры і калючымі асколкамі мітусіцца ў вышыні. Вейкі змярзаюцца, і я заплюшчваю вочы.

Здаецца, немцы мяне пакідаюць.

Аднак у варотцах яны раптам спыняюцца. Мне чуваць голас яфрэйтара. Спачатку ціхі, пасля з уладарнаю ноткай загаду. I зараз жа рэзкі скрып ботаў па снезе. Гэты прарэзлівы скрып болем пранізвае маю галаву і спыняецца. Я расплюшчваю вочы.

Згорбіўшыся пад скрынкай на спіне, перада мной стаіць Энгель. Ён нерашуча, нібы баючыся, зазірае ў мой твар. У яго напружана-затоены позірк. I я раптам здагадваюся, чаго ён вярнуўся. Я ведаю. Іншага я і не чакаў.

Але чаму Энгель?

На руках я адкідваюся да прызбы. Упёршыся ў дол абцасам, паварочваюся да яго тварам.

— Ты?

Энгель адступае на крок і дрыготкімі пальцамі бярэцца за рукаятку затвора. Ён з натугай дасылае ў патроннік патрон і мармыча:

— Эс тут мір зэр ляйт.

Я разумею. Ён просіць прабачэння. Гэта няўцямна. I няўяўна. Гэта жахліва. Ці бачылі вы такіх забойцаў? Ці чыталі пра іх у кніжках?

— Эс тут мір зэр ляйт. Абер іх габе бефёль![14]

Ну, вядома, ён мае загад! Гэта ўжо знаёма. Гэта безумоўна.

Ну, але што ж! Трэба канчаць. Мне няма чаго плакаць. Дарма таксама прасіць. Рукамі я раздзіраю на грудзях шынель. На, страляй, гад! Цаляй у самае сэрца. Каб доўга не пакутаваў! Мне неўмагату.

вернуться

14

Я вельмі шкадую. Але я маю загад! (ням.)

1 ... 90 91 92 93 94 95 96 97 98 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)