Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
— Бэайльт айх![15] — крычыць з вуліцы яфрэйтар.
Аказваецца, яны пайшлі. Яму цяпер іх даганяць. Яны спяшаюцца. Можа, праз гадзіну тут будуць нашы? Гэтая думка пераварочвае ва мне ўсе пачуцці. Мне да слёз робіцца крыўдна.
— I ты мяне заб’еш? — крычу я ў разгубленыя, падслепаватыя Энгелевы вочы. — Ты ў мяне стрэліш?
У маёй душы раптам узгараецца маленькая зорачка надзеі. Я ж яго не забіў. Я яго бараніў. Няўжо ён не ўспомніць таго?
На адным калене я падаюся ад прызбы да Энгеля. Ён на крок адступае. Падобна, ён баіцца мяне і чамусь азіраецца. Вочы яго ўсё акругляюцца ў збянтэжанасці. Рукою зноў тузае рукаятку затвора. З карабіна туга выпстрыквае патрон і падае ў снег.
— Іх габе бефёль, — дрыготкім голасам, нібы апраўдваецца ён і таропка адступае яшчэ на два крокі.
Стрэл, як гром, пыхнуўшы ў твар чырвоным полымем, валіць мяне ў снег.
Нейкі час потым я яшчэ чую незразумелыя гулкія ўдары пад сабой — дуг-дуг-дуг… Я не ведаю, што гэта — ягоныя крокі ці развітальны стук майго сэрца. Аднак яны ўсё цішэюць і хутка зусім заміраюць.
38
— Грамадзянін! Грамадзянін! Ану, падніміцеся!
— Што разлегліся? Не дома!
— Паднімайцеся! Зараз жа паднімайцеся!
Між лавак ходзіць дзяжурная з чырвонай павязкай на рукаве, і з ёй міліцыянер. Яны будзяць пасажыраў, бо спаць у зале не дазваляецца. Жанчыны, дзядзькі і хлопцы, крэкчучы і сапучы, устаюць. На іхніх памятых тварах санлівая нездаволенасць.
Пасля бяссоннае ночы тупа баліць галава. Трэба б таблетку пірамеіну, але аптэчны ларок, вядома, яшчэ зачынены. У вялізных вакзальных вокнах — празрыстая сінеча світальнага неба. Зачынаецца майскі пагодны ранак.
Хлопца на лаўцы ля мяне ўжо няма, мусіць, адправіўся сваёй дарогай. На яго месцы сядзіць знаёмая з ночы жанчына ў квятастай хусцінцы. Падпёршы рукой шчаку, яна засяроджана глядзіць у падлогу. Відаць, як і я, таксама не прыдрамнула за ноч. З другога рада лавак да нас забрыдае ранняе на пад’ём малое з бразготкай у руках. Шырока расставіўшы крываватыя ножкі, даверліва ўзіраецца ў мяне, потым глядзіць на жанчыну. Выраз твару той не мяняецца. Малеча, няспрытна павярнуўшыся, таропка тэпае за лаўку. Нас яно пабойваецца.
Мне болей тут не сядзіцца.
На плошчы яшчэ па-начному прахладна і пуста. Ліхтары ўжо не гараць. У шырокім чысцюткім небе над горадам хутка світае. Вось-вось павінна ўзысці сонца. Напорысты майскі дождж прамчаўся па вуліцах, дахах і бульварах, пакінуўшы пасля сябе духмяную свежасць раніцы, мокрую лістоту і люстраныя лужыны-азяркі на асфальце. Лужыны, аднак, хутка вузеюць-меншаюць.
Гаркавата расістым водарам патыхае ў скверы ад таполяў. Вясноваю прэласцю пахне набрынялая вільгаццю зямля. З ночы лістоты на дрэвах нібы прыбавілася, і яна густа зелянее, цярусячы на дол сцюдзёныя буйныя кроплі. На пустой крайняй лаўцы — праседжаная мокрая газета. Я апускаюся побач.
Энгель усё ж аказаўся нядбайным салдатам фюрэра. У сваім старанні выканаць загад ён паспяшаўся. Невядома, па якой прычыне адбылося гэта. Ці мо з нежадання адстаць ад сваіх. Ці баючыся нашых, якія недзе абходзілі сяло. Ці, можа, Усё ж маючы нейкую спагаду да мяне. Не дужа цаляючы, ён стрэліў толькі адзін раз. А трэба было, відаць, два. Адзін стрэл мяне не забіў. Толькі на шмат год нарабіў клопату дактарам. I калі я зараз жывы, дык зямны паклон іхнім залатым рукам і іхнім вялікім турботам. Але найперш паклон цётцы Марылі. Гэта яна, стараватая вясковая бабылка, не дала мне сысці крывёй і замерзнуць. Яе рукі найперш затрымалі ва мне невялічкія рэшткі жыцця, хоць гэта было не проста і амаль безнадзейна. I цяпер разам з нянавісцю да подласці ў маіх грудзях жыве вялікая любоў і ўдзячнасць тысячам тысяч нашых бабулек, цётак, дзяўчат і старых, якія і кармілі і абагравалі, а нярэдка і ратавалі нас ад кашчавай.
Шырокія стрункія промні нябачнага за дамамі сонца запальваюць ранішні блакіт, і ён у вышыні гарыць, ззяе, звініць чысцінёй і першатворнай свежасцю. Недарэчна доўгая і турботная ноч ззаду. Дзіва, якою магутнай, гаючай сілай валодае прырода. Кожнага ранку ўзыдзе сонца, і ўсё на душы робіцца інакшым, чым уначы. Куды толькі знікаюць сумненні і пакуты адзіноцтва. Выходзіць усё куды прасцей і лягчэй, чым уяўлялася. Вялізным зарадам бадзёрасці прырода кожнага ранку абнаўляе людзей.
Так, лютая была вайна. Смяртэльная бітва з найвялікшаю няпраўдай і несправядлівасцю, якія калі-небудзь нараджала зямля. Гэтая барацьба ўзяла ў чалавецтва безліч ахвяр і іхняй крывёю напісала ўрокі, якія немагчыма забыць. Найпершы з іх, мусіць, заключаецца ў тым, што воля і мір — занадта кволыя дрэўцы, каб іх можна было вырасціць без усеагульнага клопату ўсёй трохмільярднай сям’і. Занядбанне гэтым урокам каштавала б зямной катастрофы.
15
Спяшайся! (ням.)