БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Паводле прысуду Цэнтральнае Калегіі ГПУ пры Радзе Народных Камісараў СССР, арыштаваныя сябры арганізацыі альтруістых былі засуджаныя на розныя тэрміны выгнаньня за межы Беларусі (у Архангельск, Волагду і г. д.) і у канцэнтрацыйныя лягеры Савецкай Поўначы.
Вялікая колькасьць розных процібальшавіцкіх беларускіх арганізацыяў і агульны народны процібальшавіцкі настрой выводзіў ГПУ («Главное Политическое Управление»), а пазьней НКВД («Народный Комиссариат Внутренних Дел») з цярліпвасьці. Яно начало падазраваць у контррэвалюцыйнай і нацыянальнай рабоце і перасьледваць ужо ня толькі беларускіх нацыянальных дзеячоў, але і беларусаў камуністых і тых, якія стараліся ўсякімі спосабамі дагадзіць савецкай палітыцы ды нападалі на сваіх жа сяброў. Падозраньні гэтыя давялі да таго, што ў 1937 годзе разам з далейшымі арыштамі сярод беларускай інтэлігенцыі адбыліся арышты і сярод старых беларускіх камуністых. Арыштаваны быў З. Жылуновіч, беларускі паэта камуністы Міхась Чарот, прафэсар Шчарбакоў, які вёў акцыю супроць беларускіх нацыянальных дзеячоў, Кернажыцкі і багата іншых Атакавалі і старых беларускіх камуністых Гікалу, сакратара Камуністычнай Партыі Беларусі, Галадзеда, старшыню Рады Народных Камісараў БССР, Чарвякова, старшыню Цэнтральнага Выканальнага Камітэту, Убарэвіча — камандзера Беларускае Вайсковае Акругі, Уладзімерскага — начальніка беларускае чыгункі, Дзякава — камісара асьветы і іншых выдатных прадстаўнікоў савецкае ўлады. Абвінавачвалі іх за тое, што дапусьцілі да таго, што бадай усе партыйныя камуністычныя арганізацыі былі апанаваныя беларускімі нацыяналістымі. У Віцебску на 191 партыйную арганізацыю беларускія нацыяналістыя ці, як іх называлі, нацыянал-дэмакраты, а скарочана «нацдэмы», апанавалі 188, а ў Гомелі на 143 было апанавана 109. Вынік паходу супроць гэных высокіх прадстаўнікоў савецкае ўлады і Камуністычнае Партыі Беларусі быў такі, што Чарвякоў і Галадзед скончылі самагубствам, а іншых расстрэльвалі, засуджвалі ў вастрог, канцэнтрацыйныя лягеры або на высылку. На іхныя месцы ў БССР прысылаліся небеларусы, і яны ўжо адкрыта праводзілі русыфікацыю Беларусі.
Беларуская мова, якую бальшавікі сваёй рэформай беларускае граматыкі, праведзенай у 1933 годзе, стараліся наблізіць да расейскай, была адсунутая на апошняе месца, а ўсюды ў урадах, школах, установах заводзілася расейшчына Беларускае выдавецтва, кніжкі, газэты часапісы штораз больш зьмяншаліся або і зусім ліквідаваліся. У беларускай мове друкавалася бадай толькі адна прапагандавая камуністычная літаратура. Затое шмат кніжак, газэтаў і часапісаў выходзіла ў расейскай мове. Русыфікацыя ішла поўным ходам. Савецкая прэса ўжо хваліла і ўзьвялічвала ня толькі расейскі народ і Расею, ейных нацыянальных паэтаў, але і розных расейскіх гэнэралаў і цароў якіх раней бальшавікі аплёўвалі.
Жыцьцёвыя абставіны ў БССР, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, былі запраўды цяжкімі. Насамперш ніхто з жыхароў ня быў пэўны заўтрашняга дня. Бясконцыя «чысткі» ад «нацдэмаўшчыны», клясавых ворагаў, розных «ухілаў» ад гэнэральнае палітычнае лініі, якую праводзілі бальшавікі і якая вельмі часта зьмянялася, даносы ды шырокаразьвіты шпіянаж НКВД — трымалі жыхароў у вечным страху. Ніхто ня быў пэўны, ці ўсё добра робіць, ці ягонае паходжаньне ня сьцягне на яго перасьледу НКВД, або ці часамі хто-небудзь не зрабіў на яго якога-небудзь даносу. Заработкі работнікаў, працаўнікоў, калгасьнікаў былі нізкія, а працаваць трэ было многа і цяжка. Прытым дысцыпліну працы бальшавікі ўстанавілі надзвычайна суровую. За малыя спазьненьні работнікі ішлі пад суд, а пасьля на прымусовыя работы, а то і ў вастрог. Зьмена месца працы абмяжоўвалася. Уведзены бальшавікамі гэтак званы стаханаўскі мэтад працы, паводле якога кажны мусіў старацца як найлепш і як найпладней працаваць, пашырыў і падвысіў эксплёатацыю працоўных да нябывала высокае ступені. Да гэтага ўсяго даходзілі яшчэ бясконцыя нутраныя грашовыя пазыкі на рэалізацыю розных камуністычных плянаў, што кажны мусіў купляць, і бясконцыя розныя камуністычныя, прафэсійныя і іншыя сходы, на якія трэ было хадзіць і якія абрыджвалі людзям жыцьцё да немагчымасьці. Заработкаў бадай нікому не ставала на тое, каб добра пракарміцца і адзецца. Прадуктаў, адзежы і абутку таксама заўсёды не ставала. Каб што-небудзь купіць, трэ было стаяць у чарзе або рабіць розныя камбінацыі, ашуканствы, чаго ня ведаў ніводны край у Эўропе і наагул у цэлым сьвеце. Ініцыятыва прыватнага гандлю, прамысловасьці, гаспадаркі нідзе не дапушчалася, а ў дзяржаўных, камунальных і савецка-каапэрацыйных прадпрыемствах, у калгасах, у саўгасах разьвівалася бюракрацыя. Яна спыняла разьвіцьцё дабрабыту, прыносіла вялікія страты і ўводзіла ўсюды балаган. Пры такой сыстэме палепшаньня жыцьцёвых абставінаў ня было відаць. Наадварот, жыцьцёвыя абставіны не паляпшаліся, а пагаршаліся, аб чым сьведчыць хоць бы тое, што за навуку, што раней давалася дарэмна, апошнім часам увялі плату.