БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Беларускае грамадзянства, узмацніўшыся ў сэньсе арганізацыйным, на зьезьдзе прадстаўнікоў усіх беларускіх арганізацыяў у Рызе высунула дамаганьне аднавіць дзейнасьць Беларускага Аддзелу пры Міністэрсьцьве Асьветы і на кіраўніка аддзелу назначыць У. Пігулеўскага. Латыскія ўлады задаволілі гэтае дамаганьне і ад 1927 г, Беларускі Аддзел быў адноўлены. Факт аднаўленьня Беларускага Аддзелу забясьпечыў на далейшы час існаваньне беларускіх школаў у больш нармальных абставінах і падахвоціў беларусаў да больш творчае працы" на беларускай культурнай і нацыянальнай ніве.
У 1928 і 1929 годзе за беларускую грамадзкую і культурную працу пачала брацца і беларуская моладзь, узгадаваная ў беларускіх школах. Паўстала адмысловае Таварыства Беларускае Моладзі ў Лацьвіі. На чале Таварыства Моладзі стаялі пераважна беларускія студэнты Лацьвійскага Унівэрсытэту і Акадэміі Мастацтва: Пётра Мірановіч, Ніна Пінская, Казімір Мяжэцкі, Кароль Казакевіч ды Пятро Масальскі. Таварыства Моладзі разьвіло таксама даволі шырокую працу, закладаючы спартовыя і драматычныя гурткі, ладзячы спаборніцтвы, беларускія паказы, чытальні. Яно абыймала ўсе бадай беларускія воласьці і выдавала свой часашс «Пагоня».
У гэтым часе выходзілі яшчэ іншыя два беларускія часапісы: адзін пад назовам «Думка Беларуса», а другі — «Наш Шлях».
Дзеля арганізацыі беларускай этнаграфічна-краяведнае працы, якая шырока праводзілася тады ў БССР, у Рызе паўстала Беларускае Навукова-Краязнаўчае Таварыства. Яно сабрала шмат розных матар'ялаў і часткава друкавала іх у «Беларускай Школе ў Лацьвіі».
Беларуская праца, праўда, з рознымі перашкодамі, але паступова разьвівалася аж да 1934 г., гэта значыць да часу, пакуль уладу ў Лацьвіі не захапіў ведамы латыскі шавіністы Кароль Ульманіс. Ён, узяўшы ўладу ў свае рукі, адразу зьліквідаваў усе беларускія арганізацыі, таварыствы, часапісы і разам з гэтым — Беларускі Аддзел пры Міністэрсьцьве Асьветы ў Рызе.
На ўсю Лацьвію засталася толькі адна беларуская пачаткавая школа ў Рызе, але і яна мела быць зьліквідаваная. Беларускія настаўнікі, звольненыя з працы ў школах, мусілі ісьці зарабляць сабе на пражыцьцё фізычнай працай. Палітыка асыміляцыі беларусаў і латышызацыі завойстрылася і выклікала вялікае незадаваленьне сярод беларускага жыхарства. Беларуская інтэлігенцыя ў Лацьвіі, аднак, і ў такіх цяжкіх умовах не апускала рук, а трымалася свайго і што магла рабіла для беларускае справы.
Спробы палепшыць палажэньне і беларуска-латыскія дачыненьні, робленыя з беларускага боку, не давалі ніякіх вынікаў, аж пакуль у 1939 годзе ня выбухнула вайна. Ваенныя падзеі, а асабліва развал Польшчы, ацьвярозіў латыскіх шавіністых. Яны спынілі ліквідацыю апошняе беларускае школы і дазволілі стварыць беларускую арганізацыю ў форме Беларускага Таварыства ў Латгаліі. Гэтае таварыства праводзіла насамперш беларускую культурную працу і аднаўляла беларускае грамадзкае жыцьцё.
Калі ў 1940 г. Лацьвію акупавалі бальшавікі, Беларускае Таварыства запатрабавала аднаўленьня ўсіх беларускіх школаў у Рызе і на правінцыі, зьліквідаваных латыскімі шавіністымі. Пераходная ўлада ў Лацьвіі здавольвала беларускія жаданьні. У Рызе ды на правінцыі паўставалі беларускія школы, пры прафэсыянальным саюзе настаўнікаў паўстала беларуская сэкцыя, а пры Міністэрсьцьве Асьветы, пераробленым на Камісарыят Асьветы, стварылася рэфэрэнтура беларускіх школаў. Але пасьля, як Лацьвію абвесьцілі савецкай рэспублікай, палажэньне зьмянілася на горшае. Багата настаўнікаў-беларусаў савецкая ўлада арыштавала і вывезла, а сярод беларускіх народных масаў праводзілася бальшавіцкая агітацыя, каб перарабляць беларускія школы на расейскія. I у Лацьвіі, як бачым, бальшавікі праводзілі тую самую русыфікацыйную палітыку, што ў БССР, але яе перапынілі ваенныя падзеі, якія пашырыліся і на Усходнюю Эўропу. Бальшавікі пад напорам нямецкае арміі пакінулі Лацьвію, і там пачалося новае жыцьцё ня толькі для латышоў, але і для беларусаў.
У межах ,,Летувіскае дзяржавы, паводле першага ўсерасійскага перапісу ад 1897 году, было 70 300 беларусаў, а паводле першага летувіскага перапісу ад 1923 году — усяго 4 400. Беларускія дасьледнікі сьцьвярджалі, што агулам у Летуве жыло каля 45 000 беларусаў, толькі вялікая частка з іх былі людзьмі нацыянальна нясьведамымі і ў часе перапісу жыхарства запісаныя палякамі, калі былі каталіцкага веравызнаньня, а часткава расейцамі, калі былі праваслаўнага веравызнаньня. Беларусамі запісаліся толькі моцна сьведамыя нацыянальна адзінкі і актыўныя ўдзельнікі беларускага руху. Найбольш беларусаў жыло ў ваколіцах Нова-Аляксандраўшчыны і Еўя.