Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Празь нейкi час той жа Марцалеў i ягоны памочнiк Гнiламёдаў прыехалi ў Горадню наводзiць парадак у мясцовым аддзяленьнi пiсьменьнiкаў. Пасьля грунтоўнай гутаркi ў абкаме пачалi па адным выклiкаць нас у Дом Ажэшкi. Першай паклiкалi Дануту, якая няхутка выйшла адтуль з заплаканым тварам. Нават не схацела гаварыць, што ў яе пыталiся. Наступным быў я. Размова была звычайная — пыталiся пра прычыны канфлiкту зь мясцовымi ўладамi i чыталi мараль. Як я распавёў пра прошукi КДБ, Марцалеў аж спалохаўся: «А вы ўжо ўсiм расказалi?». Ня ўсiм, кажу, але некаторым расказаў. У тым лiку i карэспандэнтам з Масквы i Варшавы. У Карпюка дапытвалiся пра прычыны ягоных адносiнаў з абкамам, на што Аляксей сказаў: «Як яны да нас, так i мы да iх. Юбiлейным ленiнскiм мэдалём за штучнае асемяненьне кароў Ульяновiча ўзнагародзiлi, а нас з Быкавым за вайну — і не падумалi».
У канцы школьнага навучальнага году здарыўся канфлiктны выпадак з маiм малодшым сынам. Патэлефанавала дырэктарка школы, дужа прынцыповая дама з адметным прозьвiшчам Сукачова i тэрмiнова запатрабавала мяне ў школу. Я не пайшоў, сьпярша папытаўся ў свайго Васiля, што ён натварыў? Ён, натуральна, аднекваўся, маўляў, нiчога. Але спакваля стала вядома. На ленiнскiм уроку ў 4 клясе, калi гаворка iшла пра Iльлiча, мой сын сам сабе буркнуў у рыфму: Iльiч — стары хрыч. Toe ўчула яго пiльная суседка i тут жа падняла руку, каб абвясьцiць тое настаўнiцы. Настаўнiца з жахам падняла сына, якi, вядома, не прызнаўся. Справа дайшла да дырэктара, далажылi ў гаркам i яшчэ куды. Разьдзьмулi палiтычны скандал, у мяне запатрабавалi пiсьмовага тлумачэньня. Шкадуючы сына, якому пагражала выключэньне, я нешта пiсаў, апраўдваўся сам i апраўдваў яго. Увогуле тое было брыдка i ганебна.
Сталася так, што я ўжо мала з кiм таварышаваў у Гораднi. Усе знаёмыя былi занятыя асабiстымi справамi, а галоўнае — пабойвалiся занадта кантактаваць з апальнымi пiсьменьнiкамi. Часам сустракаўся з Барысам Клейнам, калi той ня быў заняты ў iнстытуце. Клейн меў даволi глыбокi аналiтычны розум, быў дасьведчаны ў палiтыцы. Ды i ў культуры таксама. (Распавядаў, як некалi вучыўся ў адной клясе з Раланам Быкавым, цяпер лёс зьвёў яго з другiм Быкавым.) Менш цiкавiўся беларускай лiтаратурай, але гэта — як каму наканавана.
Аднойчы ўвечары ён прыйшоў да мяне на кватэру, мы пасядзелi трохi, i я пайшоў яго праводзiць дадому. Самую важную частку размовы, вядома, прыпасалi да гэтага часу. Клейн жыў недалёка, у цэнтры гораду, каля турмы. Прайшлi ў адзiн канец, затым у другi. Было ўжо цёмна, людзей на вулiцы трапляла няшмат. Ля самага яго пад’езду раптам перад намi вынiклi трое, заступiлi дарогу. Сьпярша мы нават не зразумелi, чаму яны перагарадзiлi нам вузкi шлях, як тут жа атрымалi па удары ў твары — я i Барыс. У таго адразу ўпалi пад ногi акуляры, я здушана крыкнуў: «У чым справа?». I зноў атрымалi — другi раз. Тады мы закрычалi — на ўсю вулiцу. Адзiн таропка перайшоў на другi бок, дзе ўжо стаяў трэцi зь iх групы. Астатнi раптам наблiзiўся амаль ушчыльную, але замест таго, каб ударыць, цiха сказаў «Простите, ребята!» і пайшоў да тых двух.
Я памог Барысу адшукаць у цемры яго акуляры. Знэрваваныя, мы яшчэ пастаялi, гледзячы, як трое нетаропка пайшлi сабе ў бок турмы. Што было рабiць далей? Блiзка было ўпраўленьне мiлiцыi, насупроць ад яго ўпраўленьне КДБ. Але мы туды не пайшлi. Мы наогул нiкуды не пайшлi нi тады, нi назаўтра. Мы зразумелi, чыiх гэта рук справа i што скардзiцца — марна. Зноў жа ня так ужо яны нас i пабiлi — сiнякоў не засталося. Шкельцы ў акулярах Барыса замянiлi, а я наогул выйшаў бяз стратаў. Заставалася толькi дзякаваць Богу i чакаць новых прыгод.
Празь дзень я патэлефанаваў у Менск Матукоўскаму, распавёў, што ў нас адбываецца. Мiкалай Ягоравiч паўздыхаў у трубку i сказаў, што трэба мне перабiрацца ў Менск. У Гораднi цябе зьядуць. Цi заб’юць, што таксама ня лепей… Аднак у Менску, куды я неўзабаве зьезьдзiў, было ня лепш. Кiсьлiк з Тaрасам распавялi, як у Акадэмii [Навук] грамiлi групу нацыяналiста Прашковiча, за палiтыку выключылi з партыi i выгналi з газэты Вiнаградава, мужа пiсьменьнiцы Вакулоўскай. У Саюзе пiсьменьнiкаў, куды я забягаў, можна было перакiнуцца словам хiба з прыветлiвым Толем Вярцiнскiм, якi здаўна прыязна да мяне ставiўся.