Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Прыгнечаны, з сапсутым настроем Аляксей вярнуўся дадому, дзе яго чакаў ліст ад дзядзькі. Той пісаў хімічным алоўкам на школьнай старонцы: «Дарагі пляменьнік, ці ты там з глузду зьехаў у сваёй Горадні, — які я табе маршал і дзе я табе вазьму гэны мэдаль? Я і ў войску ні дня не служыў…».
Зь дзядзькам, канешне, адносіны ўлагодзіліся, а прадстаўленьне на афіцэрскае званьне ў Карпюка ляснула. Карпюк быў у недаўменьні: падумаеш, напісаў! Я ж маршала не аблаяў. Дык праз тое да пяцідзесяці год хадзіць радавым? А гэтыя, што ў вайну ні разу па жывым немцу ня стрэлілі, ужо маёры запасу. Вунь як той Гаўрушка, што самагон на хутары для камбрыга гнаў. Цяпер ён член бюро гаркаму, — абураўся Карпюк. Тады ён яшчэ не прадбачыў, што прыйдзе час, і гэты брыгадны самагоншчык дасца Карпюку ў знакі…
63. Бітыя вокны
Я прыехаў зь Менску, куды езьдзіў па справах сваёей кніжкі. Рэч у тым, што некалькі год выдавецтва «Мастацкая літаратура» валыніла з выданьнем маіх дзьвюх аповесьцяў, нават не ўключала іх у плян. Калі я сказаў пра тое загадчыку адззелу Алесю Бажко, той нявінным позіркам уставіўся на мяне: «А дзе рукапіс? Рукапісу ж няма». Гады тры таму я асабіста прывёз рукапіс у выдавецтва і ў гэтым жа кабінэце аддаў сакратарцы. Тая паставіла папку ў шафу, мэханічна зірнуўшы на якую, я ўбачыў за шклом свой рукапіс. Дык во ж, рукапіс! Бажко шчыра зьдзівіўся: а мы так шукалі, шукалі… Рукапіс такім чынам быў знойдзены, але кніга ўсё роўна выйшла няхутка…
Дома, на Кашавога, яшчэ было ня позна, бліскаў тэлевізар, і раптам — удар у вакно, шыбіна — у друз, на падлозе кавалак цагліны. Я выбег на вуліцу — нідзе нікога. Назаўтра пасьля невясёлага роздуму пайшоў у міліцыю, напісаў заяву. Пасьля змусілі перапісаць, сказалі, будуць расьсьледаваць. Нейкі час чакаў выніку, пасьля перастаў чакаць. Пачаў чакаць іншых вынікаў, якія і пасьледавалі.
На той час Карпюк дамогся ад абласнога начальства, каб пісьменьнікам паставілі нарэшце тэлефоны, і тое было зроблена. Стала зручна куды пазваніць, ня трэба было бегчы на пошту ці да аўтаматаў, якія ніколі не былі спраўныя. Але пачалося іншае ліха, прынамсі для мяне. Пачалі званіць — з Горадні, Менску, Масквы ці чорт ведае адкуль, — не называючыся. То быў форменны тэлефонны тэрор, пэўна ж кімсьці арганізаваны. Але вядома, кім. У любы час дня і ночы трашчэў телефон, устрывожаны, я ўскокваў з ложку і чуў першае пытаньне: «Да якога часу вы будзеце падрываць савецкую ўласьць?». Або: «Многа вам заплаціла ЦРУ за паклёп на партыю і Чырвоную армію?». Удзень нярэдка званіў Дубавінкін — ветліва пра штось пытаўся, штось удакладняў і ненавязьліва выхоўваў. Чытаў мараль. Тую ж мараль некалькі разоў чытаў палкоўнік з палітупраўленьня БВА, які прадставіўся кандыдатам навук (праўда, не ўдакладніў, якіх) і актыўным удзельнікам ВАВ. Добра пастаўленым голасам ён з напорам даводзіў, што да тэмы вайны трэба падыходзіць вельмі ашчадна, каб не сказіць рэтраспэктыву. Сам ён мае надзвычай вялікія заслугі ў вайне, перажыў столькі, што, калі напісаць, хапіла б на «Вайну і мір». Але ён ня піша, бо ня мае часу. Увесь яго час займае служба па выхаваньні савецкага салдата, патрыёта сваёй краіны. Я слухаў тую лухту і думаў, ці гэта сур’ёзна? Ці ня ёсьць гэтая размова самаапраўданьнем чалавека, які дзесь саграшыў і цяпер папраўляецца? Як наш рэдакцыйны Яркін. Ён любіў закласьці, часам п’яны штосьці мог натварыць, і з тае прычыны на чарговым партсходзе першы браў слова і палымяна выступаў з падтрымкай чарговай пастановы ЦК ці абкаму або гаркаму. Для яго не было важна каго — важна было, што з падтрымкай. Toe яму залічвалася і ратавала да наступнага эксцэсу.
Маё жыцьцё ў Горадні, да якой я прывязаўся, рабілася, аднак, усё меней прывабным. Сьцяна адчужэньня між мной і рэдакцыйным калектывам расла ўсё болей. (Хаця, калі разважыць, магло быць і горш.) Пасада мая заставалася ранейшаю — літаратурны кансультант, але аплату для мяне зрабілі зьдзельную, — пачалі плаціць толькі за адказы аўтарам. Набіраліся за месяц капейкі. Сяброў там у мяне не было, ня стала нават з кім пагаварыць ці выпіць. Валянцін Чэкін, зь якім я меў нейкае сяброўства, «завязаў», іншыя хоць і не завязвалі, але дужа асьцерагаліся таго. У газэце, частка тыражу якой выходзіла на беларускай мове, нельга было пачуць ні слова па-беларуску. Усе размаўлялі па-расейску. Апроч хіба аднаго літсупрацоўніка Вячаслава Ката, які ўпарта з усімі, беларусамі і расейцамі, размаўляў толькі па-беларуску, што часьцяком выклікала зьдзіўленьне. Але Вячаслаў цікавіўся беларускай літаратурай, завочна вучыўся ў БДУ, дзе слухаў лекцыі прафэсара Навуменкі. Пасьля, вярнуўшыся дадому, заходзіў да мяне ў кабінэт і загадкава, бы са спачуваньнем пазіраў на мяне. Я здагадваўся, у чым справа, але ні пра што не распытваў.