Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Часам у рэдакцыю заходзіў былы камандзір батарэі Iван Ушчапоўскі, зь якім у нас усталявалася добрае ўзаемаразуменьне. Перажыўшы не адно ваеннае ліха і маючы добрую памяць, ён праўдзіва апісаў малавясёлую старонку вайны — пагібель некалькіх нашых армій пад Вязьмай і Ржэвам, што афіцыйная гісторыя вайны старанна замоўчвала. На жаль, аўтару не хапала літаратурнай пісьменнасьці, і я, шкадуючы матэрыял, зрабіў літаратурны запіс, на што патраціў зіму. Пасьля стараўся прыладзіць яго ў якое-небудзь выдавецтва, ды марна, — ні ў Маскве, ні ў Менску рукапіс не прынялі. Так тыя рэдкія паводле крывавай праўды вайны старонкі і засталіся ненадрукаваныя, аб чым шчыра дагэтуль шкадую.
Мала хто з маіх знаёмых распавядаў пра сваю вайну шчыра, не становячыся на прапагандовыя хадулі. Запомніўся, аднак, фельчар Хандобкін зь ягоным самаіранічным расповедам, як яго з Цэнтральнага штабу партызанскага руху паслалі ў партызаны — высьпяткам выкінулі з самалёту, і ён ледзьве жывы ад страху прызямліўся ў «логаве зьвера». Некалі штосьці падобнае распавядаў паэт Анатоль Астрэйка, які на пачатку вайны разам зь некаторымі іншымі беларускімі паэтамі жыў у гатэлі «Масква», дзе яны выдавалі газэту «Раздавім фашысцкую гадзіну». Астрэйка, аднак, там ня ўседзеў, бо быў беспартыйны, а там атабарыліся паэты-камуністы, якія і даседзелі да канца вайны. За сваю гераічную працу па натхненьні беларускага народу на барацьбу з захопнікамі яны былі ўзнагароджаны ардэнамі баявога Чырвонага сьцягу, Астрэйка ж, што перажыў не адну партызанскую блякаду, атрымаў мэдаль. Сапраўды, Бог няроўна дзеліць. Тым болей начальства — нават адносна жыцьця або сьмерці.
На партыйных і гаспадарчых мерапрыемствах у вобласьці з зайздроснай увагай і смакам абмяркоўваліся «ідэалягічныя дывэрсіі» гродзенскіх літаратараў. Нават патрабавалі адказу ў сакратара абкаму па ідэалёгіі А. Ульяновіча, які ня ведаў, як апраўдацца, але абяцаў «спусьціць штаны» з Карпюка і Быкава. Адна надта кіраўнічая дама, мусіць, хацела апраўдаць Быкава гэткім аргумэнтам: чаго ж вы хочаце ад чалавека, які нават ня скончыў ВПШ, бо ня член партыі? Да таго ж п’е. На тое ёй пярэчылі: але ж Карпюк скончыў інстытут, нават Вышэйшыя літкурсы і ня п’е. Дык куды ж глядзіць абкам КПБ?
Што да выпіваньня, дык тая дама мела некаторую рацыю — за мной быў такі грэх. Асабліва падчас паездак на розныя пісьменьніцкія мерапрыемствы. Аднойчы, памятаю, на пленуме ў Маскве праседзелі з адным маім сябрам увесь дзень у буфэце, дзе, вядома ж, пілі. Але ня толькі пілі, а і вельмі актыўна дыскутавалі з двума ўкраінскімі артадоксамі з поваду перасьледу Віктара Някрасава.
Спрэчка перайшла ў злосную сварку, і мы сварыліся (і пілі) аж да сканчэньня мерапрыемства. Так і не зайшоўшы ў залю.
Тое ж няраз здаралася ў Менску, і Карпюк нават езьдзіў да маіх сяброў сварыцца, што яны спойваюць Быкава. Зь мяне памалу ствараўся вобраз пуставатага абібока і п’янтоса. Я не бурыў той вобраз, я яго падтрымліваў у якасьці пэўнай абароны ад таго, што магло спасьцігнуць адказнага, разважлівага і цьвярозага. I спасьцігла не аднаго. Мяне ж абышло неяк.
У цэнтральных газэтах паявіўся артыкул (ці прамова) начальніка ГЛАВПУРА Савецкай арміі генэрала арміі Епішава, у якім ён сярод іншых расейскіх аўтараў (Еўтушэнка, Вазнясенскі, Аксёнаў) бэсьціў і Быкава. На чарговым партыйным мерапрыемстве ў Доме афіцэраў, куды запрасілі Карпюка, той сказаў са злосьцю: «Калі Епішаў — генэрал, дык хай камандуе войскам, а ня лезе ў літаратуру». Тая ягоная рэпліка выклікала паніку сярод партыйнага кіраўніцтва Горадні. Як Аляксей у чарговы раз пайшоў у абкам, яго туды не пусьцілі. Насьпявала штось не зусім звычайнае.
64. Ленінскі юбілей
У гэткай атмасфэры надышоў 100-гадовы юбілей Леніна, да якога рыхтаваліся, бы да аканчальнай перамогі камунізму. Па гарадах і вёсках ішлі сходы, пленумы, ленінскія сімпозіумы. У Саюзе пісьменьнікаў з гэтай нагоды наладзілі ўрачысты пленум, прыехалі і мы з Карпюком. Я пасядзеў крыху і пайшоў — беспартыйныя сябры запрашалі на пачостку. Карпюк запісаўся ў выступоўцы. Толькі што перад тым па краіне прайшоў ленінскі суботнік, рэпартажы зь якога друкаваліся ва ўсіх газэтах, і Карпюк зрабіў тое тэмай свайго выступленьня. У канцы ён сказаў: