Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Агасфэр (Вечны Жыд) - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Агасфэр (Вечны Жыд)

Электронная книга - «Агасфэр (Вечны Жыд)». Краткое содержание книги:

Але цуд, як і ўсе Ягоныя цуды, пачаўся страшным і велічным відовішчам, як толькі з прасторы прасьцерлася Божая правіца, сягнула праз цэлы сьвет, і ўсе стварэньні сабраліся ў Яго руцэ. Пасьля ўся неабсяжнасьць звузілася, і, як штукар дастае свае аксэсуары - парашочкі й пудэлачкі з эліксірам і костачкі, альбо як кухарка муку, яйкі, алей, так, убачылі мы, Ён узяў з усёй зямлі грудачку пылу й з усіх водаў адну кропельку й з усяго паветра ўгары адну паветрынку й з усяго агню дробную жарынку й гэтыя чатыры слабыя элемэнты-стыхіі - холад, цяпло, сухасьць і вільгаць Ён паклаў сабе на далонь і з таго зьляпіў Адама. І мы павінны былі яму служыць, кажа Люцыпар, усё яшчэ павярнуўшся да мяне, і мусілі былі пачалавечы падладжвацца й пахлебіцца й кланяцца яму й ганараваць яго! І так сказалі анёлы перад абліччам новага Адама: дзеля якое мэты й прычыны стварыў Бог яго з гэтых чатырох стыхіяў, калі ня дзеля таго, каб усё на сьвеце карылася яму й слухалася яго? Ён узяў грудачку пылу зь зямлі, каб усе пылатворныя служылі Адаму, кропельку вады, каб усё ў морах і рэках давалася яму, подых-вятрынку з паветра, каб усё жывое ў паветры было ягонае, жарынку з агню, каб усе агнявыя істоты й духі й магуты падкладаліся пад яго. Хвалеце Госпада ў вышынях.
1 ... 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101
Перейти на страницу:

Больш за тое гэтыя двое разам з забраным імі З. Байфусам выбылі вонкі праз пралом на 8 паверсе дома па Ляйпцыгерштрасэ 61. Трэба ўзяць пад увагу, што не выключалася магчымасць пакідання кватэры рэгулярным шляхам, г. зн. праз дзверы кватэры, па лесвіцы, а пралом быў выкарыстаны толькі ў мэтах маскіроўкі. У кожным разе памянёныя асобы рухаюцца ад дома па Ляйпцыгерштрасэ 61 паветраным шляхам уздоўж Ляйпцыгерштрасэ ў заходнім кірунку да перасячэння Ляйпцыгерштрасэ і Фрыдрыхштрасэ, дзе яны павярнулі на апошнюю, пераляцелі памежныя ўмацаванні ў пункце пераходу граніцы і з заходнеберлінскага боку пункту пераходу з рэзкім наборам вышыні зніклі.

На ўсё гэта ўказвае і знойдзеная паліц. — обермстр. Гіршам на рабочым стале З. Байфуса запіска невядомага паходжання. Нашы расследаванні паказалі, што тэкст у запісцы фактычна паходзіць з Бібліі, г. зн. быў складзены да ўзвядзення памежнай сцяны.

Паколькі да сённяшняй даты З. Байфус нідзе не аб'явіўся і не знойдзена ніякага следу яго, яго знікненне з ГДР належыць разглядаць як неабвержна канчатковае. Ці можна тут гаварыць пра яго захоп альбо пра ўцёкі, канстатаваць канчаткова не ўяўляецца магчымым; супроць апошняга сведчыць той факт, што ніякіх дадзеных аб прысутнасці памянёных на тэрыторыі Федэратыўнай рэспублікі альбо іншых заходніх краін у наяўнасці няма.

З боку Галоўнага аддз. ІІ В (13) робіцца запыт на рашэнне Мін, на прадмет, ці належыць перад тварам міжнародных аспектаў здарэння падключаць да расследавання І А (27), магч. IV G (4).

З сац. прывітаннем

Подп.: Пахнікель, маёр

Гал. аддз. ІІ В (13)

Разьдзел дваццаць восьмы. У якім вучоны супэрінтэндэнт фон Айцэн з дапамогай вучэньня пра прадвызначэньне спрабуе ўвінуцца ад д'ябла, але пры гэтым трапляе ў сетку сваіх жа слоў і сам у трох іпастасях вылятае праз камін

У старасьці мы зьбіраем ураджай жыцьця, і калі яно было добрае й падабалася чалавеку, дык ён багаты й дабраславёны, і, слова Божае, як калісьці ў такога чалавека як Паўль фон Айцэн, якому слова сам Бог уклаў у вусны, пабожна сыходзіць зь іх. У яго ня толькі выходзіць у сьвет «Нямецкі зборнік казаняў» (Deutsche Postille), куды прадумана й старанна ён уключыў усе свае нядзельныя і сьвяточныя пропаведзі, каб ягоныя падначаленыя службовыя браты на будучае ведалі, што й як яны, зь лёгкімі, мясцова абумоўленымі ariatviones, павінны гаварыць сваім авечачкам; ён ня толькі субмітуе прыхільнай публіцы сваё «Хрысьціянскае настаўленьне, як, зыходзячы з двух пастулатаў хрысьціянскага вучэньня і веры, пра сьвятую эўхарыстыю нашага любаснага Госпада Ісуса Хрыста, з чыстай праўды Боскага слова, даказваючы шчырую ісьціну супроць усякага роду сэктаў і аблудаў, можна сьціпла й бяз прыкрай лаянкі весьці казань», і сьпешна прысьвячае яго пасьля заўчаснай сьмерці свайго літасьцівага князя і герцага наступніку Ёгану Адальфу; не, цэлы сьвет, асабліва пратэстанцкі, і на чале яго новы герцаг, згодныя, што без намогі й стараньня супэрінтэндэнта ў Шлезьвігу з герцагства ніколі ня сталася б царства божага, да якога, кажучы словамі прарока Ісаі, натоўп ля мора навяртаецца.

Ідзе да таго, што й хатняга шчасьця не бракуе. Хоць яго жонка Барбара, пасьля таго як схуднела яшчэ больш і высахла да касьцей і пасьля таго, як ён цьвёрда паабяцаў ёй спатканьне ў іншым, лепшым месцы, шчасна спачыла, але дзеці вырасьлі здаровымі й дзельнымі людзьмі, і нават крошка Маргарэтэ нягледзячы на сваё калецтва дасталася пад вянец зь пісарам Вольфгангам Калундам, разам зь якім anno 1610 за забойства іхняга зяця, бургамістра Клаўса Эсмарха з Апэнрадэ, была пакарна сьмерцю; але гэтага яшчэ Айцэн ня ведае наперад, а яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, які з прычыны некаторых ведаў мог бы сказаць пра гэта, маўчыць.

Гер тайны радца таксама не памаладзеў; бародка сівая, акурат як і рэдзенькія валасы на чэрапе, толькі густыя, востра сагнутыя бровы па-ранейшаму чорныя, крыху аддаючы ў рыжаватасьць. Ён шмат езьдзіць, ніхто ня ведае, куды й зь якімі гешэфтамі, але сёньня на месцы, быў пры двары, каб разьвітацца: новым валадарам патрэбны новыя дарадцы, і цяпер ён сядзіць у Айцэнавым пакоі, у каміне гарыць агонь, крошка Маргарэтэ, якая са сваім Калундам ўсё яшчэ жыве ў доме, каб быць пад рукою ў бацькі, праставіла віно, бочачку якога прывёз Лёйхтэнтрагер з далёкіх земляў, сказаўшы, быццам яно было сапраўднай крывёй, — чырвонага віна пі чарку да дна.

— Такое самае, — казаў ён, — як і тады ў Вітэнбэргу, калі я частаваў цябе, і Маргрыт была з намі.

1 ... 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)