Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Апошнія высновы, якія агучыў Манаеў — пра падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі — гэта абсалютна адпавядае рэчаіснасьці. Тое, што народ не выходзіць на вуліцы, гэта ня значыць, што яму падабаецца тое, што адбываецца. Мне падаецца, што ідзе назапашваньне энэргіі і гэта вельмі небясьпечнае назапашваньне. Яно пакуль ня мае формы, але ў любы момант яно можа ператварыцца ў гарачую лаву і заліць усё.
І ўлада гэта разумее, і Лукашэнка разумее. Адносна яго дакладней сказаць, што ён не разумее, а адчувае небясьпеку. І вось у гэтым рэйтынгу ён убачыў небясьпеку. Сам ён яго ведае, я мяркую, у нейкія моманты прасьвятленьня. Я мяркую, што за гэтым стаіць рэальны страх. Навуковец сказаў праўду. І гэта навуковец, які заўсёды кажа праўду, не прыслугоўвае.
Тое, што было агучана на прэсавай канфэрэнцыі — гэта тэатар, я ніколі не магла сур’ёзна ставіцца да прэсавых канфэрэнцыяў Лукашэнкі, гэта заўсёды тэатар аднаго актора. Усё, што кажа прэзыдэнт, ніколі не адпавядае рэчаіснасьці, гэта заўсёды наадварот, заўсёды адно ў галаве, іншае на языку, гэта заўсёды гульня. Я нават не разумею, як журналісты знаходзяць у гэтым тэмы для абмеркаваньня. І гэта адбываецца 17 гадоў.
А насамрэч мы проста рухаемся да прорвы. І навуковец гэта сказаў.
У цяперашняй сытуацыі яго нельга пасадзіць у турму. Хоць прэцэдэнт небясьпечны. Напісаў сёньня артыкул, ён не спадабаўся — цябе ў пастарунак пацягнулі. А там, глядзіш, і ў турму. Гэта такі лацінаамэрыканскі варыянт, да якога мы скочваемся.
Але цяпер нам патрэбныя крэдыты, таму мы спрабуем рабіць добрую міну.
Мы можам прыйсьці да бескантрольнай дыктатуры. Цяпер яна крышачку кантралюецца, крышачку Эўропай, крышачку Расеяй. Нейкая мера яшчэ захоўваецца. Але ўсё можа сарвацца, і ўсё можа быць значна больш змрочным.
Эўропа не да канца разумее, што ў нашай эліты, у нашага народу няма сілаў справіцца з сытуацыяй. І нас нельга сам-насам пакідаць з нашай уладай.
4 сьнежня 2011
Радыё Свабода
Пісьменьніца зь Беларусі Сьвятлана Алексіевіч у мінулую суботу была ўганараваная літаратурнай прэміяй Цэнтральнай Эўропы «Angelus». Прэміяй адзначаная кніга «У вайны не жаночае аблічча», паведамляе Gazeta Wyborcza.
Пры атрыманьні прэміі ў Польскім тэатры ва Ўроцлаве, Сьвятлана Алексіевіч сказала, спасылаючыся на Фёдара Дастаеўскага, што нацыі Цэнтральнай Эўропы паходзяць «з аднаго вар’яцтва — з вар’яцтва сацыялізму».
Дасюль трагедыя і краса ідуць разам. Мы глядзім на трагедыю, і яна падаецца нам прыгожай, і гэта самае страшнае, — сказала Алексіевіч.
Прафэсар Анджэй Завада, які ўваходзіць у журы прэміі «Angelus», падкрэсьліў, што сёлета выбар пераможцы быў вельмі цяжкі. «Кожная з кніг, якія трапілі ў фінал, своеасаблівая і непаўторная», сказаў прафэсар.
Літаратурная прэмія Цэнтральнай Эўропы «Angelus» прызнаецца за найлепшую кнігу з тых, што выйшлі па-польску ў папярэдні год. Выдаўцы могуць вылучаць на яе жывых аўтараў з 21 краіны Цэнтральнай Эўропы. Прэмія складаецца са статуэткі «Angelus» і чэка на 150 тысяч злотых.
10 студзеня 2012
Іван Талстой, Прага
У цыклі «Альфабэт іншадумства» перадачы «Паверх бар’ераў» расейскай службы Радыё Свабода пра асобу Васіля Быкава, ягоную грамадзянскую пазыцыю разважаюць пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, дысыдэнт Валерыя Навадворская і журналіст Сяргей Навумчык.
Алексіевіч : Я памятаю нашы размовы з Быкавым, таму што гэта два мае настаўнікі — Адамовіч і Быкаў. Пра вайну, калі яны казалі, было відаць, што гэта найглыбейшая траўма. Я думаю, што іншадумства ішло адсюль. Я б не сказала, што іншадумства тут дакладнае слова, хутчэй гэта — супраціў. Ішоў адсюль супраціў гэтай сыстэме, якая здавалася з цэмэнту ўся або з чагосьці магутнага, а аказалася ўсё ня так зусім. Так што, я думаю, гэта сілкавалася тымі ідэямі. І гэта ваеннае пакаленьне магутна заявіла сябе, яны моцна сябе падтрымлівалі, гэта я бачыла па сабе, як яны мяне падтрымлівалі, таму што яны падтрымлівалі любую праўду, якая пра той час гучала, паколькі гэта была праўда ня толькі пра вайну, але і праўда пра ідэі, пра гэтую страшэнную ідэю, якая прыняла ў нас такія формы страшэнныя.
Гэта быў час, калі ва ўсіх нас быў вялікі вораг — камунізм. Гэта стала цалкам відавочна на вайне. Калі ў часы ГУЛАГу можна было людзей адаслаць у Сібір, і там гэтыя мільёны гінулі, і ніхто іх ня бачыў, дык на вайне было відаць, як гінулі гэтыя людзі, як яны нічога не каштавалі, і гэта была найглыбейшая траўма для гэтай моладзі, якая і выйграла перамогу. Бо на вайне ваявалі 18 -гадовыя і 20-гадовыя хлапчукі, яны з гэтым прыйшлі і яны прагналі ворага. Але ж яны зразумелі, што ўся праблема ў іншым, што ўся праблема ў гэтай ідэі і, вядома, яны працягвалі гэтую барацьбу ўжо іншымі спосабамі. Адно выходзіла з другога, і справа нават была ня ў тым, што гэтая ідэя выяўлялася нейкімі канкрэтнымі імёнамі — Брэжнеў, Хрушчоў, Малянкоў — яны разумелі, што справа не ў Хрушчове, ня ў Брэжневе, а ў сыстэме.