Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
У нядаўняй катастрофе з параходам «Булгарыя» ў Расеі мяне ўразілі лічбы: са 102 жанчын уратаваліся толькі 32, з 56 мужчын — 26, з 44 дзяцей — толькі 14. Іншымі словамі, выжывалі больш моцныя. Яны адкідалі дзяцей і жанчын ад шлюпак, якіх было няшмат.
Сацыяльны чалавек у экстрэмальнай сытуацыі зьнікае імгненна, застаецца біялягічны. Я думала пра тое, што культура няшмат можа, што не закладзена ў чалавеку мэханізму абароны блізкага, закладзены інстынкт самазахаваньня. І не выпадае спадзявацца, што дасьць вынік культура, палітыка ці нейкая таталітарнасьць — у кожны дом заходзіць і правяраць — гэта нерэальна.
Я мяркую, што адкрытасьць, пра якую гавораць у Нарвэгіі пасьля тэракту — гэта адзіны шлях. Каб чалавечая душа ўсё ж апрацоўвалася. Бо калі замест любові будзе нянавісьць, будзе яшчэ горш. Цалкам бясьпечным грамадзтва ўжо ніколі ня будзе. Мы можам яго зрабіць толькі больш бясьпечным. І толькі любоўю.
Дракахруст: На ваш погляд, ці магчыма нешта падобнае ў Беларусі? Ну ў красавіку нешта падобнае і адбылося. Але я маю на ўвазе нешта падобнае з подбіўкай этнічнай ксэнафобіі. У Беларусі іншаэтнічная грамада не такая вялікая, але і ў Нарвэгіі таксама.
Алексіевіч: Я мяркую, што вельмі кепска, што гэтаму стралку далі магчымасьць выкласьці свае погляды. Правільна, што суд зрабілі закрытым, але тысячы, калі не мільёны, людзей чыталі гэты яго вар’яцкі маніфэст, яшчэ адзін «Майн кампф».
З аднаго боку, мы павінны мець інфармацыю, але зь іншага боку, гэта як вірус — трэба ведаць, што ён ёсьць, але ня трэба пускаць яго ў паветра. Я мяркую, што ўжо нельга казаць, што нейкае грамадзтва можа быць нечым абароненае — правінцыйнасьцю, адсталасьцю ці высокай культурай. Усе ўразьлівыя.
З таго, што нашы ўлады маўчаць аб тэракце ў Менску, не вынікае, што яны нейкім чынам да яго датычныя, хоць і гэта ня выключана. Але я мяркую, што ўлада ў шоку ад таго, што нават пры такім татальным кантролі, як у нашым грамадзтве, яна ня можа пракантраляваць такія рэчы. Гэта вельмі моцна прынізіла і ўразіла таталітарную сьвядомасьць нашай улады. Людзі ня любяць казаць пра тое, чаго яны не разумеюць, калі яны прайгралі і не разумеюць чаму. У гэтым змаганьні з адзіночкай чалавецтва прайграе.
Дракахруст: А ці ня можа здарыцца так, што гэты нарвэскі тэрарыст урэшце даможацца свайго, прыцягне ўвагу да праблемы іншаэтнічнай, іншарэлігійнай іміграцыі? Праблема ж існуе, мы бачым гэта па канфліктах і палітычных пераменах у Эўропе, у Расеі. Ці не атрымаецца так, што ён у пэўным сэнсе выйграе?
Алексіевіч: Зразумела, зь яго зробяць сьцяг нейкія людзі. У Беларусі гэта малаімаверна, але ў Расеі ў яго можа знайсьціся шмат прыхільнікаў, і ў Эўропе такія знойдуцца. Цяперашняя мультыкультурнасьць, тое, што сьвет ператварыўся ў караван-сарай, можа спарадзіць шмат розных складанасьцяў. Я цяпер жыву ў Бэрліне ў вельмі буржуазным раёне, ён вельмі прыгожы, спакойны. Але праз 500 мэтраў, праз чыгунку — там турэцкі раён. Там усё зусім іншае — і людзі, і крамы. І ўвечары лепш туды не хадзіць. Як гэта можа зрасьціся — я ня ведаю. І існуе ўзаемная варожасьць. Яна проста зьмікшыраваная палітыкай, але тое, што напружанасьць ёсьць — няма сумневу.
6 кастрычніка 2011
Радыё Свабода
6 кастрычніка дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) прафэсар Алег Манаеў быў затрыманы каля польскай амбасады, дзе ён зьбіраўся ўзяць удзел у брыфінгу незалежных экспэртаў для дыпляматычнага корпусу. Сацыёляг быў дастаўлены ў аддзяленьне міліцыі і праз амаль тры гадзіны адпушчаны. Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч пракамэнтавала для нашага радыё затрыманьне Манаева і словы наконт гэтай справы, якія прагучалі на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.
Алексіевіч: Я паважаю і заўсёды паважала прафэсара Манаева за тое, што ён застаўся непадкупным навукоўцам. Ён ніколі не працуе ні на апазыцыю, ні на ўладу, ён сапраўды працуе з рэальнасьцю, і ўсе яго высновы — яны заўсёды адкрываюць тое, што насамрэч адбываецца, і ён мае сьмеласьць гэта сказаць. І гэта не падабаецца ні адным, ні другім. Яго абстрэльваюць з абодвух бакоў.
Ён меў сьмеласьць сказаць, што Лукашэнка выйграў выбары. Ня так прыгожа, але ён іх выйграў. Гэта сумленны навуковец, які робіць сваю працу. І такія людзі ў такі складаны час нам патрэбныя, бо мы маем справу са сваімі ідэямі, са сваімі схільнасьцямі — адзін і другі бакі. І ніхто ня ведае, што адбываецца там, на вуліцы, у глыбіні нашай краіны.