Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Я згодная з тым, што савецкую спажывецкую сыстэму мяняць на рынкавую, на эўрапейскі выгляд будзе складана. І зразумела, што калі гэта будзе мяняцца, улада мусіць думаць пра народ, мусіць думаць пра тое, як зрабіць менш балючымі гэтыя перамены. Але палітыкі, якія імкнуцца да ўлады, ня мусяць хлусіць, яны мусяць гаварыць адкрыта, што будзе складана. Гэта сапраўды так. Але інакш свабоду ніяк не заваюеш.
Дракахруст: Як вы ставіцеся да такога фаталістычнага погляду на гісторыю і палітыку: пакуль не прыйшоў час нейкай сыстэме абрынуцца, дык хоць ты на галаву ўстань, што б хто ні прыдумаў, яна ўсе роўна вытрымае і проста раструшчыць лёсы тых, хто паўстае супраць яе. А прыйдзе час, калі ўзьнімецца народ, а ня толькі самаахвярныя актывісты, ну тады ўсё і адбудзецца. Сьвятлана Алексіевіч у прыгаданым інтэрвію «Нямецкай хвалі», гаворачы пра працэсы па справе 19 сьнежня, сказала: «Я абсалютна ня веру ў тое, што ўсе гэтыя ахвяры, думкі, здрада пройдуць бясьсьледна».
А можа і пройдуць. Нехта параўноўвае Лукашэнку з Чаўшэску, маўляў, ёсьць Божы суд і на зямлі, дачакаецца. А чаму не са Сталіным, Мао, Франкам, безьліччу іншых дэспатаў, якія спакойна сабе памерлі ў сваіх ложках, і толькі пасьля іх сьмерці нешта пачало мяняцца? І «ахвяры, думкі, здрада» савецкіх, кітайскіх, гішпанскіх змагароў з тыраніяй — хіба яны пакінулі нейкі сьлед? Прыйшоў іншы час і ўсё зьмяніў. Можа гэта ўжо потым інтэлектуалы прыдумляюць, што сьляды застаюцца?
Алексіевіч: Ёсьць розныя катэгорыі часу — час блізкі і час далёкі. Далёкі час справядлівы. Сёньня мы, маючы факты, можам усё сказаць пра 1937 год. А тады людзі не маглі гэта сказаць, а хто спрабаваў, вельмі дорага за гэта плаціў. Я ня Глоба, але ў мяне ёсьць свой прагноз. Мне здаецца, што ў блізкім часе ўсе мы працуем на перамогу намэнклятуры.
Структуры, якая б аб’ядноўвала, няма, БНФ сам сябе цалкам дыскваліфікаваў у народнай сьвядомасьці. Застаўся адзіны стрыжань у грамадзтве, які прызнаюць усе — ад бамжа да таго самага намэнклятуршчыка — гэта намэнклятура. Яна скарыстаецца плёнам нашых высілкаў, гэта будзе прамежкавы варыянт. Як мы з гэтага выблытаемся ў дэмакратычную, справядлівую прастору?
Мы карыстаемся гэтымі словамі, але дэмакратыю трэба песьціць, для яе патрэбныя свабодныя людзі, якіх сёньня нідзе няма. Паслухаеш нашых апазыцыянэраў, дык яны разважаюць на ўзроўні майго любімага героя Пятра Сільвестравіча.
У Эўропе дэмакратыю песьцяць, як газон, 200 гадоў. У нас няма гэтых гадоў. Намэнклятурная рэвалюцыя будзе прагрэсам у параўнаньні з тым, што мы маем сёньня. У нас цяпер то Андропаў зьяўляецца, то іншая несянеціца. На блізкі час спадзевы ў мяне невялікія.
Дубавец: Я гатовы падзяліць фаталістычны погляд: рабі, што мусіш, і хай будзе, што будзе. Калі казаць пра дэмакратычную частку нашага грамадзтва і асабліва пра лідэраў, мы 15 гадоў чуем, што восеньню яго ня будзе — і заля задаволена чакае да восені. Альбо што праз год яго ня будзе. Гэта мы чуем з 1996 году. І ў дэмакратычных актывістаў ствараецца ўражаньне, што, па-першае, яны вельмі актыўна і плённа працуюць, а па-другое — што яны, як і належыць, чакаюць, калі гэта ўсё абрынецца і абваліцца. На маю думку трэба зьмяніць ракурс бачаньня гэтай праблемы, і някепска, калі гэты ракурс будзе фаталістычны — рабі, што мусіш, і хай будзе, што будзе.
Дракахруст: Наста, Вы знаходзіцеся на пярэднім краі барацьбы. Вы кіруецеся гэтым прынцыпам, пра які нагадаў Сяргей, ці ўсё ж спадзеяцеся, што Вашы высілкі, Вашы пакуты — яны нешта наблізяць, нешта зрушаць?
Палажанка: Безумоўна, усе высілкі і пакуты людзей, якія імкнуцца нешта рабіць, адбіваюцца ў сьвядомасьці людзей. Я як веруючы чалавек усьведамляю, што ў гэтай краіне не адбудзецца нічога да таго моманту, пакуль гэтага не захоча Бог. Мы можам разважаць, што цяперашні крызіс — наступства ранейшай палітыкі. І ў гэтым будзе частка праўды. Але можна глядзець і зь іншага пункту гледжаньня і спытаць, ці не дэманструе Госпад сваю волю ў гэтай краіне, ці не карае ён цяпер людзей, якія ў нечым наракалі на свой лёс, нехта не скарыстаўся той свабодай, якой мусіў, нехта не адстойваў тое, што хацеў. І ў выніку мы маем тое, што маем. Я ведаю, што ўсяму ёсьць свой час. І чалавек яго ня ведае. І ён мусіць рабіць усё, на што ён здольны, ён мусіць выкладацца, ён ня мусіць ляжаць і чакаць, што нешта зрынецца безь ніякага яго ўдзелу. Не — маліся і працуй, гэта мусіць быць лёзунгам тых, хто верыць у нейкія перамены і зьвяртаецца да Госпада ў гэты час. Сапраўды, ты павінен рабіць тое, што ты можаш рабіць, але пры гэтым разумець, што ня ўсё ў тваёй уладзе і ўсяму свой час.