Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Потым Салавей паведаміў, што ў тую нядзелю ў Гатавіцкім лесе, каля «цудатворнай» капліцы, будзе вялікае набажэнства. От там можна і сабрацца ўсім камандзірам атрадаў, узводаў і партыйцам-бальшавікам.
...Як толькі наступаў маладзік, да крынічкі, над якою стаяла замшэлая каплічка, з'язджаліся і сыходзіліся людзі за дваццаць і за трыццаць вёрст. Ішлі калекі і сляпыя са сваімі немачамі, яганчыны і дзядзькі, старыя і дзеці. Вакол капліцы рассаджваліся барадатыя лірнікі і абшарпаныя жабрачкі У царкве правілі аж тры папы: спавядалі, хрысцілі, свянцілі ваду, з пратэсамі хадзілі вакол крыніцы. Збіраліся сюды хлопцы і дзяўчаты. Пастаяць трошкі ў царкве і разыходзяцца купкамі па лузе ды па дубняках. Пасля гэтых набажэнстваў і траплялі кашэвіцкія дзяўчаты замуж у Карпілаўку ды ў Курын, а рудабельскія — у Ляскавічы ці ў Забалацце.
Пры немцах каля капліцы ўжо не было ранейшых кірмашоў, не прадавалі ні ружовых пернікаў, ні доўгіх цукерак з кутасамі. А народу збіралася шмат. Адны — каб памаліцца за душу «убиенного раба божия», другія — набраць святой вады ад ліхаманкі ці ўроку, іншыя — пабачыцца з братам ці сватам, пагаварыць з кумам, якога даўно не сустракаў. А маладыя, як казалі вясковыя бабулькі,— каб пакруціць хвастамі.
Апошні час да капліцы хадзілі «недавяркі» і «кааператыўшчыкі», лузалі гарбузікі, смяяліся, пілі свянцоную вадзічку і бадзяліся па лесе.
У гушчар ляснымі сцежкамі прыходзілі Салавей з Ляўковым, Пракоп Малаковіч з Лявонам Адзінцом. Вакол іх лажыліся на траву хлопцы з Каткі і Зубарэвіч, Пікавы і Завалёнаў. Для прыклепу ставілі пляшку, раскладалі лусты хлеба з салам, каб часам які-небудзь Каленік не расшалопаў, што і тут сабраліся «рэўкомшчыкі», або калі наскочыць нямецкі афіцэр з патрулямі,— няхай усё выглядае, як у людзей.
Камандзіры ўзводаў расказвалі, хто яшчэ запісаўся ў партызаны, колькі ёсць вінтовак і дубальтовак. Але ўсе ў адзін голас жаліліся, што мала патронаў і пораху.
Хлопцы за пазухі распіхвалі свежанькія лістоўкі, аддрукаваныя ў Смаленскай і ў Бабруйскай друкарнях ці адціснутыя на шапірографе. Збіраліся невялічкімі кампаніямі і разыходзіліся хто куды. У розныя бакі ішлі і рэўкомшчыкі. Начаваць ім на адным месцы не выпадала: Харомнае, дзе Аляксандраў бацька арандаваў зямлю, было гняздом лютых шляхцюкоў, там кожны гатоў быў Раманавага сынка жыўцом падсмажыць на ўласным мезенцы. Таму Аляксандр дзе дняваў, там не начаваў. Толькі Марылька і ведала братаў прыстанак. Прыходзіла часам да яго, прыносіла чыстую кашулю, а калі-нікалі і скварку.
Пад восень разам з Цімохам Валодзькам на кааператыўнай фурманцы Аляксандр паехаў у Бабруйск.
Пропуск яму выдаў валасны стараста Міхал Званковіч і сказаў:
— Тут, браце, усё па форме. Хоць да самога Вільгельма едзь, ні адзін сабака не гаўкне.
І праўда, ехалі як мае быць. Разы са тры спынялі нямецкія патрулі. Гляне каторы на вялікую сінюю пячатку з арлом, ткне назад цупкую карталюшку, буркне: «Fahr!»[10] — і зноў ляскочуць колы па выбоінах і лужынах шляху.
У Бабруйску Цімох паехаў на склад да Ліакумовіча, а Салавей злез каля знаёмай чайной. За сталамі сядзела некалькі вясковых дзядзькоў са сваімі торбамі. Пілі чай гаманкія бабруйскія рамізнікі і мурзаты чыгуначны качагар. З баковачкі зіркнулі прыгожыя чорныя вочы тае самае Розы, якую Аляксандр бачыў і тут і ў кнігарні старога Агала.
Яна спачатку падышла да качагара, паставіла перад ім талерку бульбы з селядцом, потым пачала змятаць крошкі са стала, за якім сядзеў Аляксандр. Яна ледзь прыкметна ўсміхнулася яму і шапнула:
— Каля могілак на Інваліднай вуліцы, у доме чатырнаццаць, спытайце, ці не трэба дровы. Калі пацікавяцца, якія, адкажыце — грабовыя.— А праз хвіліну прынесла дзве шклянкі цыкорыі, сунула ў кішэньку маркі і знікла за шырмачкай.
Аляксандр выпіў абедзве шклянкі горкай цыкорыі, выйшаў з чайной і падаўся ўніз па Скобелеўскай вуліцы. Каля лазні завярнуў на глінішчы і нарэшце выбіўся на вузкую брудную вулачку. Як толькі ён увайшоў у цёмныя сенцы, дзверы з хаты адчыніліся, і Аляксандр адразу пазнаў рудаватую чупрыну Барыса Наймана. Ён стаяў з намыленай шчакою і з брытваю ў руцэ. Аляксандр узрадаваўся яму, як роднаму брату.
10
Едзь! (ням.)