Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
— Ідзіце, — пасля пэўнага вагання сказаў Хоскінс.
Цімі кінуўся ёй насустрач. Апошні раз ён падбег да яе, і яна апошні раз прытуліла яго да сябе.
Нейкае імгненне яна моўчкі туліла яго, сціскала ў абдымках. Потым падсунула нагою да сцяны табурэтку і села.
— Не бойся, Цімі.
— Я нічога не баюся, калі вы са мною, міс Фэлоўз. Гэты чалавек вельмі злуецца на мяне, той, што застаўся за дзвярыма?
— Не. Ён проста нас з табою не разумее… Цімі, ты ведаеш, што такое маці?
— Гэта як мама ў Джэры?
— Ён расказваў табе пра сваю маці?
— Зрэдку. Мне здаецца, што маці — гэта жанчына, якая пра цябе клапоціцца, якая да цябе добра ставіцца і робіць табе шмат добрага.
— Правільна. А табе калі-небудзь хацелася мець маці, Цімі?
Цімі адкінуў галаву, каб убачыць яе твар. Ён паволі працягнуў руку і пачаў гладзіць яе па шчацэ і валасах, як некалі даўным-даўно, у першы дзень яе з'яўлення ў Стасісе, яна сама гладзіла яго.
— А хіба ты не мая маці? — спытаўся.
— О Цімі!
— Вы злуецеся, што я так спытаўся?
— Не, што ты, вядома, не.
— Я ведаю, што вас завуць міс Фэлоўз, але… іншы раз я сам сабе заву вас мамай. У гэтым няма нічога кепскага?
— Не, не! Я ніколі не пакіну цябе, і з табой нічога не здарыцца. Я заўсёды буду з табой, заўсёды буду клапаціцца пра цябе. Скажы мне: «Мама». Але так, каб я чула.
— Мама, — задаволена вымавіў Цімі, прытуліўшыся шчакой да яе твару.
Яна паднялася і, не выпускаючы яго з рук, узлезла на табурэтку. Яна ўжо не чула шуму і крыку за дзвярыма. Свабоднай рукой яна схапілася за працягнуты ў сцяне шнур і ўсім цяжарам павісла на ім.
Стасіс быў прарваны. Пакой апусцеў.
Ліно Альдані
Месяц дваццаці рук
— Дэвід Портленд, да дошкі! — сказаў настаўнік Крупэн, падняўшы вочы ад класнага журнала.
Дэвід чамусьці адсунуў кнігі і сшыткі і нарэшце вылез з-за парты.
— Ты вывучыў урок па астраноміі?
— Вядома, спадар настаўнік.
— Выдатна. Скажы, колькі прыродных спадарожнікаў у планеты Сатурн?
— Дзесяць, спадар настаўнік.
— Добра. Назаві іх і скажы ў храналагічным парадку, калі яны былі адкрыты.
— Тытан, — няўпэўнена пачаў Дэвід, — Япет, Рэя, Дыёна, Тэфія, Энцэлад, Мімас, Гіперыён… — Тут ён запнуўся і, пачырванеўшы ад напружання, утаропіўся ў наскі чаравікаў.
— Добра, далей, — падбадзёрыў яго настаўнік. — Не хапае яшчэ двух: Феба і?..
— Феба і Тэміс.
— Правільна. Ну, а цяпер другое пытанне. Як яшчэ называюць Тытан?
— Тытан? Яго называюць «Месяцам дваццаці рук».
— Растлумач чаму?
— Не ведаю, спадар настаўнік.
— А трэба было б ведаць, Дэвід, — з дакорам сказаў настаўнік. — Я задаў на сёння прачытаць урывак з дадатку да падручніка. Калі б ты яго прачытаў, дык змог бы адказаць на маё пытанне.
— Так, спадар настаўнік, але я… не захацеў яго чытаць.
— Чаму ж?
Дэвід Портленд завагаўся, але потым глянуў на настаўніка і выпаліў:
— Бо я не люблю астраноміі.
У класе зрабілася вельмі ціха. Здзіўленыя позіркі вучняў быццам былі прыкаваныя да твару Дэвіда. Настаўнік Крупэн паблажліва ўсміхнуўся.
— Праўда, не люблю, — больш смела паўтарыў Дэвід. — Цярпець яе не магу. І потым… навошта яна мне, гэтая астраномія? Касманаўтам быць я не збіраюся. Я хачу быць хірургам, як і мой бацька. І не на нейкай планеце, а тут, на Зямлі.
Настаўнік зноў усміхнуўся:
— Ці не ранавата ты выбраў сабе прафесію? Раптам перадумаеш?
Дэвід крыху разгубіўся. Пад уважлівым позіркам настаўніка ён прыкрыў далонню вочы.
— Дай мне тваю кнігу, Дэвід.
Настаўнік узяў падручнік, зазірнуў у змест, хутка пагартаў старонкі.
— Вось, трымай, — сказаў ён, працягваючы Дэвіду разгорнутую кнігу. — Прачытай вось тут. Гэта апавяданне невядомага аўтара дваццаць першага стагоддзя. Чытай больш уважліва. Я выклічу цябе яшчэ раз.
Дэвід нізка апусціў галаву і пад хіхіканне сяброў паплёўся на месца. Ён цяжка ўздыхнуў, скрывіў з'едлівую морду адразу ўсяму класу і паглыбіўся ў чытанне.
Ці знаёма вам, хоць у агульных рысах, будова аднаклетачнага арганізма? Дык вось, касмічны карабель «Ібіс» быў падобны на такі арганізм. Ён не быў змантаваны ці сабраны па частках, яго абшыўку не зварвалі і не змацоўвалі балтамі. Адным словам, ён зусім не нагадваў механізма, у якім асобныя часткі можна зняць і замяніць. Не, корпус «Ібіса» быў цэльны, і, ствараючы яго, вучоныя строга прытрымліваліся прынцыпаў навейшай тэорыі малекулярных сіл. Знешне «Ібіс» нічым не адрозніваўся ад сучасных касмічных караблёў, хіба толькі быў крыху меншы і не такі ходкі. Не спрачаюся, у яго канструкцыі былі нейкія дэфекты, але шэсцьдзесят гадоў назад, калі «Ібіс» накіраваўся ў свой першы палёт і праект Крузіўса і Благовіча стаў рэальнасцю, усе славілі новы цуд тэхнікі.