Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
У «Ібіса» было электрамагнітнае кіраванне. Крузіўс і Благовіч бліскуча даказалі на практыцы, што касмічным караблям для міжпланетных падарожжаў больш не трэба рэактыўнае паліва. Асобы паскаральнік «антыграў» — генератар антыгравітацыйнага поля — дазваляў караблю лёгка пераадольваць любыя прасторы па гравітацыйных лініях, якія пранізвалі космас. Гэта было сапраўды геніяльнае адкрыццё, сапраўдны пераварот у тэхніцы.
Дзве тысячы дваццаць пяты год азнаменаваў сабою канец атамнай і пачатак электрамагнітнай эры. Але, на жаль, гэты год стаў адным з сама трагічных у гісторыі чалавецтва. Ледзь толькі «Ібіс» бліскуча закончыў трэці пробны пералёт Зямля — Марс — Зямля, як на нашай планеце нечакана для ўсіх успыхнула страшная эпідэмія жоўтай чумы.
Цяпер, відаць, толькі сама старыя людзі помняць пра тыя кашмарныя дні. Аднак, я ў гэтым не ўпэўнены, вядома ж, што падзеі, якія адрозніваюцца асаблівай жорсткасцю, міжвольна выклікаюць абарончую рэакцыю ў чалавечым мозгу, і амаль заўсёды ўступае ў дзеянне закон падсвядомага аптымізму, які прымушае нас забыць усё непрыемнае. Так ці інакш, але няма ніводнай кнігі па гісторыі і медыцыне, у якой не ўпамінаўся б той злашчасны год. Падлічана, што за паўгода эпідэмія забрала паўтара мільярда людзей — амаль палову насельніцтва Зямлі. І калі другой палове пашчасціла ўцалець, то гэтым зямляне абавязаны ксемедрыну, які здабывалі на Тытане, і касмалёту «Ібіс», які з нечуванай хуткасцю даляцеў да шостага спадарожніка Сатурна.
Палёт не быў небяспечны. Дагэтуль чалавек ужо не раз ступаў на паверхню спадарожнікаў Сатурна. Больш таго, ён пранік на планету Ўран, змог абляцець і дасканала вывучыць усю Сонечную сістэму — і ўсё гэта на цяпер ужо ўстарэлых атамных караблях.
Адным словам, «Ібісу» не пагражала сур'ёзная небяспека. Не было падстаў баяцца і якіх-небудзь нечаканасцей.
На самай справе, трыццацідзённы палёт праходзіў вельмі добра. Але пры пасадцы на Тытан здарылася невялікая аварыя — быў пашкоджаны антыграў.
Толькі праз двое сутак камандзіру карабля Арнэ Лагерсану і інжынеру-пілоту ўдалося выявіць, што, хоць індыкатар стаіць на адзнацы «нармальна», каштоўная энергія антыгравітацыйнага ўстройства катастрафічна памяншаецца.
— Мы часам падобныя на паганятага вярблюдаў у пустыні, які вельмі спакойна ідзе на чале каравана і не заўважае, што ў яго дзіравы бачок з вадой, — сказаў Арнэ Лагерсан.
У навігацыйны салон, дзе сабраўся камандны састаў карабля, увайшоў борт-інжынер Аляксей.
— Я ўмацаваў злучальныя кабелі і агледзеў увесь комплекс антыграва, цяпер усё ў парадку, — далажыў ён і паглядзеў на свае перапэцканыя ў масле рукі. — Падумаць толькі! Двое сутак мы спакойна спалі і елі і нават не здагадваліся, што ў кандэнсатарах уцечка. Я гатовы сам сябе адлупцаваць.
— Перастань, — сказаў другі пілот Фултан. — Я ўсё думаю, як гэта магло здарыцца?
Арнэ Лагерсан адышоў і прымасціўся ў кутку. Ён нерухома глядзеў проста перад сабою, раз-пораз ціха пахрустваючы пальцамі. Да яго падсеў Фултан.
— Магчымасць уцечкі энергіі ў антыграве прыкладна адна тысячная, — сказаў ён. — Улічы таксама, што сапсаваўся ахоўны клапан. Мала таго, адмовіў і аварыйны клапан. Гэта ўжо занадта.
Лагерсан у адказ толькі паціснуў плячамі.
— Нічога не разумею, — працягваў Фултан. — Тысяча, памножаная на мільён, дае мільярд. Чуеш, Арнэ? Імавернасць была адна мільярдная. Пашанцавала, няма чаго сказаць!
— Твае разлікі недакладныя, — сказаў Лагерсан. — Пасадка была не вельмі ўдалая, і многія клапаны выйшлі з строю. Што ж у гэтым дзіўнага? Так ужо здарылася, і цяпер нам даводзіцца туга. А што паказвае індыкатар антыграва?
— Мала суцяшальнага. Пакуль шэсцьсот пяцьдзесят кілаграмаў ніжэй крайняй нормы. Але калі ўлічыць, людзі і механізмы важаць тысячу шэсцьсот кілаграмаў, то няцяжка падлічыць. На караблі дзевяцьсот пяцьдзесят кілаграмаў лішняга грузу.
Лагерсан да болю закусіў вусну і з жалем пакруціў галавой:
— Дрэнь нашыя справы, Фултан.
— Ды ўжо горш няма куды. — Фултан агледзеўся па баках, быццам толькі адным поглядам хацеў акінуць усё навокал.
— Нялёгка будзе скінуць гэтыя лішнія дзевяцьсот кілаграмаў.